Артыкулы: Чацкі (Czacki) Тадэвуш

Чацкі (Czacki) Тадэвуш (28.8.1765, в. Порыцк на Валыні—8.2.1813), гісторык, гаспадарчы і культурны дзеяч. Атрымаў дасканалую дамашнюю адукацыю. З 1781 практыкант задворнага асэсарскага суда ў Варшаве. Зблізіўся з гісторыкам А.Нарушэвічам. Па даручэнні караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ўпарадкаваў частку прыватнага каралеўскага архіва і Кароннай метрыкі. У 1786—92 чл. Кароннай скарбовай камісіі. Праводзіў даследаванні гасп. стану краіны. Ініцыятар складання гідраграфічнайкарты Польшчы і ВКЛ. Прапаноўваў шматлікія праекты гасп. развіцця краіны, рамяства, гарадоў, замежнага гандлю, скасавання ўсіх абмежаванняў для яўрэяў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) асеў у Кракаве, дзе праводзіў гіст. даследаванні. Сабраў каштоўныя бібліятэчныя і архіўныя зборы. У 1800 адзін з заснавальнікаў Таварыства аматараў навук у Варшаве. З 1805 візітатар школ Валынскай, Падольскай і Кіеўскай губ. Разам з Г.Калантаем заснаваў Крэменецкі ліцэй. Абраны ганаровым чл. Віленскага ун-та. Супрацоўнічаў у газетах «Nowy Pamiętnik Warszawski», «Dziennik Wileński».У 1807 і 1808 арыштаваны па падазрэннях у антыўрадавай дзейнасці. Як гісторык належаў да «школы Нарушэвіча», прадстаўляў манархічную плынь у гіст. навуцы эпохі Асветніцтва. Для мяркуемай манаграфіі пра панаванне Ягелонаў зрабіў крыніцазнаўчае даследаванне «Карціна панавання Жыгімонта Аўгуста» (1835). Твор «Аб літоўскіх і польскіх законах, аб іх духу, крыніцах, сувязі і аб рэчах, змешчаных у першым статуце для Літвы, выдадзеным у 1529 г.» (т. 1—2, 1800—01) — першая ў польскай гістарыяграфіі спроба гіст. інтэрпрэтацыі права. Першы пачаў даследаваць Статут ВКЛ 1529 (адкрыў і вывучаў Пулаўскі спіс). Крытыкаваў сцверджанні, быццам права ВКЛ грунтуецца на рымскім праве, гал. крыніцу Статутаў ВКЛ бачыў у звычаях паўн. народаў і германцаў. Апрацаваў палеаграфічныя табліцы, нумізматычны каталог. Аўтар шматлікіх прамоў і артыкулаў па эканоміцы, гісторыі і праве, у т.л. «Аб дзесяцінах у свеце, а падрабязней у Польшчы і Літве» (1801), «Аб яўрэях» (1807), «Аб камісіі і адукацыі ў Літве» (1807), «Аб манетнай справе ў Польшчы і Літве» (нап. 1810). Быў ініцыятарам збірання нар. песень і паданняў, у якіх бачыў крыніцу для вывучэння дахрысціянскай Польшчы і Літвы.

Tворы:

Dzieła. T. 1—3. Poznań, 1843—45.

Літаратура:

Chmielowski P. Tadeusz Czacki: Jego życie і działalność wychowawcza: Zarys biograficzny. Petersburg, 1898;

Grabski A.F. Oświeceniowy antenat pozytywistów — Tadeusz Czacki jako historyk // Grabski A.F. Orientacje polskiej myśli historycznej. Warszawa, 1972;

Królikowska M. Szkoła naruszewiczowska... Warszawa, 1989.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.