Артыкулы: Вайсковая камісія абодвух народаў

Вайсковаякамісіяабодвухнародаў, цэнтральны калегіяльны орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай па кіраванні вайсковымі справамі.

Створана 21.12.1788 Чатырохгадовым соймам 1788—92 для камплектавання, узбраення і матэрыяльнага забеспячэння запланаванага 100-тысячнага войска. Складалася з 3 гетманаў і 14 камісараў (2 сенатары, 6 ваенных і 6 цывільных асоб), якія выбіраліся на мясц. сойміках (7 чал.) і сойме (7 чал.) на 2 гады з правам перавыбару. У камісію забаранялася выбіраць соймавых паслоў, асоб да 23 гадоў, тых, хто не набыў землеўладання хаця б за год да выбараў або не займаў раней грамадскай пасады (да яе прыраўноўваліся 6 гадоў афіцэрскай службы). Падпарадкоўвалася сойму. У першапачатковым складзе (ад ВКЛ Ю.Несялоўскі, М.Радзівіл, Ю.Швяйкоўскі, Ю.Забела, Т.Статкевіч, К.Л.Яленскі) прысягнула Канстытуцыі 3 мая 1791. Пазней у камісію ўвайшлі Я.Ціхоцкі (старшыня), Ю.Панятоўскі, Ю.Віртэмбергскі, Т.Касцюшка, М. і Ш.Забелы, М.К.Агінскі, Л.Тышкевіч, М.Грахольскі. Мела штаб: 2 ген.-ад’ютанты, 2 ген.-аўдытары, 2 пляц-маёры, адвакат, картограф і інш., а таксама канцылярыю (2 пісары, у т.л. Я.Ясінскі, 4 сакратары, 12 канцылярыстаў і 12 капіістаў), падзеленую на аддзелы паводле галіновых прынцыпаў кіравання арміяй (арганізацыя і дыслакацыя, фінансава-маёмаснае забеспячэнне, рэгуляванне ўнутр. службы і ўзаемаадносіны з цывільным насельніцтвам). Сесіі камісіі адбываліся 4 разы на тыдзень. Судзіла справы вайскоўцаў па службе і спрэчкі ваенных з цывільнымі. Мела абавязак аказваць хуткую ваен. дапамогу шляхце і дзярж. ураднікам у выкананні судовых прыгавораў пасылкай каманды з 3 жаўнераў. Для ўзбраення і абмундзіравання войска 8.3.1790 створаны камісарыят (6 чал.), які адначасова займаўся арганізацыяй правіянцкіх магазінаў, лазарэтаў, пякарняў. Недахоп сродкаў прымусіў камісію абмежаваць колькасць войска і перайсці да рэкруцкага набору (3.3.1790). Скасавана 20.8.1792 Таргавіцкай канфедэрацыяй. Гарадзенскі сойм 1793 вярнуў уладу над войскам гетманам разам з асобнымі вайсковымі камісіямі для Кароны і ВКЛ (гл. Вайсковая камісія Вялікага княства Літоўскага).

© Яўген Анішчанка, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.