Артыкулы: Юхо Іосіф (Язэп) Аляксандравіч
Юхо Іосіф (Язэп) Аляксандравіч (19.3.1921, Пінск—29.7.2004), беларускі гісторык права. Д-р юрыд. навук (1982), праф. (1983). Скончыў Мінскі юрыд. ін-т (1949). У 1939—46 у Чырвонай Арміі, удзельнік Вял. Айчыннай вайны. У 1949—51 нар. суддзя Варашылаўскага р-на Мінска. У 1952—56 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. У 1961—64 намеснік старшыні юрыд. камісіі пры Савеце Міністраў БССР. У 1956—60 і з 1964 у БДУ: дацэнт, заг. кафедры, намеснік дэкана юрыд. факультэта, праф. кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права. Вывучаў гісторыю дзяржавы і права Беларусі (заснавальнік навук. школы па гэтай тэме ў БДУ). Адзін з аўтараў энцыклапедычнага даведніка «Статут Вялікага княства Лтоўскага 1588» (1989). Абгрунтаваў, што Статуты ВКЛ былі першымі ў Еўропе дасканалымі зводамі законаў. Пачаў распрацоўку дзярж.-прававых поглядаў Ф.Скарыны і прапанаваў ідэю аб яго ўдзеле ў складанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1529. Выказаў палажэнне аб канфедэратыўным ладзе Рэчы Паспалітай, якая складалася з 2 самастойных і суверэнных дзяржаў — ВКЛ і Польшчы. Пачаў у Беларусі вывучэнне жыцця і дзейнасці А.Т.Б.Касцюшкі. Даследаваў паходжанне імён, якія надаваліся Беларусі ў розныя часы.
Творы:
Правовое положение населения Белоруссии в XVI в. Мн., 1978;
За вольнасць нашу і вашу: Тадэвуш Касцюшка. Мн., 1990;
Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;
Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
«Нарадзіўся я ліцьвінам...»: Тадэвуш Касцюшка. Мн., 1994 (з У.П.Емяльянчыкам);
Гістарыяграфія гісторыі дзяржавы і права феадальнай Беларусі. Мн., 1999;
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд. Мн., 2000 (з В.А.Круталевічам);
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 1. Мн., 2000;
История юридической науки Беларуси. Мн., 2000 (з С.Ф.Сокалам);
Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі. Мн., 2001 (з Р.А.Васілевічам, Т.І.Доўнар);
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. 2 выд. Мн., 2003 (з А.Ф.Вішнеўскім).
Літаратура:
Кушнер В. Стваральнік беларускай школы гісторыі дзяржавы і права // Бел. гіст. часопіс. 2001. № 2;
Доўнар Т.І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў працах прафесара І.А.Юхо // Веснік БДУ. Сер. 3. 2011. № 3;
Памяць і слава. Іосіф Аляксандравіч Юхо. Да 90-годдзя з дня нараджэння. Мінск: БДУ, 2011 (змешчана бібліяграфія прац Ю.).
© Валерый Пазднякоў, 2006, 2014
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


