Артыкулы: моладаўскі звон
моладаўскі звон — гістарычны звон з в. Моладава Пінскага павета (цяпер вёска ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці).
Адліт у 1583 людвісарам Марцінам Гофманам у Коўне па заказу Сямёна Войны, кашталяна мсціслаўскага, старасты паморскага, палангаўскага, горждаўскага. Вышыня 62 см, дыяметр 70 см, таўшчыня сценак 6—7 см. Дэкараваны ў верхняй частцы пасам расліннага арнаменту з фантастычнымі істотамі і жывёламі. Звон увесь пакрыты гравіраванымі надпісамі на беларускай мове лацінскім алфавітам.
Верхні кругавы надпіс у 2 радкі і ніжні надпіс у 6 радкоў носяць набожны характар.
У самым нізе ў картушы вытворчы надпіс у 3 радкі:
MARCZIN HOFMAN
MNIE SLIWAL ROKV
1583
(Марцін Гофман мяне адліў у 1583 годзе).
На таліі вялікі надпіс у чатырох слупках па 13 радкоў:
[1]
NA WIECZNA PAMIEC BLAHOWIERNEHO •
CHRISTOLVBIWOHO WIELMOZNEHO • PANA • IE •
MCZY PANA WOINY MATFIEWICZA
HRYCZYNA NARECZENNOHO WO S KRE
SZCZENIV BORYSA KASZTALANA MSCISL
AWSKIEHO STAROSTI OSKOHO PERE
LOMSKOHO VBORTSKOHO PODKOMOROHO PINSKO
HO I MALZONKI IEº MSZY BLAHOWIERNEY
PANY BONDANY YANVSZOWNEI LIVBEL
SKIEY NARECZENNEY WO S KRESCZENNIY
MELANIEI POWIELENIEM Y NAKLADOM ICH
MCZY PRZES SINA ICH MCZY PERWORO
DNOHO CWSIAKO BO OTROZA LOZESNA RAZWIERZAIA
[2]
SWIATO • BOHOWI • BŁAHOWIERNEHO • Y CHRI
STOLIVBIWOHO • PANA • IEHO • MCZI • PANA •
SIEMIONA • WOINY • STAROSTV • POMORSKOHO
POLONGOWSKOHO • Y GORZDOWSKOHO • TI
WVNA • ZEMLI • ZOMOCKI • VZWENCKOHO •
Y REWIZORA • KROLA • I • M * TOT • ZWON • IEST •
VLAN • SLAWNIM • MIESCIE • KOWNIE • I NADAN •
DO • CERKWI • BOZY • W YMYENIV • ICH • M • OTCZYSTOM
W MOLODOWIE • NA WIEKI • NIEPORVSZNO *
ZYLL • IEº • M • PAN • WOYNA • KASZTALAN • MSTISLAWSKI •
NA TOM SWIETE WIEKU SWOIEHO LET BLIZV •
DEWYETIDESIAT PREBIWAIACZY Z MILA MALZONKA
IEº M • W STANIE • S• MALZONSKOM PANIA • BODANA • W BO
[3]
IAZNI • BOZY • POD • MILOSIERDEM • IEº S
W DOBREI • IEDNOSTAINEI • MCZY • Y• ZHO
DIE • Y W ZAKONIE • STAROZYTNOM • CERKVI •
SOBORV • HRECZESKOHO : Z MOLODOSTI • Y W SR
EDNICH • LETECH • IEº • M • DOBRYM • RYCEREM
BVDVCZY • Y • ZACNICH • VTTIWICH • SLAWNICH •
PRODKOW • ROZAIV • SVOIEHO • NASLADVIVCZY
KROLOM • ICH • M • Y • W • X • L • Y • RECZY • P • DOBRE • SLVZECZY
ZACNYCH • VREDOW • DOSTVPIL • Y SENATOM • WIELKIM • ZACNIM
W RADIE • KROLA • I • M • BYL • NADTHO • Z MILOSIERDZYA BOZE
HO • W BOIAZNI • IEº • S • Z MILA • MALZONKA • IEº • M • DOBRE
VTTIWE • POTOMSTWO • CNOTLIWE • SYNY • Y DOCZKI • SPLO
DIL • Y IM • IAKO • PATRIARCH • IAKOB • SYNOM • SWOYM BLAHOSLAWIL
[4]
WIELIKE POTECHY Y RADOSCI ZO WSICH DIETEK SWOICH CHWALA DAL SYNOM SWOICH NA VTTIWICH ZACNICH VRADIECH V SLAWICV W RADZIE KROLEWSKIM WIDEL Y SYNY SYNOW SWOICH DO CHRZTV S NA RUKACH SWOICH ODDAWAL Y IM BLAHOSLAWIL VCZICIWIE TESZ DOCZKI VCZICIWIE DOBRZE W DOMV SWOIM WYCHOWANE PRY ZYWOCYE SWOYM W STAN S MALZENSKI ZA DOBRZE VTTIWIE LVDI W DOMY VCZCYWE SZLACHECKIE Z BLAHOSLAWIENSTWEM SWIM OTCOWSKIM WYDAWSZY S POTOMSTWA YCH WNVCZAT SWOICH I PRAWNVKOW SOZDAL Y LETA OD TWORCA HOSPODA BOHA ZYWOTA IEº M ZAMIERONIE W MILOSIERDY BOZIM W DOBRYCH DNECH I POTECHACH SWOICH PROWADZIWSZY KV HOSPODV BOHV OTIEDIE Y DVCHA SWOIEHO W RVCE HOSPODNIE ODDAL A W ZYWOT WIECZNY STOWO SWIETNEHO ZYTIA PRESTAWILSIA IEº M PAN KASZTALAN MSTISLAWSKI W IMIENIV IEHO M OTCZYZNOM PORECZV ROKV BOZEHO 1582 DNIA 15 MIARA.
