Артыкулы: Ланаа (Лануа) Жыльбер дэ
Ланаа (Лануа) Жыльбер дэ (Lannoy Ghillebert de) (1386—22.4.1462) — бургундскi падарожнiк, дыпламат, мемуарыст.
Паходзiў са стараж. французскага роду, аселага ў Фландрыi. З 13 гадоў вёў жыццё «дасканалага» рыцара: удзельнiчаў у турнiрах, крыжовых паходах, шматлiкiх войнах i мiжусобiцах. Шмат падарожнiчаў (Германiя, Данiя, Iспанiя, Сiрыя, Св. Зямля). Выконваў дыпламатычныя даручэннi розных манархаў. У 1413—14 i 1421 здзейснiў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу i пралягала праз ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял. кн. Вiтаўтам. У час 2-га падарожжа выконваў ролю пасла англійскага караля Генрыха V да Ягайлы, Вiтаўта, вiзантыйскага iмператара Мануiла II з утапiчнай мэтай стварыць шырокую каалiцыю дзяржаў на чале з Англiяй для крыжовага паходу супраць асманаў. Праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустракаўся з Вiтаўтам, прысутнiчаў пры прыняццi iм пскоўскага i наўгародскага пасольстваў. Атрымаў ад Вiтаўта каштоўныя падарункi, ахоўныя лiсты, даручэннi да татарскага хана, стаўленiка Вiтаўта. У дзённiках шмат каштоўных звестак па гiсторыi ВКЛ, у т.л. этнаграфiчнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы i iснаванне 12 епархiй. Як католiк, папракаў Вiтаўта за сувязь з гусiтамi, парушэнне посту i г.д. Засведчыў моц i ўплыў ВКЛ, яго гегемонiю на прасторы ад Ноўгарада да Крыма. Мiсiя Л. падвяла рысу пад доўгiм перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнiкаў» i садзейнiчала распаўсюджванню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.
Творы:
Oevres de Ghillebert de Lannoy. Luvain, 1878.
Лiтаратура:
Gilbert de Lannoy i jego podróże // Materyały do dziejów polskich. Poznań, 1847.
Путешествия и посольства господина Гилльбера де Ланнуа... Пер. с пол. // Зап. Одесского о-ва истории и древностей. Одесса, 1853. Т. 3;
Емельянов. Путешествия Гилльбера де-Ланноа в восточные земли Европы в 1413—14 и 1421 г. // Университетские известия. Киев, 1873. № 8;
Белы А. Пад крыжом Святога Георгiя // Падарожнiк. 1996. № 2.
© Алесь Белы, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне