Артыкулы: Шаўліскае паўстанне 1769

Шаўліскае паўстанне 1769, выступленне сялян Шаўліскай эканоміі супраць прыгнёту. Пачалося з-за павелічэння ў эканоміі чыншу і ўвядзення фальварачна-прыгоннай сістэмы гаспадарання. Ініцыятарам змен у гасп. сістэме выступіў падскарбі А.Тызенгаўз, якія кіраваў эканоміяй з 1765. У 1768—69 з зямлі былі сагнаны жыхары 27 вёсак, створаны 21 фальварак, за кожныя ¼ валокі сяляне былі павінны адпрацоўваць 2 дні на тыдзень. Шырока практыкавалася прымусовая праца сялян на мануфактурах, забаранялася гандлёвая і прадпрымальніцкая дзейнасць. Асабліва становішча сялян пагоршылася з-за неўраджаю ў 1768. Адміністрацыя эканоміі сілай збірала падаткі, з-за іх нявыплаты забірала ў сялян жывёлу, карала лупцоўкай. Пачатку паўстання садзейнічала барацьба супраць караля Барскай канфедэрацыі. Паўстанне пачалося 13.7.1769, калі незадаволеныя сяляне разагналі адміністрацыю мяст. Жагары, захапілі яе маёмасць і касу. Паўсталі жыхары інш. населеных пунктаў. Сяляне адмаўляліся выконваць павіннасці, знявольвалі ўраднікаў эканоміі, выбралі са свайго асяроддзя і часткова з дробнай шляхты новае кіраўніцтва: Ш.Александровіча (шляхціц-настаўнік), М.Паўгу, Я.Радвілу, В.Маргеліса (усе войты), І.Кудрэвіча (шляхціц). Паўстанцы патрабавалі прызначыць новую адміністрацыю эканоміі, скасаваць фальваркі, адмяніць падводную павіннасць, прымусовую працу на мануфактурах, цялесныя пакаранні. Адміністрацыя паўстанцаў публічна засудзіла 12 вышэйшых службовых асоб эканоміі, з якіх 3 былі заключаны пад варту. У кастр. 1769 у эканомію ўведзены ўрадавыя войскі, што прывяло да спынення сял. выступленняў. Усяго ў хваляваннях удзельнічала каля 5 тыс. сялян, толькі нямногія з іх мелі агнястрэльную зброю. 5 кіраўнікоў паўстання былі прыгавораны да смяротнага пакарання. 12.1.1770 Паўга і Радвіла пакараны смерцю, С.Язоўскі, Т.Марціноўскі і Маргеліс згодна з рашэннем караля вылупцаваны і пажыццёва зняволены. Былі пакараны і інш. удзельнікі паўстання. Сял. павіннасці часова былі паменшаны

Літаратура:

Janułajtis A. Powstanie włościan szawelskich w roku 1769. Wilno, 1921;

Похилевич Д.Л. Аграрная реформа А.Тизенгауза и Шавельское восстание // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1958 г. Таллин, 1959;

Marčenas R. Šiaulių ekonomijos valstiečių sukilimas 1769 m. Vilnius, 1969.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.