Артыкулы: Сапега Антоні Казімір

Сапега Антоні Казімір (1689—16.5.1739) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Троцкі кашталян з 1737, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1714, 1719, 1724 (яго маршалак).

З роду Сапегаў. У 1705—08 вучыўся ў Парыжы. У 1706 атрымаў урад стольніка ВКЛ ад Станіслава Ляшчынскага, які страціў у 1709 па вяртанні на трон Аўгуста ІІ. У 1711—13 зноў у апазіцыі да Аўгуста ІІ. Прыняў актыўны ўдзел у Віленскай канфедэрацыі 1716 і 23 сак. падпісаў акт генеральнай канфедэрацыі як камісар ад Троцкага ваяв. У крас. 1716 абраны паслом ад канфедэрацыі да цара Пятра І, але пасольства не адбылося. У 1720-х г. у антыкаралеўскай апазіцыі. У 1726 разам са стрыечным братам Я.К.Сапегам ездзіў у Пецярбург для заручын сына апошняга Пятра з Марыяй Меншыкавай і для ўсталявання кантактаў з прадстаўнікамі рас. эліты. У 1728 беспаспяхова імкнуўся быць абраным паслом на сойм са слонімскага сойміка для далейшага атрымання соймавага маршалкоўства. Актыўна дзейнічаў на соймах 1730 і 1732, каб сарваць іх пасяджэнні. Прымаў актыўны ўдзел у заключэнні дамовы з Аўгустам ІІ пра выкуп «Нойбургскіх маёнткаў», пасля яе зрыву стараўся аб перамозе на Трыбунале ВКЛ 1731 і кіраваў спробай збройнага захопу маёнткаў. У пачатку бескаралеўя 1733 не вызначыўся з кандыдатурай будучага манарха, праводзіў беспаспяховыя кансультацыі са смаленскім біскупам Багуславам Гасеўскім, віцебскім ваяводам Марцыянам Агінскім і рэгіментаром ВКЛ Міхалам Вішнявецкім у Гародні. Як пасол са слонімскага сойміка імкнуўся стаць маршалкам канвакацыйнага сойма 1733. Быў падтрыманы Патоцкімі, Радзівіламі, рас. і аўстрыйскім пасламі. Разам з сваім сапернікам лідскім старастам Сцыпіёнам адмовіўся на карысць 3-га прэтэндэнта на маршалкоўства гарадзенскага старасты Міхала Масальскага. Быў абраны палкоўнікам Слонімскага пав. На элекцыйным сойме 1733 з большасцю роду падтрымаў кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага. Разам з ім быў у абложаным рас. войскамі Гданьску. Па капітуляцыі арыштаваны, а потым знаходзіўся пры Ляшчынскім у Караляўцы. У 1737 палітычныя сапернікі лічылі яго арганізатарам магчымай антыкаралеўскай канфедэрацыі. У 1738 прымаў актыўны ўдзел у працы камісіі па павелічэнні войска, беспаспяхова імкнуўся абкласці падаткам на войска радзівілаўскія «Нойбургскія маёнткі».

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.