Артыкулы: Наўгародская рэспублiка

Наўгародская рэспублiка — дзяржава ў 1136—1478 на паўночным захадзе сучаснай Расii.

Актыўна каланiзавала землi на Пн i У да Паўн. Ледавiтага акiяна i Урала: Югру, Вятку, Перм i iнш. Да Болатаўскага дагавора 1348 намiнальна ўключала i тэр. Пскоўскай рэспублiкi. Органы кiравання — баярская рада, веча, якое выбiрала епiскапа (потым архiепiскапа), пасаднiка, тысяцкага. Князi запрашалiся па дагаворы з вечам, былi гал.чынам военачальнiкамi. Развiтая сiстэма мясц. самакiравання iснавала ў розных гар. цэнтрах. З усiх зямель Русi Н.р. падтрымлiвала найб. цесныя гандлёвыя i культ. кантакты з Зах. Еўропай (у т.л. з Ганзай, якая трымала ў Ноўгарадзе буйную факторыю) i была самай эканамiчна i культурна развiтой часткай Русi. Адносна шырока тут была распаўсюджана пiсьменнасць, iснавалi багатыя традыцыi летапiсання (гл. Летапiсы наўгародскiя), у канцы 15 ст. пачала пранiкаць еўрап. вучонасць, узнiкалi навук. гурткi, з’явiлiся першыя на Русi ерасi.

Развiццё Н.р. адбывалася ва ўмовах пастаяннай агрэсii з боку суседзяў: за сваю гiсторыю 26 разоў ваявала са Швецыяй i 11 — з Лiвонскiм ордэнам; у 1-й пал. 13 ст. адбiла каля 15 лiтоўскiх нападаў, але пасля буйнога паражэння лiтоўцаў у 1245 усталявалiся параўнаўча мiрныя адносiны з ВКЛ. Часта саюзнiкам Ноўгарада выступала Полацкае княства. З 1330-х г. ВКЛ iмкнулася ўсталяваць сюзерэнiтэт над Н.р. (дзейнасць кн. Нарымонта), што выклiкала процiдзеянне Маскоўскага вял. княства. Гэта вымушала Н.р. лавiраваць памiж гэтымi 2 буйнымi дзяржавамi i дапамагло працяглы час захоўваць незалежнасць. Служылымi князямi ў Н.р. часта запрашалiся князi з ВКЛ (Лугвен, Нарымонтавiчы i iнш.), якiм традыцыйна аддавалiся для «кармлення» Ладага, Арэшак, Карэла, Капор’е. Паралельна iснавала «маскоўская сiстэма кармленняў», куды запрашалiся служылыя князi з тэрыторый, падкантрольных Маскве. Маскоўскае вял. княства i ВКЛ актыўна ўмешвалiся ў барацьбу наўгародскiх «партый» i падтрымлiвалi сваiх прыхiльнiкаў ваеннай сiлай (напр., Альгерд у 1345). На працягу свайго княжання вял. князь літоўскі Вiтаўт [1392—1430] пры падтрымцы польскага караля Ягайлы iмкнуўся ўсталяваць кантроль над Ноўгарадам i Псковам. Яшчэ ў 1389 кн. Лугвен даў васальную прысягу Ягайлу як сюзерэну Н.р., што трымалася ў тайне ад самiх наўгародцаў. Паводле ўмоў Салiнскага дагавора 1398 i Рацёнжскага дагавора 1404 прадугледжвалася садзейнiчанне Лiвонскага ордэна ў далучэннi Н.р. да ВКЛ; у 2-й пал. 1410-х г. рымскiя папы Iаан ХХIII i Марцiн V выдалi некалькi булаў, якiмi прызнавалi Вiтаўта i Ягайлу «генеральнымi вiкарыямi» Ноўгарада i Пскова, але тым удалося захаваць самастойнасць. Перакананне, што Ягайла i Вiтаўт валодалi Ноўгарадам, было хаця i неабгрунтаваным, але дастаткова распаўсюджаным у ВКЛ i Польшчы на працягу 15—16 ст. i доўгi час служыла падставай для прэтэнзiй на «вяртанне» Ноўгарада ў склад ВКЛ. Спрабуючы захапiць Ноўгарад, Вiтаўт вёў супраць яго войны (асаблiва маштабную ў 1428), якiя не мелi рэальных вынiкаў. Найб. росквiту эканомiка i культура Н.р. дасягнула пры архiепiскапе Яўфiмii (1429—58), паслядоўным прыхiльнiку незалежнасцi. На працягу 15 ст. Наўгародскае архiепiскапства толькi фармальна падпарадкоўвалася Уладзiмiрскай (фактычна Маскоўскай) мiтраполii i мела цесныя кантакты з Кiеўскай (фактычна Новагародскай) мiтраполiяй. Архiепiскапы, юрысдыкцыя якiх пашыралася i на Пскоў, дэманстратыўна ўхiлялiся ад удзелу ў царк. саборах у Маскве; у той жа час прадстаўнiкi Ноўгарада ўваходзiлi ў дэлегацыю мiтрапалiта Грыгорыя Цамблака на Канстанцкi сабор 1414—18. Аднак пасля Яжэлбiцкага мiру 1456 з Масквой ступень незалежнасцi Н.р. ў правядзеннi знешняй палiтыкi стала значна абмежаваная. Пасля смерцi архiепiскапа Iоны ў 1470 кiруючыя колы Н.р. адчулi непазбежнасць страты незалежнасцi i схiлялiся да зблiжэння з ВКЛ. Яны запрасiлi да сябе з ВКЛ слуцкага кн. Мiхаiла Алелькавiча (гл. ў арт. Алелькавiчы), збiралiся зацвердзiць свайго новага архiепiскапа ў кiеўскага мiтрапалiта Грыгорыя Балгарына i былi гатовы прызнаць сваiм сюзерэнам вял. князя літоўскага Казiмiра IV. На гэтыя «лацiнскiя» сiмпатыi Вял. Ноўгарада, а галоўнае на iмкненне пралiтоўскай партыi захаваць наўгародскую «даўнiну» Масква адказала паходам, у вынiку якога Ноўгарад быў вымушаны 11.8.1471 падпiсаць Карастынскi мiр. Канчаткова незалежнасць Н.р. лiквiдавана вял. князем маскоўскiм Iванам III у 1478.