([1] На вечную памяць дабравернага хрысталюбівага вяльможнага пана яго міласці пана Войны Мацвеевіча Грычына, названага ў святым хрышчэнні Барысам, кашталяна мсціслаўскага, старасты ожскага, пераломскага, убарцкага, падкаморыя пінскага і жонкі яго міласці дабравернай пані Багданы Янушаўны Любельскай, названай у святым хрышчэнні Меланняй, загадам і накладам іх міласцей праз сына іх міласцей першароднага (усякія бо отракі, што лона расчыняюць, [2] святыя Богу) дабравернага і хрысталюбівага пана яго міласці пана Сямёна Войну, старасту паморскага, палангаўскага і горждаўскага, цівуна ўжвенцкага ў зямлі Жамойцкай і рэвізора караля яго міласці гэты звон адліты ў слаўным месце Коўне і даны ў царкву Божую ў маёнтку іх міласцей вотчынным у Моладаве на векі непарушна. Жыў яго міласць пан Война, кашталян мсціслаўскі, на гэтым свеце веку свайго гадоў блізу дзевяноста, будучы з мілай жонкай яго міласці ў стане святым сужэнскім паняй Багданай у боязі [3] Божай пад міласэрнасцю яго святой у добрай аднастайнай міласці і згодзе і ў законе старажытным царквы сабору грэцкага, з маладосці і ў сярэдніх гадах яго міласць добрым рыцарам будучы і зацных, пачцівых, слаўных продкаў родам сваім наследваючы, каралям іх міласцям і вялікім князям літоўскім і Рэчы Паспалітай добра служачы зацных урадаў дасягнуў і сенатарам вялікім, зацным у радзе караля яго міласці быў. Акрамя таго з міласернасці Божай у боязі яго святой з мілай жонкай яго міласці добрае, пачцівае патомства цнатлівае, сыны і дочкі парадзіў і іх, як патрыярх Якаў, сыноў сваіх благаславіў [4], вялікія ўцехі і радасці з усіх дзетак сваіх хвала даў сынам сваім на пачцівых, зацных пасадах, у лавіцу ў радзе каралеўскай бачыў, і сыноў сваіх сыноў да хросту святога на руках сваіх аддаваў і іх благаславіў пачціва. Таксама дочкі, пачціва, добра ў доме сваім выхаваныя, пры жыцці сваім у стан святы сужэнскі за добрых, пачцівых людзей, у дамы пачцівыя, шляхецкія з благаславеннем сваім бацькоўскім выдаўшы, з патомства іх унучат сваіх і праўнукаў стварыў і ў год ад творцы госпада Бога жыцця яго міласці вызначаны, у міласэрнасці Божай у добрых днях і ўцехах сваіх правадзіўшы, да госпада Бога адышоў і дух свой у рукі гасподні аддаў, а ў жыццё вечнае з гэтага светнага жыцця сышоў яго міласць пан кашталян мсціслаўскі ў маёнтку яго міласці вотчынным Парэччы ў год Божы 1582 дня 15 мая).
Пад адным са слупкоў гравіраваны асабісты герб Сямёна Войны, які складаецца з 4 малых гербаў («Трубы», «Корчак», «Пяцірог», «Газдава»), клейнод — 5 страўсавых пёраў.
Моладаўскі звод здаўна знаходзіўся пры мясцовай царкве. У час Першай сусветнай вайны па парадзе пана Генрыка Скірмунта сяляне пры падыходзе нямецкіх войск не адаслалі звон у Расію, а закапалі на могілках. Пасля адыходу немцаў звон быў адкапаны. У 1977 вывезены ў Мінск у Музей старажытнабеларускай культуры АН БССР. У 1990-я гады вернуты ў Моладава.
Падрабязнасці:
Wieś Ilustrowana (Warszawa). 1911. Z. 12. S. 28—29.
К-ский. Древний колокол (1583 г.) церкви с. Молодово Кобринского уезда // Гродненские епархиальные ведомости. 1911. № 14. С. 155—158.
Histaryczny Biełaruski Pamiatnik // Jednaść (Wilnia). 1921. № 27. S. 2.
Polesie Ilustrowane. Monografja. Praca zbiorowa pod redakcja inż. Nelarda. Brześć n/B, 1923. S. 131—132.
Brensztejn Michał. Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego. Wilno, 1924. S. 41.
Вецер Э.І., Хадыка Ю.В. Звон у Моладаве // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 1. С. 31—33.
Музей старажытнабеларускай культуры. Каталог экспазіцыі. Мінск: Навука і тэхніка, 1983. С. 150—151, 153.
Максімава Э.С., Хадыка Ю.В. Моладаўскі звон // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 3. Мінск: БелСЭ, 1986. С. 665.
Гісторыя беларускага мастацтва. У шасці тамах. Т. 1. Ад старажытных часоў да другой паловы XVI cтагоддзя. Мінск: Навука і тэхніка, 1987. С. 266—267.
Хадыка Ю. Твары маіх сяброў… Фрагмэнты ўспамінаў // Спадчына. 2003. № 4—5. С. 6—8.
© Валерый Пазднякоў, 2015
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне