Артыкулы: рэасумпцыя

рэасумпцыя (ад лац. reasumpcio паўторнае прыняцце) — пацвярджэнне легітымнасці абрання дэпутатаў і зацвярджэнне складу Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага.

Галоўная роля пры Р. належала віленскаму ваяводзе, які дапускаў дэпутата ў лік суддзяў у трыбунальскае кола або прызнаваў слушнымі пратэсты супраць яго нелегітымнага абрання («пускаў пад ляску»). У некаторых выпадках віленскі ваявода мог аддаць канчатковае рашэнне аб легітымнасці абрання на вырашэнне самога Трыбунала. Паліт. значэнне Р. вырасла ў апошнія гады панавання Аўгуста ІІ. Прычынай была справа аб спадчынным праве на «Нойбургскія маёнткі». На Трыбунале ВКЛ 1731 гэту справу на карысць Сапегаў вырашыла пазіцыя віленскага ваяводы Казіміра Агінскага. Таксама вял. паліт. значэнне мелі Трыбуналы ВКЛ 1732, 1741, 1743, 1755 і 1756. На Р. гэтых Трыбуналаў разгортвалася паліт. супрацьстаянне, якое ледзь не перарастала ва ўзброены канфлікт і часта вырашалася толькі пасля ўмяшальніцтва каралеўскага двара. Сумяшчэнне ў час панавання Аўгуста ІІІ пасадаў віленскага ваяводы і вял. гетмана ВКЛ Міхалам Сервацыем Вішнявецкім (памёр у 1744) і Міхалам Казімірам Радзівілам (памёр у 1762) прывяла да ўзмацнення іх пазіцый і на Р. Трыбуналаў ВКЛ. Чартарыйскія дамагаліся, каб пасады віленскага ваяводы і вял. гетмана ВКЛ належылі розным асобам. На такой жа пазіцыі стаяў і каралеўскі двор. Таму пасля смерці Радзівіла пасаду вял. гетмана ВКЛ атрымаў Міхал Юзаф Масальскі, а пасаду віленскага ваяводы — Кароль Станіслаў Радзівіл. Але гэта не перашкодзіла сілавому вырашэнню спраў на Р. Трыбунала ВКЛ 1763, бо К.С.Радзівіл замест рэгулярных войск ВКЛ прывёў сваі надворныя харугвы. На Р. справы легітымнасці выбару дэпутатаў вырашалася віленскім ваяводай на падставе ў першую чаргу паліт., а не праўных меркаванняў.

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.