Лiтаратура:

Koneczny F. Jerzy Semеnowicz Ostrogski w Nowogrodzie W. 1458—59 // Ateneum Wileńskie. 1925. Z. 9;

Розов Н.Н. Повесть о новгородском белом клобуке: (идейное содержание, время и место составления) // Уч. зап. ЛГУ. Сер. филол. наук. 1954. Вып. 20;

Лихачев Д.С. Новгород Великий: Очерк истории культуры Новгорода ХI—XVII вв. М., 1959;

Бернадский В.Н. Новгород и Новгородская земля в ХV в. М.; Л., 1961;

Янин В.Л. Новгородская феодальная вотчина: (Ист.-генеал. исслед.) М., 1981;

Яго ж. Новгород и Литва: Пограничные ситуации XIII—XV веков. М., 1998;

Яго ж. Новгородские посадники. 2 изд. М., 2003;

Krupa K. Książęta litewscy w Nowogrodzie Wielkim do 1430 r. // Kwartalnik historyczny. 1993. № 1;

Яе ж. Polityczne związki Giedyminowiczów z Nowogrodem Wielkim w latach 1430—1471 // Przegląd historyczny. 1993. Z. 3;

Manusadžianas T. Naugardo politinė raida 1456—1470 m. // Lietuvos istorijos studijos. Vilnius, 1999. T. 7;

НакадзаваА. Рукописание Магнуша: Исследование и тексты. СПб., 2003;

Валеров А.В. Новгород и Псков: Очерки политической истории Северо-Западной Руси XI—XIV веков. СПб., 2004.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.