Артыкулы: Цёлак (Ciołek) Эразм

Цёлак (Ciołek) Эразм (псеўд. Вітэлій, Vitelius; 1474, Кракаў—9.9.1522), дзяржаўны, царкоўны і культурны дзеяч Польшчы і ВКЛ, гуманіст, мецэнат. З мяшчан. У 1485—91 вучыўся ў Кракаўскай акадэміі, дзе атрымаў званні бакалаўра (1487) і магістра (1491); выкладаў там у 1491—93.Наладзіў сувязі з кракаўскімі гуманістамі, у т.л. з Калімахам. У 1494—1500 працаваў у велікакняжацкай канцылярыі Аляксандра ў Вільні, пасля ў кароннай канцылярыі. Віленскі канонік з 1499, пасля дэкан і прэпазіт, з 1502 канонік кракаўскі, пазней пазнанскі, куяўскі і вроцлаўскі, з 1503 біскуп плоцкі. У 1501—02 і 1504—06 узначальваў пасольствы Аляксандра да рымскага папы; дамогся ад яго зацвярджэння Тарунскага міру 1466. У 1518—21 узначальваў пасольства да германскага імператара ў Аўгсбургу і да рымскага папы, у склад якога ўключыў М.Гусоўскага. У 1521 з-за асабістых амбіцый быў вызвалены ад абавязкаў пасла і застаўся ў Рыме, дзе і памёр (пахаваны ў касцёле Санта-Марыя дэль Попала). Падтрымліваў перапіску з многімі манархамі Еўропы, царк. іерархамі, пісьменнікамі і вучонымі. Выдаў свае дыпламатычныя прамовы. Цікавіўся антычнай л-рай, геаграфіяй (меў выдатны збор карт), музыкай (трымаў уласную капэлу). Сабраў каштоўную б-ку, для якой заказваў ілюмінаваныя кнігі. Апекаваў таленты ў Польшчы і ВКЛ. Паводле яго прапановы Гусоўскі для рымскага папы Льва X напісаў паэму «Песня пра зубра». На надмагіллі В. змешчана эпітафія аўтарства Гусоўскага. Дзейнасць В. садзейнічала пашырэнню рэнесансава-гуманістычных поглядаў у Беларусі і ведаў пра яе ў Еўропе.

Літаратура:

Hartleb K. Działalność kulturalna biskupa-dyplomaty E.Ciołka. Lwów, 1929;

Folwarskі H. Erazm Ciołek: Biskup і dyplomata. Warszawa, 1935.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.