Артыкулы: цэхі

цэхі (ад ням. Zeichen знак), аб’яднанні рамеснікаў адной ці некалькіх прафесій у феадальных гарадах. Ствараліся з мэтай абароны рамеснай вытворчасці ад самавольства феадалаў, канкурэнцыі інш. рамеснікаў ва ўмовах вузкага ўнутранага рынку, манапалізацыі вытворчасці і збыту прадукцыі, абароны агульных і асабістых правоў. Унутраная дзейнасць Ц. вызначалася статутамі, якія рэгламентавалі выраб і збыт прадукцыі, якасць сыравіны і гатовых вырабаў, тэхналогію вытворчага працэсу, час і ўмовы работы, арганізацыю навучання і інш. Статуты Ц. у дзярж. гарадах ВКЛ зацвярджаліся вял. князем (каралём), у прыватных гарадах і мястэчках — іх уладальнікамі-феадаламі. Ц. кантралявалі паводзіны сваіх членаў, наладжвалі ўзаемадапамогу. На Беларусі першыя Ц. ўзніклі ў 15 ст. з наданнем гарадам магдэбургскага права (ім папярэднічалі аб’яднанні рамеснікаў — брацтвы, якія не мелі пісьмовых статутаў), пашырыліся ў 16 ст. У цэлым бел. Ц. развіваліся на зах.-еўрапейскі ўзор, аднак мелі некат. асаблівасці: яны спалучалі традыцыйныя нормы рамесных аб’яднанняў з новаўвядзеннямі магдэбургскага права; пераважалі мяшаныя Ц., якія складаліся з работнікаў некалькіх спецыяльнасцей; для іх характэрна канфесіянальная цярпімасць. На чале Ц. стаялі цэхмістры (старасты), якіх выбіралі штогод; паўнапраўнымі членамі Ц. былі майстры,ім падпарадкоўваліся падмайстры, чаляднікі («таварышы»), вучні («хлопцы»). У некаторых Ц. выбіраліся дапаможныя службовыя асобы — ключнікі, сталовыя, шафары,пісары, інстыгатары. Цэхавыя рамеснікі знаходзіліся пад юрысдыкцыяй магістрата іфеадалаў. Ц. ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці горада, неслі вайсковую і інш. павіннасці на карысць дзяржавы і ўладальніка горада. Пераважалі Ц. па апрацоўцы металу; пашыраны — па апрацоўцы скур, вырабе адзення, хатняга начыння, будаўнічыя. Для разбору выпадкаў парушэння цэхавых статутаў, цяжбаў і прэтэнзій паміж майстрамі склікаліся спец. сходкі Ц. (праз 2 тыдні або па меры неабходнасці), у гэтым выпадку Ц. ператвараўся ў суд. Права судовага разбору і вызначэння меры пакарання належала цэхмістрам (у некаторых выпадках разам са старэйшымі майстрамі). Апеляцыйным органам для цэхавага суда была гар. рада. У 2-й пал. 18 ст. Ц. ў дзярж. гарадах падначалены камісіям добрага парадку, якія пачалі рэформу цэхавых статутаў, імкнучыся захаваць манапольны характар рамесных аб’яднанняў.

Літаратура:

Клименко Ф.В. Западно-русские цехи XVI—XVIII вв. Киев, 1914;

Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI—первой половине XVII в. Мн., 1966;

Яго ж. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI—первой половине XVII в. Мн., 1975;

Грицкевич А-П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (социально-экон. исслед. истории городов). Мн., 1975;

Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII—первой половине XIX в. Мн., 1987.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.