Артыкулы: сарацыны

сарацыны — негатыўная назва мусульман у сярэдневяковых заходнееўрапейскіх крынiцах.

Рымскi гiсторык грэчаскага паходжання Амiян Марцэлiн (4 ст.) згадваў С. як адно з арабскiх плямён на ПнЗ Аравiйскай пустынi. Паступова тэрмiн «С.» пачалi ўжываць для абазначэння спачатку ўсiх арабаў, потым мусульман, а часам у шырокiм сэнсе ўсiх некатолiкаў. Тэрмiн быў вядомы i на Русi, асабліва пашырыўся ў сувязi з крыжовымi паходамi. З канца 12 ст. яго этымалогiю звязвалi з iмем курдскага палкаводца, султана Егiпта Саладзiна (Салах-эд-Дзiна), якi ў 1187—92 узначальваў супрацiўленне мусульманскiх дзяржаў Блiзкага Усходу крыжакам. У экзальтаванай свядомасцi зах.-еўрап. духавенства i рыцарства, якiя лiчылi каталiцкую Зах. Еўропу акружанай адзiным фронтам нехрысцiнскiх дзяржаў — ад мусульманскай Iспанii i Блiзкага Усходу да Лiтвы i Русi, «сарацынскай» дзяржавай уяўлялася i ВКЛ. Такiя аблуды ўмела падтрымлiвалiся крыжацкай прапагандай для абгрунтавання «маральнага права» на агрэсiю супраць ВКЛ, асаблiва ў канцы 14 ст., калi пасля разгрому Тахтамыша Цiмурам (Тамерланам) тут знайшла прытулак значная колькасць татараў. Французскі хранiст i паэт, iдэолаг рыцарства Жан Фруасар, апiсваючы падрыхтоўку да крыжовага паходу супраць турэцкага султана Баязiда, якi скончыўся трагiчным паражэннем хрысцiянскай армii пад Нiкапалем у 1396, пiсаў, што «Баязiд i Калiф паслалi да некалькiх сарацынскiх каралёў — у Персiю, Мiдыю, Татарыю i нават у Лiтву на мяжы з Прусiяй». Англійскі хранiст канца 14 ст. манах абацтва Сент-Олбанс Томас Уолсiнгэм таксама лiчыў «караля Лiтвы» Вiтаўта «сарацынскiм уладыкам», накшталт султанаў «Вавiлонii», Турцыi i татарскiх ханаў: «Гэты кароль Лiтвы павярнуўся ў веру хрысцiянскую з нагоды шчаслiвай перамогi, дараванай яму небам, разам з 60 тысячамi людзей сваёй секты, якiя ў знак веры накладаюць на зброю белы плашч i прышываюць на тыя шаты крыж чырвонага колеру». У свядомасцi Уолсiнгэма вычварна сплялiся самыя розныя падзеi: хрышчэнне Лiтвы ў 1387, разгром Баязiда Цiмурам у 1402 i бiтва на Ворскле 1399. Пасля Вялiкай вайны 1409—11 частата ўжывання тэрмiна «С.» ў дачыненнi да Лiтвы рэзка скарачаецца, але яшчэ ў 1420-х г., калi Вiтаўта абвiнавачвалi ў патаемным супрацоўнiцтве з асманамi, баварскi хранiст Ульрых фон Рыхенталь называў Вiтаўта «герцагам сарацын».

Лiтаратура:

Piekosiński F. Gości polscy na soborze konstancyjskim // Rozprawy Akademii Umiejętności. Wydział historyczno-filozoficzny. Ser. 2. Kraków, 1899. № 12;

Zins H. Polska w oczach Anglików XIV—XVI w. Warszawa, 1974;

Белы А. Пад крыжом святога Георгiя // Падарожнiк. 1996. № 2,

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.