Артыкулы: шкоты

шкоты (шоты) — у беларускіх і польскіх крыніцах 16—17 ст. назва шатландскіх эмігрантаў, што аселі ў Рэчы Паспалітай.

Ужо ў 1503 Пётркаўскі сойм разглядаў праект пасялення шатландскіх каланістаў у замках на Дняпры, спустошаных у час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1500—1503. Пазней шатландцы паяўляліся ў ВКЛ як наёмнікі ўвойску і як мірныя дробныя гандляры. З 1563 соймавыя канстытуцыі згадваюць іх як сур’ёзных канкурэнтаў мясц. купецтва і абкладваюць іх дадатковымі падаткамі. Ш. хутка амаль манапалізавалі гандаль цэлымі катэгорыямі тавараў, вядомымі як «речи шкоцкие»: ручнікі, рукавіцы, пацеркі, бялілы, венікі, нажы, грабяні, ніткі, іголкі, напарсткі, панчохі і інш. Пасяленне Ш. у Рэчы Паспалітай набыло такія размах і вядомасць, што англійскі драматург Дж.Уэбстэр у п’есе «Белы д’ябал» (1610) згадваў пра «сорак тысяч шатландскіх гандляроў у Польшчы». У 1583 у час паломніцтва ў Палесціну М.К.Радзівіл Сіротка пісаў пра ўбачаных ім у Сірыі вулічных гандляроў-друзаў, што яны, «як нашы шкоты, у корабах розныя дробныя рэчы для продажу носяць па вуліцах». Адным з найб. вядомых прафесараў філасофіі Віленскай акадэміі ў 1570—75 быў езуіт з Шатландыі Джон Хэй. Медны шатландскі пені з 1640-х г. стаў першым прадстаўніком меднага манетнага абарачэння на тэр. Беларусі. Пераважна кальвіністы па веравызнанні, Ш. найахвотней сяліліся ў гарадах і мястэчках, што належалі магнатам-кальвіністам. Асабліва вял. калоніі Ш. у 17 ст. існавалі ў рэзідэнцыях кальвінісцкай галіны Радзівілаў — у Слуцку і Кейданах. Паводле ўспамінаў «шкота» П.Гордана, Януш Радзівіл і яго сын Багуслаў «мелі кампанію цалкам ці пераважна з шатландцаў». Некаторыя з іх пры фундатарстве Радзівілаў займаліся навукай і мастацтвам, напрыклад, Дж.Джонстан у 1665 выдаў у Амстэрдаме кнігу «Thaumatographia naturalis», прысвечаную Я. і Б. Радзівілам. У войнах Рэчы Паспалітай з Расіяй Ш. ўдзельнічалі як наёмнікі з абодвух бакоў, часам па некалькі разоў пераходзячы да праціўніка. Вял. колькасць Ш. з войска шведскага генерала Горна трапіла ў палон да рэферэндара ВКЛ А.Гасеўскага пры заняцці ім крэпасці Белая на Смаленшчыне ў 1610. Пры аблозе Смаленска ў 1634 пад камандай апошняга знаходзілася шатландская драгунская харугва (200 чал.). Паступова Ш. асіміляваліся мясц. насельніцтвам, прымалі бел. імёны. Так, у рэестры пінскіх купцоў 1620-х г. адзначаны 4 Ш.: «Томило Олешкович, Петр Шимкович, Олешко Охремович, Луцья Литвинович».

Літаратура:

Steuart A.F. Scottish Influence in Russian History. Glasgow, 1913;

Яго ж. Papers Relating to the Scots in Poland, 1576—1793. Edinburgh, 1915;

Zins H. Polska w oczach Anglików XIV—XVI w. Warszawa, 1974;

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.