Артыкулы: далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі

далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі. Ажыццёўлена ў 2-й пал. 18 ст. ў вынiку падзелаў РэчыПаспалiтай памiж Расiяй, Прусiяй i Аўстрыяй.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалiтай у жн. 1772 да Расii далучана ўсх. частка Беларусi да Зах. Дзвiны, Друцi i Дняпра, якая ўваходзiла ў Полацкае, Вiцебскае i Мсцiслаўскае ваяводствы. Паводле другога падзелу Рэчы Паспалiтай у студз. 1793 да Расii далучаны цэнтр. раёны Беларусi — астатнiя часткi Полацкага, Вiцебскага i Мсцiслаўскага ваяводстваў, Менскае, усх. часткi Новагародскага i Берасцейскага ваяводстваў, большая частка Браслаўскага i Ашмянскага паветаў. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалiтай у кастр. 1795 у склад Рас. iмперыi ўключана зах. частка Беларусi. Тэрытарыяльныя набыткi Расii склалi 41 млн. дзесяцiн з 3,8 млн. ж. (1795). У 1772 на землях, далучаных паводле 1-га падзелу, замест старога адм.-тэр. падзелу на ваяводствы i паветы была ўведзена трохзвенная сiстэма кiравання на вялiкарасiйскi ўзор: губерня — правiнцыя — павет. Аднак неўзабаве ўсх.-бел. землi сталi месцам выпрабавання двухзвеннай сiстэмы адмiнiстрацыi (без правiнцыi), што было замацавана «Устанаўленнем для кiравання губерняў Усерасiйскай iмперыi» ад 7.11.1775. Заканадаўча-распарадчая ўлада адразу сканцэнтравалася ва ўстановах рас. адмiнiстрацыi (намеснiцкiя канцылярыi, губернскія праўленнi, экспедыцыi дамаводства, казённыя палаты i iнш.). Судова-выканаўчыя функцыi пакiдалiся мясц. саслоўным станам на ранейшых правах, судаводства i справаводства засталіся на польскай мове. Афiцыйная перапiска i зносiны з вышэйстаячымi iнстанцыямi ажыццяўлялiся на рус. мове. Аднак са скасаваннем ваяводстваў i ранейшых паветаў судовыя ўстановы, што адпавядалi iм, аўтаматычна страцiлi правы на канчатковае вынясенне i рэалiзацыю сваiх рашэнняў без найвысачэйшага дазволу. З 15.4.1773 апеляцыйнай iнстанцыяй для падначаленых мясцовасцей i асоб стала Юстыц-калегiя лiфляндскiх, эстляндскiх i фiнляндскiх спраў пры Сенаце, у якой з 14.10.1774 да 24.10.1780 дзейнiчаў спецыяльны Бел. дэпартамент. Пазней яго функцыi выконваў 3-i дэпартамент Сената. З 28.6.1795 жыхары Лiтоўскай губ. падавалi апеляцыi ў Вярхоўнае Лiтоўскае праўленне, сесii якога пачаргова адбывалiся ў Гародні i Вiльнi. Указам ад 6.2.1797 Павел I аднавiў дзейнасць земскiх, гродскiх i падкаморскiх судоў пад апеляцыяй Лiтоўскага трыбунала, але захаваў следча-кантрольны нагляд над iмi з боку губернскай адмiнiстрацыi. Генерал-губернатар атрымаў права надання чыноў да звання тытулярнага саветнiка, што спрыяла папаўненню судова-адм. пасад з лiку маламаёмных i вернападданых бел. ураджэнцаў.

З першых крокаў царызм абвясцiў аб захаваннi маёмасных правоў усiх саслоўяў пры ўмове прынясення вернападданай прысягi. Адмова ад прысягi каралася прымусовым выгнаннем за мяжу, секвестрам i канфiскацыяй уласнасцi ў казну. Аднаўленне спадчынных правоў адбывалася шляхам кругавой парукi (падпiскi) давераных асоб на царскае iмя. Пры Паўле I новая ўлада прызнала правадзейнасць Статута Вялiкага княства Лiтоўскага 1588. Перакладзены на рус. мову ў 1785 пры Магiлёўскiм губернскім праўленнi, ён быў надрукаваны ў Пецярбургу толькi ў 1810 на час дзеяння межавых судоў i разам з апошнiмi скасаваны пры Мiкалаю I у 1840. У 1810 Аляксандр I абяцаў распаўсюдзiць канстытуцыю Варшаўскагакняства на губернi iмперыi, што азначала б лiквiдацыю адасобленасцi далучаных зямель i ўкараненне ва ўсёй дзяржаве федэратыўнага ладу з разбiўкай тэрыторыi на 12 намеснiцтваў. Планам Агiнскага 1811 прадугледжвалася аб’яднаць 8 зах. губерняў iмперыi ў Вял. княства Лiтоўскае з аднаўленнем у поўным аб’ёме ў якасцi цывiльнага кодэкса Статута ВКЛ. Аднак з-за супрацiўлення кансерватыўных колаў рас. дваранства, якiя баялiся расчлянення iмперыi i распаўсюджвання рэспубліканскіх парадкаў у глыб Расii, рэфарматарскiя планы не былi ажыццёўлены.

