Артыкулы: Халопенічы

Халопенічы (цяпер гарадскі пасёлак у Крупскім р-не, Рэспубліка Беларусь), мястэчка ў Аршанскім пав., потым горад, цэнтр Аршанскага пав. У сярэдзіне 15 ст. Х. валодаў князь Федзька Даўгоўдавіч, пасля смерці ягога ў 1451 былі перададзены вял. князем Казімірам у валоданне канцлеру ВКЛ Міхаілу Кезгайлу (першае ўпамінанне Х. у гіст. крыніцах, у форме «Хлопавічы»). Пасля смерці М.Кейзайлы (1476) Х. перайшлі да яго пляменніка Мікалая Янавіча Кезгайлы (вял. маршалк ВКЛ, памёр у 1512) і яго прамых нашчадкаў. Пасля згасання Кезгайлаў (1554) іх уладанні, у т.л. Х., былі падзелены паміж іх сваякоў — Завішаў, Шэметаў, Дарагастайскіх. Долі ў Х. мелі Вішнявецкія, Захарэўскія, Валадковічы, Кішкі, Давыд Нароўнік, Пётр Нонхард. Да 1620 практычна ўсе часткі Х. набыў аршанскі харужы (потым падкаморы) Мікалай Млечка, які ператварыў Х. у цэнтр буйнога маёнтка. Каля 1638 ён пабудаваў у Х. касцёл, а пры ім — кляштар кармелітаў (існаваў да канца 17 ст.). Касцёл стаў цэнтрам фарміравання мястэчка Х. (вядома з 2-й пал. 17 ст.). У 1626 у Х. устаноўлена маставое мыта. У 1641 праведзена размежаванне Халопеніцкага маёнтка з каралеўскай Барысаўскім стараствам. Пасля смерці Млечкі (1644) Х. валодала яго ўдава Дарота Пакашаўна, прадстаўнікі роду Млечкаў. З 2-й пал. 1670-х г. уласнікамі Х. былі навасельскі стараста Гедэон Аляксандр Халецкі (памёр у 1696) і яго жонка Яўфімія Млечка (памерла ў 1700). Х. адышлі іх сыну навасельскаму старасце Марцыяну Дамініку Халецкаму (памёр у 1725). Паводле няпэўных звестак, ён у 1703 заснаваў у Х. дамініканскі кляштар і драўляным касцёлам (згарэў у 1844). Ён пачаў аддаваць маёнтак у шматгадовую заставу, адначасова юрыдычнае права ўласнасці пераходзіла да яго нашчадкаў. Застаўнымі трымальнікамі Х. у сярэдзіне 18 ст. былі мазырскі харужы Аляксандр Пшаздзецкі, оўруцкі чашнік Марцыян Міхалоўскі, Казімір Баратынскі і інш. Юрыдычнымі ўладальнікамі маёнтка былі дочкі М.Д.Халецкага Яўфімія і Тэкля, пасля іх нашчадкі з родаў Халецкіх, Масальскіх, Ажэшкаў-Астрэйкаў. У 1742 палову Х. купіў вярбілаўскі стараста Марцыян Храптовіч (у гэты час Халопеніцкі маёнтак упершыню названы графствам), а ў 1743 узяў у заставу другую палову. У 1766—95 на такіх жа правах валодаў Х. яго сын канцлер ВКЛ І.І.Ю.Храптовіч. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Х. сталі цэнтрам Аршанскага пав. (асноўная частка павета адышла да Рас. імперыі), што ўзаконена соймавай канстытуцыяй ад 19.5.1774 і каралеўскім прывілеем ад 6.2.1775. У 1775 адкрыта 3-класная школа Адукацыйнай камісіі. Каралеўскі прывілей 17.10.1777 санкцыянаваў правядзенне ў Х. 4 кірмашоў на год. У 1783 І.І.Ю.Храптовіч надаў гораду значныя эканамічныя свабоды, што садзейнічала гаспадарчаму ўздыму і наплыву збеглых сялян з інш. маёнткаў, у т.л. з-за рас. мяжы. У 1784 рас. ваенны атрад напаў на Х. для захопу беглых. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Pietkiewicz K. Kieżgajłowie i ich latyfundium do połowy XVI wieku: Ze studiów nad rozwojem własności ziemskiej w Wielkim Księstwie Litewskim w Średniowieczu. Poznań, 1982;

Паўловіч С.І. Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Беларусі як крыніца па канфесійнай гісторыі // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 1;

Насевiч В.Л. Лукомль i Лукомльская воласць // Гiст.-археал. зб. Мінск, 1994. № 4;

Dumin S., Rachuba A., Sikorska-Kulesza J. Ciechanowieccy herbu Dąbrowa. Warszawa, 1997;

Брэгер Г. Хацюхова: Гісторыя невялікага паселішча. Мінск, 2001;

Мыцык Ю. Што часцей запісвалі дзеля памяці яшчэ 400 гадоў назад // Голас Радзімы. 2007. 26 ліп.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.