Артыкулы: Сапега Міхал Антоні

Сапега Міхал Антоні (10 або 12.3.1711, г. Каралявец—11.10.1760) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Лоўчы ВКЛ з 1739, ваявода падляшскі з 1746, падканцлер ВКЛ з 1752.

З роду Сапегаў. У 1720—21 вучыўся ў Караляўцы. Абраны паслом на сойм 1732, дэпутатам Трыбунала ВКЛ 1731. Унутры роду Сапегаў успыхнуў канфлікт паміж Аляксандрам Паўлам і Казімірам Леанам. У выніку Аляксандр Павел у жн. 1731 перадаў усе свае правы на «Нойбургскія маёнткі» Міхалу Антонію. У час бескаралеўя 1733 Міхал Антоні не прымаў актыўнага ўдзелу ў паліт. падзеях. З жонкай быў арыштаваны рас. войскамі і выпушчаны ў канцы 1734 пасля паручыцельства рэгіментара ВКЛ М.Вішнявецкага. Абраны на гарадзенскім сойміку соймавым паслом, Міхал Антоні ў 1737—39 прымаў актыўны удзел у працы камісіі па павелічэнні войска, дзе беспаспяхова дамагаўся дадатковага абкладання падаткамі радзівілаўскіх «Нойбургскіх маёнткаў». Пасля смерці ў 1739 стрыечнага брата, троцкага кашталяна Антонія Казіміра стаў яго гал. спадчыннікам, што ўцягнула яго ў канфлікт з сястрой памерлага Саламеяй Ганнай, падтрыманай Радзівіламі. Міхал Антоні дапамог свайму саюзніку мсціслаўскаму ваяводзе Міхалу Масальскаму быць абраным дэпутатам Трыбунала ВКЛ і пасля стаць трыбунальскім маршалкам. У час працы Трыбунала было прынята рашэнне працягнуць барацьбу за спадчыну на Трыбунале ВКЛ 1743, маршалкам якога стаў Міхал Антоні. Разгляд маёмасных спрэчак з Радзівіламі закончыўся заключэннем кампрамісу. Міхала Антонія прыдворная групоўка Чартарыйскіх прапаноўвала кандыдатам на маршалка сойма 1744, але той адмовіўся, чым сапсаваў адносіны з «Фаміліяй». Развёўся са сваёй 1-й жонкай і ў 1745 жаніўся з Тэкляй з Радзівілаў, удавой па Вішнявецкім (памерла ў 1747). Гэта значна павялічыла маёнткі Міхала Антонія, высунуўшы яго ў шэрагі найб. заможных магнатаў ВКЛ. Маёмасныя спрэчкі з Міхалам Казімірам Радзівілам канчаткова схілілі Міхала Антонія да саюзу з Чартарыйскімі, які быў замацаваны жаніцьбай у 1748 Міхала Антонія на Аляксандры, дачцэ падканцлера ВКЛ Міхала Чартарыйскага. Міхал Антоні стаў адным з лідэраў «Фаміліі». На сойме 1752 дзякуючы падтрымцы цесця (ужо канцлера ВКЛ) атрымаў урад падканцлера ВКЛ. Прымаў актыўны ўдзел у час барацьбы вакол Трыбуналаў ВКЛ 1755 і 1756. У 1756 быў адным з ініцыятараў аднаўлення павятовых попісаў і Генеральнага з’езду ВКЛ. У 1757 працаваў над прымірэннем «Фаміліі» і Радзівілаў. Зблізіўся з імі, і менавіта яго нейтральная пазіцыя прывяла да перамогі радзівілаўскай групоўкі на Трыбунале 1757. Канчаткова парваў з Чартарыйскімі пасля сойма і Рады Сената 1758, калі насуперак волі інш. лідэраў «Фаміліі» паставіў пячатку на дыпломе каралевіча Караля на Курляндыю. Пад час працы Трыбунала ВКЛ 1759 пачалося ахалоджванне адносін з Радзівіламі, і перад выбарамі на наступны Трыбунал ВКЛ Міхал Антоні беспаспяхова спрабаваў наладзіць супрацоўніцтва з Чартарыйскімі. У выніку ў час выбараў на Трыбунал ВКЛ 1760 Міхал Антоні выступаў самастойна і не мог уплываць на размеркаванне трыбунальскіх пасад.

Літаратура:

Karkucińska W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa. Warszawa, 2000.

Мацук А. Род Радзівілаў ва ўнутрапалітычным жыцці ВКЛ у 20-ых—пачатку 30-ых гг. XVIII ст. // Вестник Полоцкого гос. ун-та. Гуманитарные науки. 2005. № 1.

Яго ж. Радзівілы і справа аб «нойбургскіх ўладаннях» у 1730—1740-я гады // Бел. гіст. часопіс. 2005. № 3.

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.