Бел. шляхта iнкарпаравалася ў склад рас. дваранства ў вынiку дазволу самастойна падаваць спiсы i дакументальныя пацвярджэннi высакароднага паходжання i прыналежнасцi да непадатковага стану. Разборшляхты расцягнуўся да сял. рэформы 1861. У 1777 шляхце было забаронена самавольна збiрацца на соймiкi. Каб заахвоціць мясц. ураджэнцаў да дзярж. службы, урад дазволіў усім чыноўнікам купляць сялян, што аўтаматычна дазваляла карыстацца правамі рас. дваранства. Указам ад 14.12.1799 скасаваны губернскія дваранскiя сходы і пачаты ўлік дваранскіх родаў. Губернскія маршалкi дваранства выбiралiся з вузкага кола павятовых маршалкаў, а не ўсёй шляхтай губернi. Адхiленне большасцi мясц. шляхты ад прамога ўдзелу ў саслоўным самакiраваннi, дапоўненае ўвядзеннем у 1802 высокага грашовага цэнзу, у далейшым стала прычынай радыкальна-дэмакратычных настрояў у шляхецкiм асяроддзi. Страчаныя вольнасцi i ранейшае прывiлеяванае становiшча шляхта iмкнулася адстаяць спробай паўстання ў 1797 у Лiтоўскай губ., удзелам у паходзе Напалеона на Маскву 1812, а затым у масавым антырас. паўстаннi 1830—31. Гал. i надзейным сродкам унiфiкацыi далучаных зямель з астатняй часткай iмперыi з’яўлялiся царскiя падараваннi секвестраваных i канфiскаваных сялян у вечнаспадчынную ўласнасць рускiм дваранам. З арыштаванымi ўладаннямi новай уладзе пераходзiлi даўгi караля, маёмасныя iскi спадчыннiкаў i пасэсараў. Каб захаваць маёнткi ў казне ад пагрозы адчужэння, пазбегнуць выплаты фальсiфiкаваных i шматвяковых прэтэнзiй, указам ад 22.12.1777 урад абвясцiў недатыкальнымi ўсе дзярж. ўладаннi, у т.л. аддадзеныя ў прыватныя рукi i часовую арэнду. У 1783—85 ва ўсх.-бел. губернях было праведзена Генеральнаемежаванне. Шляхам добраахвотнага зацвярджэння самiмi ўладальнiкамi вынiкаў межавання царызм дабiўся прыраўноўвання насаджанага рас. землеўладання да спрадвечнага мясцовага. Фактычнае землеўладанне стала сапраўдным толькi па межавых дакументах, папярэднiя зямельныя акты былi скасаваны. Ва ўзаемаадносiны памiж памешчыкамi i сялянамi царызм умешваўся толькi ў выпадках нясцерпнага для сялян дэспатызму прыгнятальнiкаў. У дзярж. вёсках усх. Беларусi ў 1779—85 былi лiквiдаваны фальваркi, а сяляне пераведзены на грашовы аброк. Рэформа мела на мэце схiлiць дзярж.сялян да добраахвотнага пераходу з унiяцтва ў праваслаўе. На працягу 1780—83 змянiлi веравызнанне 230,5 тыс. чал.

Абцяжаранасць канфiскаваных маёнткаў вял. даўгамi прымусiла новую ўладу пакiнуць асн. частку старастваў у пажыццёвай арэндзе ранейшых трымальнiкаў i ўскласцi пагашэнне запазычанасцi на сялян. Каб утаймаваць самавольства арандатараў i прадэманстраваць заклапочанасць становiшчам сялян, улады праводзiлi рэвiзii ўладанняў, дазвалялi сялянам падаваць скаргi, афармлялi ўмовы арэнды кантрактамi з вызначэннем агульных абавязацельстваў бакоў. Афiцыйна iнвентары з дзярж. нармiраваннем сял. надзелаў i павiннасцей былi прызнаны пры правядзеннi люстрацыi дзярж. уладанняў 1798 у час голаду i шырокага сял. руху ў паўн.-ўсх. паветах Бел. губернi. Рас. ўлада адразу забаранiла самавольныя пераходы падатковага насельнiцтва, увяла пашпартную сiстэму рэгiстрацыi, абвясцiла рэвiзскiя спiсы актамi па замацаваннi сялян за ўладальнiкамi. Гэта спарадзiла запрыгоньванне раней вольных людзей (баяр, зямян, выбранцаў i iнш.). З 1776 усе бел. дваране атрымалi права закладу сялян у цэнтр. крэдытныя ўстановы пад беззваротныя пазыкi, што пашырала магчымасцi вывазу сялян у iнш. губернi, здачы iх у залiк рэкрутаў.

