Артыкулы: Чатырохгадовы сойм 1788—1792

Чатырохгадовы сойм 1788—1792 (Вялікі сойм) — заканадаўчы орган Рэчы Паспалітай, што зрабіў спробу рэфармаваць грамадска-палітычны лад дзяржавы на глебе асветніцкіх ідэй.

Рыхтаваўся ва ўмовах сканчэння саюзнага дагавора 1764 з Расіяй і з надзеяй прагрэсіўных колаў на карэнную змену існуючага ладу без рас. апекі. Адкрыўся ў Варшаве 6.10.1788 у прысутнасці каля 150 паслоў (дэпутатаў). Маршалкі — рэферэндар каронны С.Малахоўскі і генерал артылерыі ВКЛ К.Н.Сапега. Абвясціў сябе канфедэрацыяй, каб рашэнні маглі прымацца большасцю галасоў. Адразу зарыентаваўся на дапамогу Прусіі, 29.3.1790 заключыў з ёю абарончы саюз, які гарантаваў тэрытарыяльную цэласнасць і ўзаемадапамогу бакоў. Гэта спарадзіла спадзяванні ў Рэчы Паспалітай на ўласныя сілы ў абставінах занятасці Расіі войнамі з Турцыяй і Швецыяй. Сойм без абмеркавання магчымасцей краіны 20.10.1788 пастанавіў павялічыць войска да 100 тыс. чал. і падпарадкаваў яго навастворанай Вайсковай камісіі абодвух народаў. 19.1.1789 ліквідаваў Пастаянную Раду як сімвал рас. пратэктарату, 23.12.1789 стварыў Стражу Правоў і падпарадкаваў сабе кантроль над знешнімі зносінамі. На ўтрыманне войска 1.7.1789 увёў добраахвотныя ахвяраванні: 10% з даходаў шляхты, 20% — духавенства, 50% — трымальнікаў старастваў. Утойванні даходаў прымусілі скараціць войска да 87 тыс. чал., увесці 6-гадовую службу рэкрутаў з правам замены яе на грошы (4.12.1789), правесці абавязковую люстрацыю землеўладання (6.4.1789). Суцэльная рэвізія (генеральнае межаванне) землеўладання ВКЛ планавалася на 1792—97.

7.9.1789 сойм стварыў канстытуцыйную камісію пад кіраўніцтвам камянецкага біскупа А.Красінскага. 17.12.1789 камісія прапанавала замяніць кардынальныя правы нормамі аб суверэнітэце і непадзельнасці тэрыторыі дзяржавы, пазбавіць немаёмную шляхту выбарчых правоў, забараніць права ліберум вета, канфедэрацыі, дэпутацкія наказы (інструкцыі). 24.11.1789 268 прадстаўнікоў ад 141 горада патрабавалі грамадзянскага раўнапраўя мяшчанства са шляхтай. Да часу прыняцця канстытуцыі сойм забраў усю паўнату ўлады, дзеля чаго 17.11.1789 стварыў у ваяводствах і паветах камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя, а 14.6.1790 пастанавіў прадоўжыць свае сесіі да склікання чарговых соймікаў. Разам з шырокімі сац. пераўтварэннямі канстытуцыйная камісія прапанавала ўвесці спадчыннасць каралеўскага трона, што выклікала барацьбу партый адносна шляху прыняцця такога рашэння (соймам або агульнашляхецкім рэферэндумам). Для галасавання на 16.11.1790 былі прызначаны пазачарговыя соймікі з адначасовым выбарам на іх дадатковых паслоў на сойм. Соймікі выказаліся за непарушнасць існуючага саслоўнага ладу, таму прыхільнікі кардынальных змен вырашылі падрыхтаваць канстытуцыю «тайна, каб увесці яе рэвалюцыйным спосабам». Для гэтага быў створаны Клуб сяброў канстытуцыі.

