Артыкулы: Цадроўскі Ян

Цадроўскі Ян (Cedrowski Jan) (3.3.1617, в. Пагост каля Слуцка—29.1.1688) — грамадска-палітычны дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст. Падчашы новагародскі. Кальвініст.

З кальвінісцкай шляхецкай сям’і герба «Адравонж». Бацька — Ян (?—20.9.1640), пасол на соймы 1626, 1632, 1634, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Маці — Соф’я з Цёлкаў-Камароўскіх (?—16.6.1670), у другім шлюбе з 1648 за Філонам Тышкевічам, суддзёю земскім менскім (?—1648).

З 1631 вучыўся ў Каралявецкім універсітэце (Прусія), з 1636 у Кракаўскім універсітэце. У 1637—1669 на службе ў князя Багуслава Радзівіла. Да 1639 суправаджаў яго ў падарожжы па Германіі, Даніі, Галандыі, Францыі і Англіі. У 1643 асеў у Старой Вёсцы на Падляшшы як радзівілаўскі ўраднік. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 16541667 у 1656 менская шляхта паслала Цадроўскага да цара Аляксея Міхайлавіча з просьбай не прыцягваць яе да будаўніцтва Менскага замка і захаваць старыя шляхецкія судовыя правы (Цадроўскі заспеў цара ў Друі і суправаджаў яго да Рыгі). У 1658 удзельнічаў у баі супраць маскоўскага атрада каля Каменя Харэцкага. У 1660 далучыўся да войска Стафана Чарнецкага, якое ішло ад Свержаня да Бярэзіны. 10 разоў выбіраўся паслом на соймы, у тым ліку на элекцыйны сойм Міхала Вішнявецкага, 2 разы — дэпутатам Трыбунала ВКЛ.

Аўтар мемуараў (без назвы) на польскай мове, якія асвятляюць падзеі 1617—1682 і складаюцца з 2 частак. 1-я частка (скончана ў 1672) змяшчае кароткія аўтабіяграфічныя нататкі, дзе апісана грамадска-палітычная дзейнасць аўтара, падзеі часоў вайны з Расіяй. 2-я частка (скончана ў 1682) складаецца пераважна з запісаў пра смерць сваякоў і знаёмых Цадроўскага, апісвае расправу католікаў над віленскімі кальвіністамі ў 1682. Мемуары — цікавая гістарычная крыніца. Упершыню апублікаваны ў 1855 у часопісе «Временник Императорского Московского общества истории и древностей российских» (кн. 23). Аўтограф мемуараў адкрыў Тэадор Нарбут і ў 1828 перадаў яго Віленскаму ўніверсітэту; цяперашняе знаходжанне рукапісу невядома.

Жонкі: Марыяна Швяйкоўская (?—5.3.1649, шлюб 16.2.1648, дачка харужага новагародскага Самуэля Швяйкоўскага), Ганна Мірская (?—31.3.1660, шлюб 30.10.1650, дачка стражніка ВКЛ Рыгора Мірскага), Соф’я Рымвід (шлюб 6.6.1667, дачка Гельяша Рымвіда).

Дзеці: Рыгор (12.9.1651—?), Кацярына (24.10.1653—30.11.1655), Тэафіля (29.7.1655—?, у шлюбе з 25.2.1672 за Крыштафа Мацкевіча), Самуэль (15.12.1657—16.12.1657).

Творы:

Записная книга Яна Цедровского… // Временник Императорского Московского общества истории и древностей российских. Кн. 23. М., 1855. С. 13—33. (Польскі тэкст і расійскі пераклад).

Dwa pamiętniki z XVII wieku. Jana Cedrowskiego i Jana Floriana Drobysza Tuszyńskiego / Wydał i wstępem poprzedził Adam Przyboś. Wrocław; Kraków: Zakład imienia Ossolińskich — Wydawnictwo, 1954.

Dwa pamiętniki z XVII wieku. Jana Cedrowskiego i Jana Floriana Drobysza Tuszyńskiego / Wydał i wstępem poprzedził Adam Przyboś. Wrocław: Oss, 2006.

Коршунаў А.Ф. Успаміны Яна Цадроўскага // Беларуская літаратура. Вып. 5. Мінск, 1977. (Беларускі пераклад).

Цадроўскі Ян. Успаміны // Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. / Укладанне, уступны артыкул і каментарыі А.Ф.Коршунава. Мінск: Навука і тэхніка, 1983. С. 123—153. (Беларускі пераклад).

Падрабязнасці:

Bartoszewicz Julian. Pamiętnik J.Cedrowskiego // Biblioteka Warszawska. 1856. T. III.

Konarski Szymon. Szlachta kalwińska w Polsce. Warszawa, 1936. S. 38—39.

Mienicki Ryszard. Cedrowski Jan // PSB. T. III. Kraków: Nakładem Polskiej Akademii Umiejętności, 1937. S. 215—216.

Chmielewska Mieczysława. Sejm elekcyjny Michała Korybuta Wiśniowieckiego 1669 roku. Warszawa: Wydydawnictwo Sejmowe, 2006. 287 s., il.

Голубеў В.Ф. Мінск і Міншчына XVII ст. ва ўспамінах Яна Цадроўскага (1617—1682 гг.) // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Сацыяльныя структуры і паўсядзённасць (да 945-годдзя Мінска). Зборнік навуковых артыкулаў. Мінск: Беларуская навука, 2012. С. 160—163.

© Валерый Пазднякоў, 2006, 2016

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.