Артыкулы: Любартавічы
Любартавічы — князі ў ВКЛ, сыны Любарта.
Ад 1-га шлюбу з дачкой уладзіміра-валынскага кн. Андрэя Юр’евіча (Ганнай?) Любарт меў сына Івана, ад 2-га, з дачкой растоўскага кн. Канстанціна Васілевіча (Вольгай) — Фёдара, Лазара і Сямёна. Усе Л., відаць, памерлі бяздзетнымі. У канцы 16 ст. памылкова пачалі ўзводзіць свой род да Фёдара Л. і звацца Л. князі Сангушкі, якія на самой справе паходзілі ад ратненскага кн. Фёдара Альгердавіча.
Найбольш вядомыя:
Іван (?—?), сын Любарта ад 1-га шлюбу. У 2-й пал. 14 ст. быў адным з чарнігаўскіх удзельных князёў (магчыма, ноўгарад-северскім).
Фёдар (Фядзюшка; каля 1351—жн. 1431), сын Любрта ад 2-га шлюбу. Пасля смерці бацькі князь луцкі і ўладзімірскі. У 1386 заложнік у Кракаве як гарант выканання Ягайлам умоў Крэўскай уніі 1385. У 1387 пазбаўлены Луцка на карысць Вітаўта. У 1393 Вітаўт адабраў у яго і Уладзімір, надаўшы ўзамен Северскае княства (ва ўладанне якім Фёдар, відаць, не ўступіў). Пазней быў саюзнікам кн. Свідрыгайлы, у 1397—98 у выгнанні ў Венгрыі. Памірыўся з Ягайлам, пасля смерці ратненскага кн. Фёдара Альгердавіча атрымаў Жыдачоў з акругай, пазней Стрый. У Грунвальдскай бітве 1410 знаходзіўся поруч з Ягайлам. Каб выкарыстаць яго як процівагу Свідрыгайлу, у ліп. 1431 Ягайла вярнуў яму Уладзімір.
Літаратура:
Зотов Р.В. О черниговских князьях по Любецкому синодику и о Черниговском княжестве в татарское время. СПб., 1892;
Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895;
Kuczyński S.M. Ziemie czernihowsko-sewierskie pod rządami Litwy. Warszawa, 1936.
© Алесь Белы, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне