Артыкулы: Незабытоўскі (Незабітоўскі) Багуслаў Фелікс

Незабытоўскі (Незабітоўскі) Багуслаў Фелікс (пасля 1691—21.3.1739)— дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Стараста прапойскі, кашталян новагародскі з 1734.

Вучыўся ў Віленскай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра. У канцы 1720—пач. 1730-х г. звязаны з Радзівіламі (магчыма, быў маршалкам двара Г.Ф.Радзівіла і прымаў удзел у яго падарожжы ў 1730 у Аўстрыю). Калі Радзівілы пачалі замяняць пасэсараў у «Нойбургскіх маёнтках», то спачатку імкнуўся атрымаць у заставу адабраныя ў іншых уладанні. Потым узначаліў гэтых пасэсараў супраць Радзівілаў. Апагей актыўнасці Н. прыйшоўся на час бескаралеўя 1733—36. У час выбараў у новагародскі каптуровы суд і на перадканвакацыйны соймік 1733 яму ўдалося заручыцца падтрымкай большасці новагародскай шляхты і ваяводы М.Ф.Радзівіла. Рашаючае сутыкненне адбылося на перадэлекцыйным сойміку 1733. Вял. ўражанне на шляхту зрабілі звесткі, што радзівілаўскія кліенты выдаткавалі грошы, каб на сойміку быў забіты Н. Праціўнік Н. — М.К.Радзівіл Рыбанька ледзь не быў пасечаны раз’юшанай шляхтай. Канфлікт паміж Радзівіламі і пасэсарамі «Нойбургскіх маёнткаў» прывёў да падзелу ў шэрагах новагародскай шляхты. Большасць прыняла бок Н. Новагародская шляхта, за выключэннем сапегаўскіх прыхільнікаў, не прыняла ўдзелу ў выбары Станіслава Ляшчынскага на трон. Яна стала асновай Варшаўскай канфедэрацыі, якая 5.10.1733 абвясціла каралём Аўгуста III. Вял. гетман ВКЛ М.С.Вішнявецкі прызначыў Н. камандуючым Бел. дывізіі войска ВКЛ, і яго асн. дзейнасць у наступныя 3 гады праходзіла ва ўсх. ваяводствах ВКЛ. Працягваў выступаць супраць замены Радзівіламі пасэсараў «Нойбургскіх маёнткаў». Дапамогу Н. і інш. шляхецкаму лідэру ваўкавыскаму маршалку С.Алендзскаму супраць Радзівілаў аказалі Чартарыйскія, Масальскія, Салагубы і Сапегі.У выніку Радзівілы пры пасярэдніцтве падканцлера ВКЛ М.Чартарыйскага былі вымушаны пайсці на кампраміс. Па веравызнанні Н. быў, відаць, скрытым кальвіністам. Выклікана гэта было як паліт. меркаваннямі (большасць пасэсараў «Нойбургскіх маёнткаў» была кальвіністамі), так і асабістымі поглядамі.

Літаратура:

Lisek A. Litwini na sejmie elekcyjnym w 1733 roku // Z dziejów XVII i XVIII wieku. Katowice, 1997.

Яго ж. Postawa Radziwiłłów w okresie przedostatniego bezkrólewia i w pіerwszych miesiącach wojny domowej (1733—1734) // Radziwiłłowie: Obrazy literackie. Biografie. Świadectwa historyczne. Lublin, 2003.

Sliesoriūnas F. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė 1733—1736 metų tarpuvaldžiu // Lietuvos Valstybė XII—XVIII a, Vilnius, 1997.

Мацук А. Род Радзівілаў ва ўнутрыпалітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага ў 20—пачатку 30-х гадоў XVIII ст. // Вестник Полоцкого государственного университета. Гуманит. науки. 2005. № 1.

Яго ж. Радзівілы і справа аб «нойбургскіх уладаннях» (1730—1740-я гады) // Бел. гіст. часопіс. 2005. № 3.

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.