Артыкулы: Рапнiн Мiкалай Васiлевiч

Рапнiн Мiкалай Васiлевiч (Репнин Николай Васильевич) [11(22).3.1734—12(24).5.1801], расiйскi ваенны i дзяржаўны дзеяч, генерал-фельдмаршал (1796), князь.

На вайсковай службе з 1745. У 1762—63 пасол у Прусii. У 1763 паўнамоцны мiнiстр Расii ў Рэчы Паспалiтай, у 1764—68 надзвычайны пасол. Забяспечыў абранне на трон Рэчы Паспалiтай Станiслава Аўгуста Панятоўскага (1764), арганiзаваў лаяльныя да Расii Слуцкую канфедэрацыю і Радамскую канфедэрацыю, падрыхтаваў дагавор 1768, які гарантаваў пратэктарат Расіі над існуючым ладам у Рэчы Паспалiтай, свабоду веравызнання i грамадзянскіх правоў дысiдэнтам (некатолiкам). У час Руска-турэцкай вайны 1768—74 камандаваў корпусам у Малдове i Валахii, рыхтаваў Кючук-Кайнарджыйскi дагавор з Турцыяй (1774). У 1775—76 пасол у Турцыi. Генерал-губернатар арлоўскi, смаленскi i белгародскi ў 1777—78, пскоўскi i смаленскi ў 1781—82. У 1782—84 камандаваў рэзервовым корпусам у Рэчы Паспалiтай. Удзельнiчаў у падрыхтоўцы Даравальнай граматы гарадам 1785. У 1791 галоўнакамандуючы ў Руска-турэцкай вайне 1787—91. Генерал-губернатар эстляндскi ў 1793—94, вiленскi ў 1795—98. Галоўнакамандуючы войскамi Расii па падаўленнi паўстання 1794. Камандзiр Лiт. дывiзii, ваенны губернатар Рыгi, кiраваў камiсiяй па дэмаркацыi мяжы Рас. iмперыi з Прусiяй пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалiтай. У 1797 узначалiў падаўленне сял. хваляванняў у Валагодскай, Арлоўскай i Калужскай губ. У 1798 на чале дыпламатычнай мiсii выехаў у Аўстрыю i Прусiю для стварэння антыфранцузскай каалiцыi, пасля правалу гэтага плана звольнены ў адстаўку. У 1795 атрымаў ва ўласнасць 8454 сялян абодвух полаў у Пiнскай эканомii, большасць з iх прадаў перад смерцю.

Літаратура:

Бантыш-Каменский Д.Н. Биографии российских генералиссимусов и генерал-фельдмаршалов. Ч. 1. СПб., 1840;

Чечулин Н.Политика России в Польше перед первым разделом // Журн. Мин-ва нар. просвещения. 1896. № 8—9;

Żytkowicz L. Rządy Repnina na Litwie w latach 1794—1797. Wilno, 1938;

Массон Ш. Секретные записки о России времени царствования Екатерины II и Павла I: Пер. с фр. М., 1996.

© Яўген Анішчанка, 2006 

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.