Артыкулы: вайна Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1368—1372

вайнаВялікагаКняства ЛітоўскагазМаскоўскайдзяржавай 1368—1372.

Была выклікана саперніцтвам паміж дзвюма найбуйнейшымі дзяржавамі Усх. Еўропы за паліт. гегемонію ў рэгіёне, у першую чаргу за ўплыў на Цвярское вял. княства. У жн. 1368 вял. князь маскоўскі Дзмітрый Іванавіч (Данской) не прызнаў пераход велікакняжацкай улады да кн. Міхаіла Аляксандравіча (брата Ульяны, жонкі Альгерда), прыхільніка ўмацавання дзярж. самастойнасці Цверы і збліжэння яго з ВКЛ, што вымусіла яго ўцячы ў ВКЛ. Увосень 1368 войска ВКЛ на чале з Альгердам, пры падтрымцы Смаленска, разбіла маскоўскія войскі ў Тросненскай бітве 1368 і падступіла да Масквы, аблога якой была беспаспяховай. У выніку 1-га паходу Альгерда ўлада Міхаіла Аляксандравіча над Цвярскім княствам была адноўлена, у склад ВКЛ вернуты Ржэў. Не змірыўшыся з вынікамі кампаніі 1368, Масква ў жн. 1370 напала на Цвер, імкнучыся далучыць зах. частку княства, якая межавала з ВКЛ, каб прадухіліць магчымасць кантактаў паміж дзвюма дзяржавамі. Міхаіл Аляксандравіч зноў уцёк у ВКЛ, але Альгерд, заняты канфліктамі з Ордэнам і Польшчай, не здолеў аказаць яму падтрымкі. Тады Міхаіл накіраваўся ў Арду і дамогся перадачы яму ярлыка на вял. княжанне Уладзімірскае, якім традыцыйна валодалі маскоўскія князі. Жадаючы захаваць Цвер як процівагу Маскве, Альгерд вырашыў дапамагчы Міхаілу і ў ліст. 1370 пачаў 2-гі паход на Маскву, аблога якой (8—16 снежня) зноў была няўдалай. У выніку заключана перамір’е да 29.6.1371. У час перамір’я бакі спрабавалі атрымаць ваен. і дыпламат. падтрымку Арды і канстанцінопальскай патрыярхіі. Маскве ўдалося не дапусціць стварэння асобнай правасл. мітраполіі ВКЛ, чаго дамагаўся Альгерд. У чэрв. 1371 Альгерд накіраваў у Маскву пасольства з прапановай заключыць трывалы мір. Пасольства дамовілася пра заручыны дачкі Альгерда Алены з серпухаўска-бароўскім кн. Уладзімірам Андрэевічам (бліжэйшы саюзнік Дзмітрыя) і працяг перамір’я да 26.10.1371. Аднак вясной 1372 Масква пачала падрыхтоўку да паходу на Цвер. Каб прадухіліць яго, 7.4.1372 адначасова з выступленнем Міхаіла Аляксандравіча на Дзмітраў войскі ВКЛ на чале з Кейстутам і Андрэем Альгердавічам напалі на Пераяслаў-Залескі. Кампанія 1372 працягвалася паходамі літ.-цвярскога войска на спрэчныя паміж Цвер’ю і Масквой гарады Кашын і Таржок. 12.7.1372 цвярское і літ. войскі на чале з Альгердам злучыліся каля г. Любуцка для 3-га паходу на Маскву. Туды ж падышлі асн. сілы маскоўскага войска. Не маючы дастатковых сіл, каб схіліць ваенны поспех на свой бок, у сярэдзіне ліпеня ВКЛ, Цвер і Масква падпісалі Любуцкі мір 1372. У выніку паходаў Альгерда было праведзена размежаванне сфер уплыву паміж ВКЛ і Масквой. Ваенныя дзеянні паміж імі не вяліся да вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам літоўскім 1406—1408.

Літаратура:

Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;

Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3;

Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994.

© Алесь Белы, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.