Артыкулы: дагавор 1768

дагавор 1768 («Вечны трактат») — пагадненне паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай імперыяй.

Падпісаны пад дыктатам Расіі 13(24).2.1768 у Варшаве дэлегацыяй надзвычайнага сойма Рэчы Паспалітай (у т.л. 24 прадстаўнікамі ВКЛ на чале з маршалкам сойма К.С.Радзівілам Пане Каханку і маршалкам генеральнай канфедэрацыі ВКЛ С.Бжастоўскім) і паслом Расіі М.В.Рапніным. Складаецца з 9 артыкулаў і 2 дадатковых актаў. Д. пацвердзіў тэрытарыяльную цэласнасць абедзвюх дзяржаў у межах, вызначаных «Вечным мірам» 1686, і пастанавіў стварыць сумесныя суды для ўрэгулявання памежных спрэчак. Рас. імператрыца Кацярына ІІ была абвешчана гарантам нязменнасці формы праўлення, канстытуцый, вольнасцей і правоў Рэчы Паспалітай, якія замацаваны ў выглядзе Кардынальных правоў (выкладзены ў 2-м дадатковым акце Д.). У 2-м дадатковым акце таксама пералічаны т.зв. «стацкія матэрыі» — найважнейшыя дзярж. пытанні, якія маглі вырашацца на звычайных соймах толькі аднагалосна (паводле прынцыпу ліберум вета). Д. абвяшчаў Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю законнымі, скасоўваў апеку Рыма над унутр. парадкамі правасл. і пратэстанцкіх цэркваў у Рэчы Паспалітай, адмяняў усе дыскрымінацыйныя законы супраць праваслаўных і пратэстантаў, забараняў называць іх ератыкамі, схізматыкамі і адшчапенцамі, не дазваляў прымушаць да змены веры і чыніць дыскрымінацыю па прыкмеце веравызнання, аддаваў забыццю ўсе прэтэнзіі паміж католікамі і іншаверцамі пачынаючы з 1.1.1717, дазваляў праваслаўным і пратэстантам вольнае веравызнанне і культ (выконваць набажэнствы, праводзіць працэсіі, будаваць і рамантаваць храмы, рэгістраваць хрышчэнні, шлюбы і пахаванні, праводзіць візітацыі паствы, збіраць царк. саборы, друкаваць кнігі і інш.). Правасл. шляхце вернуты правы выбірацца ў сойм, займаць соймавыя, міністэрскія, трыбунальскія і інш. судовыя пасады, права трымаць стараствы. Д. забараняў сойму без аднагалоснай згоды мяняць падаткі, штат войска, курс манеты, паўнамоцтвы міністраў, сенатараў, дэкрэты трыбуналаў, парадак правядзення соймаў і соймікаў, склікаць паспалітае рушэнне, заключаць міжнар. дагаворы і інш. Д. стаў увасабленнем страты суверэннасці Рэчы Паспалітай і выклікаў узбр. супраціўленне дыктату Расіі, арганізаванае Барскай канфедэрацыяй.

Літаратура:

Volumina Legum. T. 7. 2 wyd. Petersburg, 1860. S. 250—285;

Беднов В.А. Православная церковь в Польше и Литве (по Volumina Legum). Екатеринослав, 1908;

Стегний П.В. Разделы Польши и дипломатия Екатерины ІІ. 1772. 1793. 1795. М., 2002;

Анішчанка Я. Інкарпарацыя: Літоўская правінцыя ў падзелах Рэчы Паспалітай. Мн., 2003.

© Яўген Анішчанка, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.