16.12.1790 сойм прадоўжыў працу ў складзе каля 500 старых і новаабраных паслоў, якія пад прысягай абавязаліся не браць хабару і не дзейнічаць на карысць замежных дзяржаў. 24.3.1791 прынята «Устава аб сойміках», дзе акрэслены іх тэрміны, месца, працэдура правядзення. Выбарчыя правы дадзены землеўладальнікам і тым, хто плаціў 100 злотых падатку з карыстання чужой маёмасці. Да ўдзелу ў сойміках не дапускаліся зямяне, панцырныя баяры, путныя баяры, татары, асобы да 18 гадоў, тыя, хто не адбыў 2-гадовай ваеннай або цывільнай службы, асобы без шляхецкіх прэрагатываў. Цэнзавая шляхта (з правам удзелу ў выбарах) запісвалася ў зямянскія кнігі. ВКЛ падзелена на 34 паветы, створаны Завілейскі, Запінскі, Мерацкі, Пільтэнскі, Случарэцкі, Эйшышкскі паветы. 18.4.1791 прыняты законы аб гарадах пад дзярж. юрысдыкцыяй (у іх лік уваходзілі Берасце, Вільня, Гародня, Менск, Новагародак, Пінск). Гараджанам-хрысціянам прадастаўлены дарадчы голас на сойме, права выбару органаў самакіравання, шляхецкая годнасць на дзярж., ваеннай і царк. службе. У інш. гарадах прадугледжвалася на працягу 2 гадоў урэгуляваць спрэчкі з землеўласнікамі, што справакавала жыхароў мястэчак на барацьбу за вызваленне з-пад прыватнай залежнасці. У прысутнасці 157 паслоў сойм прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, якой абавязаў прысягнуць войска і ўсіх мясц. ураднікаў, абвясціўшы кожнага непаслушэнца ворагам айчыны і бунтаўшчыком.

У чэрв. 1791 сойм пачаў кадыфікацыю цывільнага і крымінальнага права на аснове новай канстытуцыі (т.зв. Кодэкс Панятоўскага). Аднак дэлегацыя ВКЛ 29.6.1791 дамаглася кадыфікацыі права асобна для Кароны Польскай і ВКЛ (для ВКЛ — мадыфікацыі Статута 1588), роўнага прадстаўніцтва абедзвюх частак дзяржавы ў цэнтр. органах улады (Адукацыйнай камісіі, наваствораных Вайсковай камісіі абодвух народаў, Скарбовай камісіі абодвух народаў, Камісіі паліцыі абодвух народаў) і захавання федэратыўнага дуалізму Рэчы Паспалітай (закон «Узаемнае заручэнне абодвух народаў» ад 20.10.1791). Замест прыняцця праекта агульнага вызвалення сялян сойм 19.12.1791 пастанавіў распрадаць дзярж. стараствы па частках або пакінуць іх ранейшым пасэсарам на розныя тэрміны трымання за выкуп з папярэднім акрэсленнем сял. павіннасцей і абавязкаў бакоў. Гэта спарадзіла барацьбу дзярж. сялян супраць запрыгоньвання, а кароль 2.8.1791 загадаў падаўляць хваляванні ўзброенай сілай.

11.7.1789 сойм спрабаваў злучыць каталіцкую і уніяцкую цэрквы ў адну, канфіскаваў маёмасць Кракаўскага архібіскупства, перавёў каталіцка-уніяцкі епіскапат на дзярж. ўтрыманне, увёў уніяцкага мітрапаліта ў Сенат (25.7.1790). 15.3.1790 абвінаваціў праваслаўных у непатрыятызме, зняволіў пераяслаўскага і барыспальскага епіскапа (са знаходжаннем у Слуцку) Віктара Садкоўскага і намагаўся стварыць незалежную ад Масквы правасл. іерархію са сваім Сінодам, для чаго склікаў Пінскую кангрэгацыю 1791.

3.1.1792 сойм прыняў закон аб зямянскіх судах з выбарам іх членаў, дэпутатаў, камісараў і ўраднікаў на 4 гады мясц. соймікамі. Першыя выбары разам з новай прысягай канстытуцыі адбыліся 24.2.1792. Рэзкасць, палавінчатасць і павярхоўны характар рэформ спарадзілі грамадскі раскол, што скарысталі апазіцыя і Расія, якія стварылі Таргавіцкую канфедэрацыю. Прусія адраклася ад саюзніцкай дапамогі Рэчы Паспалітай. У абставінах знешнепаліт. ізаляцыі і інтэрвенцыі Расіі (гл. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1792)сойм увёў у краіне ваеннае становішча, стварыў соймавы суд над праціўнікамі канстытуцыйнага ладу, забараніў канфедэрацыі і права магнатаў мець больш за 40 чал. уласнага войска. 29.5.1792 ён прыпыніў сваю дзейнасць да перамогі, але з-за паражэння ў вайне больш не сабраўся.

Лim.:

Smoleński W. Ostatni rok Sejmu Wielkiego. Kraków, 1896;

Materiały do dziejów Sejmu Czteroletniego. T. l—6. Wrocław, 1955— 69;

Ratajczyk L. Wojsko і obronność Rzeczypospolitej, 1788—1792. Warszawa, 1975;

Kalinka W. Sejm czteroletni. T. 1—2. 4 wyd. Warszawa, 1991;

Skowronek J. Wielka chwila narodowych dziejów. Warszawa. 1991;

Zіelіńska Z. «O sukcesyi tronu w Polszcze», 1787—1790. Warszawa, 1991.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.