Яўрэйскае насельнiцтва Беларусi захавала фiскальную аўтаномiю, уласнае судова-духоўнае самакiраванне праз кагалы, непадпарадкаванасць гарадскiм цэхам. Дзякуючы кагальнай арганiзацыi трымалася алiгархiчная ўлада рабiнаў i старшынь, нац.-рэлiгiйная адасобленасць яўр. абшчыны. Царызм падтрымлiваў саслоўную адасобленасць яўрэяў з-за выгод калектыўнай (кругавой) адказнасцi кагалаў за безнядоiмкавае спагнанне пагалоўных падаткаў са сваiх членаў. Патрыярхальныя традыцыi былi парушаны ўзнiкненнем мадэрнiсцкай асветнiцкай плынi (хасiдызму) i дазволам з 7.1.1779 запiсвацца ў купецтва i мяшчанства. Заможнае яўрэйства атрымала магчымасць вызвалiцца з-пад адказнасцi за немаёмную частку кагалаў, аднак у 1780—83 хрысцiянскiя вярхi магiстратаў з дапамогай меркантыльных i веранецярпiмых чыноўнiкаў дабiліся абмежавання яўрэяў пры выбарах на кiруючыя пасады ў гарадах, канфiскацыi iх сялiб i прымусiла несцi цяжар падаткаабкладання. Пры неўраджаях i голадзе сялян памешчыкi ў сваю чаргу звальвалi нястачы на яўрэяў. Указам ад 7.5.1786 яўрэям забаранялася ўласнае вiнакурства ў гарадах, а ўказамi ад 7.10.1790 i 23.12.1791 iх пазбавiлi права запiсвацца ў гар. жыхарства цэнтр. губерняў iмперыi. Уведзеная мяжа яўрэйскай аселасцi ахоплiвала выключна заходнiя, у т.л. бел., губернi.

З першых крокаў сваёй палiтыкi на Беларусi царызм дэклараваў талерантныя адносiны да iснуючых канфесiй, сярод якiх пераважала унiяцтва. На Беларусi была захавана дзейнасць ордэна езуiтаў, забароненага рымскiм папам, ордэны i кляштары вызвалялiся з-пад юрысдыкцыi замежных генералаў i правiнцыялаў. У 1773 утворана Бел. рымска-каталіцкая епархія (з 1782 Магiлёўскае рымска-каталiцкае арцыбiскупства) на чале з лаяльным архiбіскупам С.Богушам-Сестранцэвiчам, касцельнай уладзе якога падлягалi ўсе католiкi iмперыi. Каталiцкаму духавенству катэгарычна забаранялася схiляць у сваю веру iншаверцаў, уводзiлася цэнзура духоўных выданняў i пiльны палiцэйскi нагляд за святарамi. У 1785 царкоўна-манастырскiя ўладаннi былi абвешчаны публiчнай маёмасцю i падпалi пад заканадаўства аб ахове дзярж. маёмасцi. За перашкоды пераводу вернiкаў у праваслаўе любая асоба магла быць пакарана канфiскацыяй маёмасцi i судом. На мяжы 18—19 ст. па колькасцi прыходскiх цэркваў праваслаўе на Беларусi наблiзiлася да iнш. канфесiй. Аднак секулярызацыю царкоўна-манастырскай маёмасцi i канчатковае ўкараненне праваслаўя царскi ўрад здзейснiў гвалтоўным чынам у 1830—40-я г. Па ўсiх кiрунках сваёй палiтыкi на далучаных землях Беларусi царызм iмкнуўся аздобiць уласныя мерапрыемствы дэкларатыўным захоўваннем папярэднiх правоў i кансервацыяй iснуючых саслоўных парадкаў. Гэта давала магчымасць ураду з выгадай эксплуатаваць прыгнечанае бел. сялянства пад выглядам уласнай вызваленчай мiсii. Такая дваiстасць палiтыкi царызму спарадзiла ўстойлiва апалагетычную i катэгарычна адмоўную навук. лiтаратуру.

Лiтаратура:

Loret М. Kościoł katolicki a Katarzyna II, 1772—1784. Kraków; Warszawa, 1900;

Lenntonen U.L. Die polnischen Provinzen Russlands unter Katharina II in den Jahren 1772—1782. Berlin, 1907;

Жукович П.Н. Управление и суд в Западной России в царствование Екатерины II // Журн. Мин-ва нар. просвещения. 1914. № 2—5, 7;

Яго ж. Сословный состав населения Западной России в царствование Екатерины II // Там жа. 1915. № 1—2, 5;

Яго ж. Западная Россия в царствование императора Павла // Там жа. 1916. № 6, 8, 10;

Iльяшэвiч М. Расейская палiтыка на землях былага Беларуска-Лiтоўскага гаспадарства за панаваньня Кацярыны II i Паўлы I (1772—1801). 2 выд. Мн., 1992;

Żytkowicz L. Rządy Repnina na Litwie w latach 1794—7. Wilno, 1938.

© Яўген Анішчанка, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.