Артыкулы: Рацёнжскi дагавор 1404

Рацёнжскi дагавор 1404.

Заключаны каля замка Рацёнжак (Куявiя, цяпер Куяўска-Паморскае ваяв., Польшча) 23 мая памiж Тэўтонскiм ордэнам, Польшчай i ВКЛ у вынiку асабiстай сустрэчы вял. магiстра Конрада фон Юнгiнгена, караля Ягайлы i вял. кн. Вiтаўта. Да заключэння Р.д. крыжакi, спасылаючыся на невыкананне Вiтаўтам умовы Салiнскага дагавора 1398 аб перадачы ордэну Жамойцi, працягвалi агрэсiю супраць ВКЛ, падтрымлiвалi Свiдрыгайлу як прэтэндэнта на велiкакняжацкi трон. Пры гэтым яны iгнаравалi булу папы Банiфацыя IХ ад 9.9.1403, якая афiцыйна забараняла крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Новае пагадненне памiж ордэнам i ВКЛ у асноўным паўтарала ўмовы Салiнскага дагавора, ВКЛ прызнавала ўсх. частку Жамойцi за ордэнам, Вiтаўт абавязваўся не прымаць да сябе збеглых жамойтаў i дапамагаць ордэну супраць любых ворагаў, акрамя Польшчы; ордэн мусiў садзейнiчаць ВКЛ у здабыццi Смаленска i Ноўгарада. Польшча атрымлiвала права выкупiць у ордэна Дабжыньскую зямлю за 40 тыс. залатых. Паводле дагавора памiж Ягайлам i Вiтаўтам апошняму пажыццёва перадавалася Зах. Падолле, якiм у якасцi васала Вiтаўта мусiў кiраваць Свiдрыгайла. За гэта 20.9.1404 у Камянцы-Падольскiм Вiтаўт прынёс Ягайлу новую васальную прысягу. Р.д., заключаны на 10 гадоў, дзейнiчаў да пачатку Вялiкай вайны 1409—11.

Літаратура:

Liv-, Esth- und Curlandisches Urkundenbuch nebst Regesten. Abt. 1. Bd. 4. 1394—1413. Dorpat, 1859;

Prochaska A. Codex epistolaris Vitoldi. Kraków, 1882.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.