Артыкулы: Радзівілаў

Радзівілаў (цяпер левабярэжная частка гарадскога пасёлка Хоцімск Магілёўскай вобл., Рэспубліка Беларусь), мястэчка ў Мсціслаўскім ваяв., на р. Беседзь.

Заснаваны прывілеем канцлера ВКЛ, старасты крычаўскага Караля Станіслава Радзівіла ад 18.10.1714 на тэрыторыі Бярозкаўскага войтаўства, «на грунтах Баханоўскіх» (в. Баханы, вядомай з сярэдзіны 16 ст.). Згодна з інвентаром 1720, Р. меў 60 дымоў, у 1723 было 70 дымоў, у 1727 — 148 дымоў, млын на 2 колы, 3 вуліцы: «прабойная Крычаўская», Альшоўская, Глухая. Інвентар 1747 адзначае ў мястэчку 156 пляцаў, з якіх 102 былі забудаваныя. Аснову планіроўкі складаў чатырохвугольны рынак з 18 крамамі і 2 шпіхлерамі, важніцай, ўязной карчмой і клецямі для збожжа. Тут жа стаяла царква Раства Багародзіцы са званіцай. З рынка ў розныя бакі адыходзілі вуліцы Крычаўская, Альшоўская, Старэцкая, Бясовіцкая і безыменная вулачка ў бок р. Альшоўка, уздоўж Альшоўкі ішла Лаговая вуліца. Бліжэй да сярэдзіны 18 ст. Р. стаў цэнтрам войтаўства ў складзе Крычаўскага страства. Пачынаючы з інвентара Крычаўскага стараства 1747, Р. упамінаецца і пад назвай Хоцімск — па назве размешчанай на правым беразе р. Беседзь в. Хоцімск. Р. быў не толькі адміністрацыйным, але і рамесна-гандлёвым цэнтрам войтаўства. Тут жылі 7 купцоў і адзін перакупшчык, 14 шынкароў, 3 пекары, 3 слесары, каваль, 2 шкляры, 2 краўцы, ганчар, шапавал, аўчыннік, кушнер, дзягцяр і пушкар. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, адразу быў перайменаваны на Хоцімск. Згодна з рэвізскай сказкай 1779, у мястэчку 63 хрысціянскія і 42 яўрэйскія дымы, у якіх пражывалі адпаведна 339 і 239 чал., правасл. Праабражэнская царква, каталіцкая і уніяцкая капліцы, сінагога.

Літаратура:

Мяцельскі А.А. Хоцімск: да пытання аб часе ўзнікнення // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1999. № 4;

Яго ж. Лучыцкая воласць XV—XVIII стст. // Там жа. 2000. № 4;

Яго ж. Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства XVI—XVIII стст. // Гіст.-археал. зборнік. Мінск, 2008. № 23.

© Андрэй Мяцельскі, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.