Артыкулы: вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1792

вайнаРасіізРэччуПаспалітай 1792.

Абвешчана 18 мая ад імя рас. імператрыцы Кацярыны ІІ Чатырохгадоваму сойму 1788—92 за скасаванне рас. пратэктарата, прыняцце Канстытуцыі 3 мая 1791 і інш. новаўвядзенні. У Рэчы Паспалітай незадаволеныя рэформамі абвясцілі пра ўтварэнне Генеральнай канфедэрацыі Кароны (Таргавіцкай канфедэрацыі), якая выступіла за рэстаўрацыю дасоймавага дзярж. ладу. Канфедэрацыя пашыралася на Украіне пад аховай інтэрвенцкага корпуса ген.-аншэфа М.В.Кахоўскага ў складзе 4 дывізій (64 тыс. чал., 136 гармат). Сойм перад самароспускам (30 мая) прызначыў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага вярхоўным камандуючым, абвясціў пра скліканне паспалітага рушэння, падвоіў падаткі. Вайсковая камісія абодвух народаў занялася тэрміновым даўкамплектаваннем запланаванага 100-тысячнага войска. 18 мая корпус Кахоўскага пераправіўся цераз Днестр і з 3 напрамкаў пачаў наступленне на кароннае войска на чале з пляменнікам караля ген.-лейтэнантам кн. Ю.А.Панятоўскім. Да 30 ліп. польская армія была выцеснена за р. Віслу пад Казенцы. У час гэтай кампаніі адбылося 11 маршавых баёў і 2 пазіцыйныя (найбольшыя — 18 чэрв. пад Зелянцамі і 18 ліп. пад Дубенкай), у якіх польскія войскі страцілі 2500 чал. забітымі і больш за 500 чал. палоннымі, расійскія — адпаведна каля 1500 і 3. Другая рас. армія на чале з ген.-аншэфам М.М.Крачэтнікавым мела загад акупіраваць ВКЛ, садзейнічаць стварэнню тут канфедэрацыі і заняць г. Берасце як месца мяркуемага злучэння канфедэрацый Кароны і ВКЛ і сойма. Армія Крачэтнікава пачала паход 22 мая адначасова 4 калонамі (35 014 чал., у т.л. 26 185 чал. пяхоты і 8829 чал. кавалерыі, 58 гармат). 1-ю калону (9559 чал.) з-пад Дынабурга праз Браслаў на Вільню і Коўна вёў ген.-паручнік кн. П.П.Далгарукаў. 2-я калона (9221 чал.) на чале з ген.-паручнікам Ш.М.Касакоўскім рухалася ад Полацка праз Паставы і Ліду на Гродна. 3-я калона (7152 чал.) пад камандаваннем ген.-паручніка графа Б.П.Меліна накіравалася ад Талачына праз Барысаў на Менск. 4-ю калону (9082 чал.) ген.-паручнік барон І.Я.Ферзен вёў ад Рагачова праз Бабруйск і Слонім у напрамку Любяшова. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ (13 650 чал., у т.л. 7421 чал. пяхоты і 6229 чал. кавалерыі, 60 гармат) на чале з галоўнакамандуючым ген.-лейтэнантам кн. Людвікам Віртэмбергскім, якому кароль 20 мая загадаў згуртаваць армію ў Віленскую і Ковенскую дывізіі. Аднак Вайсковая камісія больш за палову войска (8965 чал.) адвяла пад гал. Менскую дывізію, што дазволіла яе камандзіру, ген.-лейтэнанту Ю.Юдзіцкаму прэтэндаваць на ролю галоўнакамандуючага. У выніку Віртэмбергскі бяздзейна сядзеў у мяст. Воўчыне і 1 чэрв. зняты з пасады па падазрэнні ў патуранні ворагу. За час гэтай хаатычнай рэарганізацыі войска Крачэтнікаў заняў палову тэр. ВКЛ, без бою ўзяў Слуцк (11 чэрв.), Нясвіж, Менск (15 чэрв.), Вільню (12 чэрв.), дзе 25 чэрв. абвешчана Генеральная канфедэрацыя ВКЛ. Новы галоўнакамандуючы Юдзіцкі ў баі пад Мірам (10—11 чэрв.) страціў 100 чал. забітымі, а гал. сілы 2 калонамі адвёў у Гародню на злучэнне з кароннымі войскамі. 20 чэрв. на пасадзе галоўнакамандуючага яго замяніў ген.-лейтэнант М.Забела, які атрымаў загад накіраваць гал. сілы на непрыяцеля. У выніку рас. авангард 7 ліп. без бою заняў Гародню, а дэмаралізаванае мітуслівымі пераходамі, бязладдзем і голадам войска ВКЛ пацярпела паражэнні пад Зэльвай (4 ліп.), Мсцібавам (6 і 10 ліп.) і Берасцем (23 ліп.). Ва ўсіх дробных і буйных баях у ВКЛ рас. бок страціў каля 600 чал. забітымі, а войскі ВКЛ — больш за 900 забітымі і больш за 500 палоннымі. Ацалелая 13-тысячная армія ВКЛ была выцеснена за Варшаву і стала штаб-кватэрамі ў Праснышу і Плоцку. Кароль ужо вёў сакрэтныя перагаворы з Кацярынай ІІ аб перадачы трона Рэчы Паспалітай яе ўнуку Канстанціну ўзамен за захаванне Канстытуцыі 3 мая. Аднак Кацярына ІІ патрабавала безагаворачнай капітуляцыі. 24 ліп. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю і загадаў спыніць узброенае супрацьстаянне рас. войскам. Каля 200 афіцэраў, абураных здрадай і ганьбай, падалі ў адстаўку. Абшары Рэчы Паспалітай акупіравала рас. армія (98 736 чал., у т.л. 36 834 чал. у ВКЛ). Перамога ў вайне дазволіла Расіі разам з Аўстрыяй ажыццявіць другі падзел Рэчы Паспалітай (1793).

Літаратура:

Дневные записки о движении и действиях войск русских в Великом княжестве Литовском и Польше в 1792 г., находившихся под начальством генерал-аншефа М.Н.Кречетникова // Чтения в Обществе истории и древностей Российских. 1863. Кн. 4;

Łoek J. Catherine II’s armed intervention in Poland: origins of the political desisions at the Russion court in 1781 and 1792 // Canadian slavic studies. 1970. № 3;

Wolanski A. Wojna polsko-rosyjska 1792 r. 3 wyd. Warszawa, 1996.

© Яўген Анішчанка, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.