Артыкулы: Цвярское вялікае княства

Цвярское вялікае княства — руская дзяржава ў 1247—1485.

Узнікла на землях смаленскіх крывічоў як удзел Пераяслаў-Залескага княства пры падзеле спадчыны вял. кн. Яраслава Усеваладавіча, які загінуў у Ардзе. Першым князем быў Яраслаў Яраславіч (брат Аляксандра Неўскага), з 1264 адначасова вял. князь уладзімірскі. Узвышэнне Цвяры звязана з адносна невял. яе разбурэннямі ў час мангола-татарскага нашэсця і ўзнікненнем тут каля 1265 епіскапскай кафедры, якую заняў былы полацкі епіскап Сімяон. Другім цвярскім епіскапам у 1289—1316 быў таксама выхадзец з Полацка Андрэй, сын полацкага кн. Гердзеня. Ц.в.к. вяло актыўную барацьбу супраць Масквы за ўладзімірскае княжанне і за паліт. гегемонію на Русі, у якой часта мела падтрымку ВКЛ, з якім, аднак, таксама часта ваявала (1285, 1360 і інш.), найперш за кантроль над раёнам Ржэвы на Верхняй Волзе (гл. Ржэўская зямля), дзе да сярэдзіны 20 ст. захоўвалася бел. мова і інш. бел. этнаграфічныя прыкметы (гл. Тудаўляне).Цвер — першае рус. княства, якое пачало актыўнае змаганне за вызваленне ад ардынскага ярма ў час паўстання 1327, якое было жорстка задушана Ардой з дапамогай Масквы (што паклала пачатак узвышэнню Маскоўскага вялікага княства).Тытул «вялікіх» канчаткова замацаваўся за цвярскімі князямі ў сярэдзіне 14 ст. Асабліва цесныя адносіны паміж ВКЛ і Ц.в.к. існавалі пры Альгердзе, які быў жанаты з цвярской князёўнай Ульянай Аляксандраўнай. З цвярской князёўнай быў жанаты і Свідрыгайла, а цвярскія князі — з дочкамі Гедзіміна, Кейстута, Уладзіміра Альгердавіча, Сямёна Алелькавіча. У 1406 Цвер выступіла супраць ВКЛ на баку Масквы ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1406—1408. Найбольшага эканам. і культ. росквіту Ц.в.к. дасягнула ў першыя дзве трэці 15 ст. (адным са сведчанняў таго з’яўляецца падарожжа Афанасія Нікіціна ў Індыю), але пры вял. кн. Міхаіле Барысавічу [1461—85], які спрабаваў захаваць незалежнасць Цвяры ад Масквы з апорай на ВКЛ, адбыўся хуткі заняпад цвярской дзяржаўнасці. Кароль польскі і вял. князь літоўскі Казімір, нягледзячы на саюзныя абавязацельствы паводле дагавораў 1449 і 1484, не аказаў дзейснай падтрымкі Ц.в.к., што прадвызначыла далучэнне Цвяры да Маскоўскай дзяржавы ў 1485 і ўцёкі Міхаіла Барысавіча ў ВКЛ. Ліквідацыя свайго самага моцнага сярод рус. княстваў гіст. канкурэнта дала магчымасць Маскве пачаць адкрытае змаганне з ВКЛ за бел. і ўкр. землі.

Літаратура:

Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3;

Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.