Артыкулы: Шаўліская эканомія

Шаўліская эканомія, дзяржаўнае зямельнае ўладанне ў ВКЛ ва Упіцкім павеце ў канцы 16—18 ст.

Цэнтр — г. Шаўлі (цяпер Шаўляй, Літоўская Рэспубліка). Утворана ў 1588—89 разам з інш. эканоміямі для задавальнення патрэб каралеўскага двара. Асновай Ш.э. было Шаўліскае стараства. Эканомію трымалі ў заставе магнаты М.К.Радзівіл Сіротка (з 1586), Г.Р.Валовіч (з 1622), А.Л.Радзівіл (1644—48), Г.М.Трызна (1649—52), К.Я.Сапега (1661—78). Выкуплена каралём Янам ІІІ Сабескім, за 600 тыс. злотых саступлена каралевічу Якубу Людвіку (1699—1740). У 1764 забрана ў скарб ВКЛ, знаходзілася ў кіраванні А.Тызенгаўза (1769—80), курляндскага князя (1780—83), С.Панятоўскага (з 1783). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, у 1796 падаравана Кацярынай ІІ П.Зубаву. У 1640 у Ш.э. 3 воласці, 37 войтаўстваў, 354 вёскі, 5183 валокі зямлі; у 1783 — 3 губерні (цэнтры ў вёсках Грудзі, Загоры, Янішкі), 3581 двор, 17 951 падданы; у 1795 — 3 губерні (Загоры, Шаўлі, Янішкі), 24 ключы, 6459 валок зямлі, 25 705 падданых. У эканоміі адбылося Шаўліскае паўстанне 1769, пачалося паўстанне 1794 у ВКЛ.

Літаратура:

Kościałkowski S. Ze studiów nad dziejami ekonomji królewskich na Litwie // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. Wilno, 1914. T. 5;

Похилевич Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII в. Вильнюс, 1966.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.