Артыкулы: Нарымонтавiчы

Нарымонтавiчы — група княжацкiх родаў у ВКЛ, Наўгародскай рэспублiцы i Маскоўскай дзяржаве, нашчадкi кн. Нарымонта, галiна Гедзiмiнавiчаў.

Найбольш вядомыя:

Мiхаiл, старэйшы сын Нарымонта, князь пiнскi ў сярэдзiне 14 ст. Магчыма, тоесны Мiхаiлу, затрыманаму ханам Джанiбекам у 1348 разам з iнш. пасламi ВКЛ у Ардзе, а таксама Мiхаiлу, першаму вядомаму (з грэчаскага Ватыканскага зборнiка сярэдзiны 14 ст.) друцкаму князю пасля далучэння Друцкага княства да ВКЛ, родапачынальнiку князёў Друцкiх. Напаўфантастычны радавод Друцкiх, якi захаваўся ў маскоўскай лiнii гэтага роду, называе Мiхаiла Друцкага сынам невядомага паводле iнш. крынiц кн. Рамана, нiбыта сына Аляксандра Уладзiмiравiча Белзскага. Мабыць, гэта iнфармацыя паказвае на сапраўднае паходжанне Мiхаiла: брат Мiхаiла Нарымонтавiча Юрый (а не Аляксандр) сапраўды княжыў у Белзе на Зах. Валынi i меў сына Рамана. Скажэнне радаводу маскоўскай галiной Друцкiх можа быць аднесена да сярэдзiны 16 ст., калi паходжанне ад Рурыкавiчаў лiчылася ў Маскоўскай дзяржаве больш прэстыжным i бяспечным, чым ад Гедзiмiнавiчаў.

Аляксандр (?—да 1386), сын Нарымонта. Некаторы час да 1338 быў яго намеснiкам ў г. Арэшак (Вял. Ноўгарад). Магчыма, яго сынамi былi Данiла i Юрый Аляксандравiчы (князi капорскiя?), згаданыя ў 1407.

Юрый (мянушка Нос; ?—пасля 1398), сын Нарымонта. У 1352 князь у Белзе, баранiў горад ад венгерскага караля Людвiка I. У 1354 як васал ВКЛ i Польшчы атрымаў Крэменец. У 1366 прызнаў сюзерэнiтэт Казiмiра III над Белзам i атрымаў ад яго Холмскую зямлю. У 1376 выступiў супраць польска-венгерскай гегемонii на Зах. Украiне, разам з Кейстутам i Любартам рабiў паходы на Сандамiр, Тарнаў i Кракаў. У адказ Людвiк I арганiзаваў у 1377 карны паход, у вынiку якога Юрый страцiў свае ўладаннi на Валынi. У 1378—79 у Венгрыi, пасля пэўны час служылы князь у Вял. Ноўгарадзе. У 1387 дапамагаў Ягайлу выцеснiць венграў з Галiча. У 1390—92 заложнiк Вiтаўта ў Нямецкiм ордэне. У 1398 быў пiнскiм князем, падпiсаў Салiнскi дагавор 1398. У Хронiцы Быхаўца i «Хронiцы лiтоўскай i жамойцкай» паведамляецца пра яго намеснiцтва ад iмя Вiтаўта ў Пскове ў 1410—20-х г., але гэта не пацвярджаецца рус. крынiцамi.

Патрыкей (?—пасля 1408), сын Нарымонта. У ВКЛ валодаў Старадубскім княствам. У 1383—86 i пэўны час да 1398 служылы князь у Вял. Ноўгарадзе. У 1408 выехаў у Маскоўскую дзяржаву ў свiце Свiдрыгайлы.

Раман (?—1398), сын Юрыя. Упершыню згадваецца ў 1379 побач з бацькам як служылы князь у Порхаве (Вял. Ноўгарад). У 1394 узначальваў наўгародцаў у вайне супраць Пскова, у 1395 — у паходзе на маскоўскiя воласцi Клiчан i Усцюжня. Загiнуў у бiтве з маскоўскiм войскам на р. Шалонь.

Iван (мянушка Нос; ?—12.8.1399), сын Юрыя. У 1386 атрымаў ад Ягайлы г. Любачоў на Валынi. Загiнуў у бiтве на Ворскле 1399.

Аляксандр (?— пасля 1410), сын Патрыкея. Князь у Старадубе, пасля 1407 у Корацы (Усх. Валынь). У 1402 удзельнiчаў у бiтве з разанцамi пад Любуцкам. Заснавальнiк роду князёў Карэцкiх — адзiнай галiны Н., якая засталася ў ВКЛ (згасла ў 1651).

Фёдар (?—1426), сын Патрыкея. Князь у Рыльску да ад’езду ў Маскву ў 1408. У 1420 намеснiк вял. князя маскоўскага Васiля I у Вял. Ноўгарадзе, у 1424—26 — у Пскове. Заснавальнiк рус. княжацкага роду Хаванскiх.

Юрый (?—пасля 1446), сын Патрыкея. З 1418 жанаты з дачкой вял. князя маскоўскага Васiля I (Ганнай цi Марыяй). Удзельнiк феад. вайны ў Маскоўскай дзяржаве 1425—53 на баку Васiля II Цёмнага. Заснавальнiк рус. княжацкiх родаў Булгакавых, Галiцыных, Куракiных, Шчаняцевых, Патрыкеевых.

Аляксандр (мянушка Нос; ?— пасля 1436), сын Iвана Юр’евiча. У 1418 адзiн з арганiзатараў вызвалення Свiдрыгайлы з Крамянецкага замка. У 1431 атрымаў ад яго Луцкае княства. Iмкнучыся захаваць Луцк, спачатку падтрымлiваў Свiдрыгайлу ў барацьбе з Жыгiмонтам Кейстутавiчам, у 1434 перайшоў на бок апошняга, пазней вярнуўся да Свiдрыгайлы. Памёр бяздзетным.

Паводле гiсторыка Ю.Пузыны, да Н. належала дынастыя ўладальнiкаў Давыд-Гарадоцкага княства, заснавальнiкам якой быў Дзмiтрый, нiбыта сын Нарымонта. Да яе належалi Давыд Дзмiтрыевiч (?—да 1431) i Дзмiтрый (Мiтка) Давыдавiч (?—каля 1442).

Лiтаратура:

Stadnicki K. Bracia Władysława Jagiełły Olgierdowicza... Lwów, 1867;

Wolff J. Ród Gedimina. Kraków, 1886;

Яго ж. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895;

Приселков М., Фасмер М. Отрывки В.Н.Бенешевича по истории русской церкви ХIV в. // Изв. Отд-ния рус. языка и словесности Имп. АН. 1916. Т. 21, кн. 1;

Puzyna J. Narymunt Giedyminowicz // Miesięcznik heraldyczny. 1930. № 3;

Яго ж. Potomstwo Narymunta Giedyminowicza // Там жа. 1932. № 10;

Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;

Зимин А.А. Формирование боярской аристократии в России во второй половине ХV—первой трети ХVI в. М., 1988.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.