Артыкулы: Хіславічы
Хіславічы (Хаславічы) (рус. Хиславичи, цяпер пасёлак гарадскога тыпу, цэнтр Хіславіцкага р-на Смаленскай вобл., Расійская Федэрацыя), мястэчка ў Мсціслаўскім ваяв., на р. Сож.
Археалагічныя дадзеныя фіксуюць наяўнасць тут паселішча ў 12—13 ст. Упершыню згадваюцца як «Хотславичи» ў 1450 сярод пацверджаных вял. князем літоўскім Казімірам выслуг князя Андрэя Порхаўскага ў мсціслаўскага князя Лугвена (Сямёна). Як сяло, цэнтр воласці ВКЛ, размешчанай паміж Крычавам і Мсціславам, Х. згадваюцца ў памежных разгранічэннях з Расіяй 1523—пач. 17 ст. У 17—18 ст. цэнтр нягродавага стараства. Мястэчкам Х. ўпершыню названы ў 1710, калі былі ўладаннем Крыштофа Цеханавецкага. У 1719 з Х. выплочвалася чопавае ў памеры 800 злотых (адно з самых буйных у Мсціслаўскім ваяв.). У 1710 у Х. згадваецца царква ў імя св. Барыса і Глеба. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі. Паводле рэвізскай сказкі Х. 1778, у мястэчку былі 2 планіровачныя цэнтры, стары — Замак і новы — рынкавая плошча, забудаваная з усіх бакоў. Ад яе адыходзілі вуліцы Мсціслаўская, Смаленская, Лызкова, Чавуская, Козарэўская, Падалянская. У 1783—85 Х. былі значным населеным пунктам, у якім налічвалася 143 дамы, пражывала 770 чал., у т.л. шынкары, ганчары, кавалі, слесары, краўцы, шаўцы, кушняры, кухары, сталяры.
Літаратура:
Мяцельскі А.А. Мястэчкі Мсціслаўскага ваяводства XVI—XVIII стст. // Гіст.-археал. зборнік. Мінск, 2008. № 23.
© Андрэй Мяцельскі, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне