Артыкулы: Чорная Русь

Чорная Русь — традыцыйная назва паўночна-заходняй часткі Беларусі, якая на пачатковым этапе фарміравання ВКЛ (сярэдзіна 13 ст.) увайшла ў склад гэтай дзяржавы.

Паводле гістарычна-геаграфічных уяўленняў 18—20 ст., галоўным цэнтрамі Чорнай Русі былі Новагародак, Гародня, Ваўкавыск, Слонім. Аднак аўтэнтычныя гістарычнай крыніцы не пацвярджаюць існавання на гэтай тэрыторыі вобласці з такой назвай. Назва «Чорная Русь», відаць, узнікла ў сярэдневяковай заходнееўрапейскай літаратуры перыяду позняй схаластыкі і пачаткова не мела трывалай лакалізацыі. У абсалютнай большасці выпадкаў 14—17 ст. назва ўжывалася заходнімі еўрапейцамі ў дачыненні да розных тэрыторый на ўсход і поўдзень ад сучаснай Беларусі. Адна з першых крыніц, дзе ўпамінаюцца «чорныя русіны», — нямецкамоўная хроніка Венгрыі Генрыха Мюгельна (каля 1360), у якой паведамляецца пра перасяленне стараж. венграў у Панонію праз тэрыторыю сучаснай Украіны. Тэрмін «Чорная Русь», відаць, быў утвораны на ўзор і ў процівагу Белай Русі не раней за 14 ст. Англійскі дыпламат Дж.Флетчар у трактаце «Пра Расійскую дзяржаву» (Лондан, 1591) адзначаў: «Расія калісьці называлася Сарматыяй... Гэтая зямля падзялялася на дзве галоўныя часткі: Белую і Чорную. Белая Сарматыя ўключала ў сябе ўсю прастору, што ляжыць на поўнач і з боку Лівоніі, як вобласці, якія цяпер называюць Дзвінскай, Важскай, Усцюжскай, Валагодскай, Каргопальскай, Наўгародскай і г.д., сталіцай, ці галоўным горадам якіх быў Ноўгарад Вялікі. Чорнай Сарматыяй называлася ўся краіна, што ляжыць на поўдзень, ля мора Эўксінскага, ці Чорнага, як княствы: Уладзімірскае, Маскоўскае, Разанскае і інш.». Вельмі падобны на яго падзел Русі галандскага гісторыка і палітолага Георга Хорна ў працы «Свет дзяржаў» (1668): «[Русь] падзялялася на Белую і Чорную. Двума галоўнымі яе княствамі былі Кіеўскае і Уладзімірскае. Той, хто валодаў імі, лічыўся як бы манархам русінаў. Кіеў быў сталіцай Чорнай Русі, Уладзімір — Белай». Больш дакладных прыкмет лакалізацыі Чорнай Русі, апроч знаходжання яе на поўдзень ад Белай, не было. «Кананічны» парадак размяшчэння «каляровых» частак Русі з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — Белая, Чорная, Чырвоная — упершыню сустракаецца на карце Фра Маўра (1459), на якой Чорная Русь паказана на правабярэжжы Акі. На глобусе Меркатара (Лувен, 1541) Чорная Русь пазначана на ўсход ад Пскова, як і на карце Скандынавіі О.Магнуса (1539). Польскі пісьменнік 17 ст. Ш.Старавольскі лічыў, што частка Чорная Русь — гэта «правінцыя Чарнігаўская». А.Гваньіні згадваў «чорных русінаў, сталіца якіх Львоў». Некаторыя карты Сансона д’Абевіля-бацькі паказваюць Чорную Русь паміж Львовам і Холмам. Яшчэ доўга ўслед за Флетчарам Чорнай Руссю называлі Маскоўскую дзяржаву, напрыклад, Гваньіні ў выданні 1611, Андрэас Келер у 1659 і інш. У агульнапрынятым цяпер выглядзе падзел на Белую, Чорную і Чырвоную Русь узнік не раней за 17 ст. Старавольскі лічыў, што Белая Русь — частка ВКЛ, Чырвоная — усе ўкраінскія землі Польшчы, а Чорная — Маскоўская дзяржава, г.зн. ніяк не звязваў Чорную Русь з Панямоннем, хаця такая лакалізацыя ў тыя часы ўжо сустракалася. У 1622 Козіма дэ Торэс пісаў, што «Русь... дзеліцца на тры часткі: Чырвоную Русь з гарадамі Львовам, Перамышлем, да якой належыць і Валынь; Белую Русь, якая працягнулася ад Рыгі, сталіцы Ліфляндыі, да маскоўскай мяжы, уключаючы Полацк. Оршу, Віцебск, Магілёў; Чорную Русь, якая знаходзіцца паміж Літвой і Валынню, да Кіева з гарадамі Пінскам, Новагародкам і Оўручам». У «Геаграфічным лексіконе» базыльяніна І.Карпінскага (Вільня, 1766) суадносіны паміж трыма «каляровымі» часткамі Русі маюць практычна сучасны выгляд: Белая — Мсціслаўскае, Віцебскае, Полацкае, Смаленскае ваяв., Чорная — Новагародскае і Менскае ваяв., Чырвоная — усе ўкраінскія землі Польшчы. Ужо тады такі падзел лічылі першасным, адвечным, спрабуючы рэтраспектыўна ўзводзіць яго як мінімум да 14 ст. У сапраўднасці чляненне Русі на Белую, Чорную і Чырвоную штучнае і не было ўласцівае самім усходнім славянам, пакуль да іх у 16—17 ст. шырока не пранікла еўрапейская адукаванасць.

Літаратура:

Белы А. Хроніка Белай Русі = Chronicon Russiae Albae: Нарыс гісторыі адной геагр. назвы. Мн., 2000.

Белы Алесь. Хроніка Белай Русі: Імагалогія Беларусі ХІІ—XVIII стст. Смаленск: Інбелкульт, 2013. 468 с., іл.

© Алесь Белы, 2006, 2015

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.