Артыкулы: Нарымонт

Нарымонт (Нарымунт, Нарымант; у праваслаўi Глеб) (каля 1294—2.2.1348) — князь у ВКЛ.

Другi сын вял. князя літоўскага Гедзiмiна ад 1-га шлюбу. У гiст. крынiцах упамiнаецца з 1331, калi Гедзiмiн затрымаў на Валынi наўгародскага архiепiскапа Васiля i адпусцiў яго з умовай абрання Н. князем Ноўгарада. Відаць, тады ж Н. ахрышчаны. Ён прыбыў у Ноўгарад у кастр. 1333 i атрымаў у «кармленне» г. Ладага, Арэшак, Карэла, палову г. Капор’е. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, відаць, каб заняць полацкi пасад пасля смерцi кн. Воiня. У Ноўгарадзе пакiнуў замест сябе сына Аляксандра. У 1338 адмовiўся прыехаць на дапамогу наўгародцам для адбiцця шведскай агрэсii i нават адклiкаў Аляксандра з Арэшка. Аднак намеснiкi Н. заставалiся ў Арэшку да 1348. Каля 1338 Н. разам з полацкiм епiскапам Грыгорыем падпiсаў дагавор з Рыгай (захаваўся толькi дадатак, якi абумоўлiваў вольны гандаль). Пячатка Н. на гэтым дакуменце — магчыма, першы вядомы прататып герба «Пагоня», пра што было вядома i складальнiкам бел.-лiт. летапiсаў, якiя, аднак, блыталi Н. з мiфiчным кн. Нарымунтам Рамунтавiчам (Раманавiчам). У дагаворы Смаленска з Рыгай (каля 1390) Н. згадваецца як полацкi «кароль». Паводле «Летапiсца вялiкiх князёў лiтоўскiх», па завяшчаннi Гедзiмiна Н. атрымаў Пiнскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамi да канца 14 ст. (гл. Нарымонтавiчы). У час праўлення вял. князя літоўскага Яўнута [1341—45] быў буйнейшым землеўладальнiкам i, вiдаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго i Яўнута выступiлi браты Альгерд i Кейстут. Пасля захопу Альгердам велiкакняжацкага пасада ў 1345 Н. уцёк да хана Залатой Арды Джанiбека, а Альгерд перадаў Полацкае княства свайму сыну Андрэю. Н. каля 1346 вярнуўся. У 1347 удзельнiчаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Відаць, узначальваў войска ВКЛ у бiтве з крыжакамi на р. Стрэва (гл. Бітва на Стрэве 1348), у якой i загiнуў.

Лiтаратура:

Scriptores Rerum Prussicarum. Leipzig. 1863. Bd. 2. S. 75, 511;

Сапунов А. Река Западная Двина. Витебск, 1893. С. 276—277;

Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов. М.; Л., 1950. С. 345, 349;

Полоцкие грамоты ХIII—начала XVI вв. М., 1977. Вып. 1. С. 39—41; 1980. Вып. 3. С. 127—132;

Полное собрание русских летописей. М.; Л., 1949. Т. 25. С. 170—176; 1975. Т. 32. С. 41, 68, 138; 1980. Т. 35. С. 68, 85, 97;

Krupa K. Książęta litewscy w Nowogrodzie Wielkim do 1430 r. // Kwartalnik historyсzny. 1993. № 1.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.