Артыкулы: Чацвярцінскія (Святаполк-Чацвярцінскія)

Чацвярцінскія (Святаполк-Чацвярцінскія), княжацкі род уласнага герба. Прозвішча ад г. Чацвяртня ў Луцкім пав., з 17 ст. ўжывалі прыдомак Святаполк. Паходжанне вядуць ад Рурыкавічаў. Родапачынальнікам лічыцца ўнук Яраслава Мудрага вял. кіеўскі князь Святаполк Ізяславіч[1093—1113], унук якога Юрый Яраславіч быў князем тураўскім. Дакладная сувязь Ч. з нашчадкамі Юрыя, якія валодалі тураўскімі ўдзеламі, не прасочваецца. Першы вядомы прадстаўнік роду Ч. у ВКЛ — Аляксандр, які разам з інш. князямі ў 1388 паручыўся Ягайлу за Алехну Дзмітрыевіча. Аляксандр меў сына Івана (упамінаецца ў 1432—51) і ўнука Аляксандра (упамінаецца ў 1472—95). Яны і іх нашчадкі мелі маёнткі на Валыні. Родавае гняздо Ч. — Чацвяртня (Старая Чацвяртня); валодалі таксама Баровічамі (Новая Чацвяртня), Сакалем (прадстаўнікі гэтай лініі роду зваліся князямі Сакальскімі), Хлапоцінам, Рагачоўкай, Перамышлем і інш. Вызнавалі праваслаўе, з канца 17 ст. пераходзілі ў каталіцтва. У 1843—86 княжацкі тытул Ч. зацверджаны ў Рас. імперыі. Найб. вядомыя:

Юрый Іванавіч (?—1502), сын Івана Аляксандравіча. Намеснік ўладзімірскі ў 1502.

Фёдар Іванавіч (?—пасля 1507), сын Івана Аляксандравіча. Намеснік брацлаўскі і звянігарадскі ў 1494—98, пасол да валашскага ваяводы ў 1494.

Якаў Андрэевіч (?—да 1616), сын Андрэя Фёдаравіча. Ляснічы пінскі, пасол у Маскву ў 1580 і 1586.

Мікалай (?—1659), сын Стафана, падкаморыя брацлаўскага. Пасол на соймы 1632, 1639, 1648, дэпутат Кароннага трыбунала ў 1649, кашталян менскі з 1649. Актыўны абаронца праваслаўя. Адхіліў прапанову Б.Хмяльніцкага далучыцца да казацкага паўстання, як каралеўскі ротмістр прыняў удзел у бітвах з казакамі пад Зборавам (1649) і Берасцечкам (1651).

Сільвестр (у свеце Стафан; ?—1727), сын Вацлава, старасты жычынскага і данічаўскага. У маладосці прыняў манаства і стаў ігуменам, пасля архімандрытам у Старой Чацвяртні. З 1704 епіскап магілёўскі і беларускі (пасвячоны ў 1707 у Кіеве, зацверджаны каралём у 1720). Вёў барацьбу з Кіеўскай мітраполіяй за права юрысдыкцыі над Слуцкам і паўд. Беларуссю, што суправаджалася гвалтоўнымі дзеяннямі.

Гедэон [?—6(16).4.1690], сын Захара, старасты раціборскага, гл. Гедэон.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.