Артыкулы: Сапега Казімір Леан

Сапега Казімір Леан (28.3.1697—30.5.1738)— дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

З роду Сапегаў. Пачатковую адукацыю атрымаў дома пад кіраўніцтвам Ф.Шымановіча. У 1710—17 падарожнічаў па Францыі. У 1719, відаць, абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1722 першы раз абраны паслом на сойм. На сойме 1724 вызначаны ў склад камісіі для перагавораў з замежнымі дыпламатамі. Генерал артылерыі ВКЛ з 1725. На сойме 1726 выбраны ў камісію па перагаворах з аўстрыйскімі дыпламатамі, у камісію па справах Курляндыі і па люстрацыі Ашмянскага пав. Быў паслом і на соймах 1729 і 1730. Яго асн. паліт. актыўнасць у 1720—пач. 1730-х г. тычылася барацьбы з Радзівіламі за «Нойбургскія маёнткі». Актыўна дапамагаў Агінскім правесці абранне трыбунальскім маршалкам сапегаўскага кліента Міхала Эперыяша на Трыбунале ВКЛ 1731. Быў ініцыятарам дагавора з Агінскімі ў справе па захопу «Нойбургскіх маёнткаў». Прыняў удзел у падпісаннні 7.4.1732 канчатковага дагавору з Радзівіламі аб адмове Сапегаў ад «Нойбургскіх маёнткаў» за 2 млн. злотых. Са старадубскага сойміка абраны паслом на сойм 1732. У час бескаралеўя 1733 спачатку, як і большасць Сапегаў, выказаўся на карысць кандыдатуры Станіслава Ляшчынскага, але потым заняў нейтральнае становішча і нават адмовіўся прыбыць у Аршанскі пав., дзе шляхта абрала яго сваім павятовым палкоўнікам. Нейтральная пазіцыя і пратэкцыя Міхала Юзафа Сапегі дапамаглі атрымаць ад Аўгуста ІІІ шматлікія наданні: урад берасцейскага ваяводы (ад якога адмовіўся), званне ротмістра пяцігорскай харугвы, камандаванне лейбрэгіментам драгун каралеўскай гвардыі, ордэн Белага Арла. Працягваў актыўна ўдзельнічаць у Трыбунале ВКЛ у справах з Радзівіламі па вяртанні сум за «Нойбургскія маёнткі». Для атрымання ўраду падляшскага ваяводы вясной 1738 выехаў у Дрэздэн, дзе нечакана памёр.

Літаратура:

Lesiński J. Spory o dobra neuburskie // Miscellanea Historico-Archivistica. Warszawa, 1996. T. 6.

Karkucińska W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa. Warszawa, 2000.

Мацук А. Род Радзівілаў ва ўнутрапалітычным жыцці ВКЛ у 20-ых—пачатку 30-ых гг. XVIII ст. // Вестник Полоцкого гос. ун-та. Гуманитарные науки. 2005. № 1.

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.