Артыкулы: Чарэя

Чарэя (цяпер вёска ў Чашніцкім р-не, Рэспубліка Беларусь), мястэчка ў Аршанскім пав., потым горад, цэнтр Віцебскага ваяводства. Першапачаткова была вёскай у Лукомскім княстве. Вядома з сярэдзіны 15 ст. Не пазней за 1453 вял. кн. Казімір IV падараваў баярыну Дашку «Канстанцінаву жонку ў Чэрсех», а маршалку Войтку — 2 сялянскія сям’і ў «Зареи» (мяркуецца, што гэта скажоныя назвы Ч.). У сярэдзіне 15 ст. маёнтак Ч. належаў сынам баярына Івана Чарэйскага: Місаілу (смаленскі епіскап, потым кіеўскі мітрапаліт), Міхаілу Пструху, Дашку, Сеньку. У 1454 Місаіл разам з братам Мiхаiлам заснаваў Чарэйскі Троіцкі манастыр. У выніку шлюбных сувязяў хутка Ч. перайшла ў род Сапегаў (яго старэйшай, чарэйскай, лініі). У 1475 Багдан Сапега заключыў шлюб з княжной Фядорай Друцкай-Саколінскай, маці якой, княгіня Марыя Друцкая-Саколінская была пляменніцай Місаіла. Апошні у 1475 перадаў Б.Сапегу права апекі над Чарэйскім манастыром пасля сваёй смерці. На падставе гэтага запісу Сапега ўзаяў пад сваю ўладу Ч. і інш. царкоўныя ўладанні. Князі Друцкія-Саколінскія пачалі з Сапегам судовы працэс за права ўладання Ч. і інш., але ў 1496—97 вял. кн. Аляксандр прызнаў правы Сапегі на гэтыя маёнткі. Пасля смерці Б.Сапегі (каля 1512) Ч. валодалі Сапегі: Іван Багданавіч (да 1546), Іван Іванавіч (да 1580), Леў Іванавіч (1591—1633), Казімір Леў (да 1656), Павел Ян (да 1665), Бенядзікт Павел (да 1707), Міхал Юзаф (да 1735?), Казімір Леан Кароль (да 1738), Міхал Ксаверый (1753—66), Александр Міхал (да 1793), Францішак (да 1802). Пры Л.І.Сапегу Ч. стала цэнтрам вял. маёнтка, які ў 18 ст. называўся Чарэйскае графства. Пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 Ч. знаходзілася ў Аршанскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Ч. была цэнтрам Віцебскага ваяводства (асноўная частка ваяводства адышла да Рас. імперыі). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Насевiч В.Л. Лукомль i Лукомльская воласць // Гiст.-археал. зб. Мінск, 1994. № 4;

Dom Sapieżyński. Warszawa, 1995.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.