Артыкулы: Сапега Ян Казімір

Сапега Ян Казімір (?—22.2.1730) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Расіі.

Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Варшаве (1685) і Браневе (да 1692), падарожнічаў па Галандыі, Англіі, Францыі. Вярнуўся ў 1697 і быў абраны паслом ад Берасцейскага ваяв. на элекцыйны сойм. Не прымаў удзелу ў вайне Сапегаў з «рэспубліканцамі» і таму пасля Алькеніцкай бітвы 1700 не падпаў пад антысапегаўскія пастановы, але быў вымушаны даць прысягу аб непадтрымцы сваіх сваякоў. У 1702 перайшоў на бок шведаў. Стаў адным з ініцыятараў стварэння прашведскай канфедэрацыі ў Вял. Польшчы (9.7.1703), Варшаўскай канфедэрацыі, дэтранізацыі Аўгуста ІІ і абвяшчэння бескаралеўя. У 1708 прызначаны Станіславам Ляшчынскім вял. гетманам ВКЛ. Атрымаў перамогі над прыхільнікамі Аўгуста ІІ пад Пултускам 25.11.1704, Алітай у 1706, Ляхавічамі 12.4.1709 і рас. войскамі пад Тыкоцінам у 1706. Пасля паражэння шведскіх войск у Палтаўскай бітве 1709 адмовіўся са сваімі войскамі далучыцца да Станіслава Ляшчынскага, а 11.11.1709 разам з войскам склаў зброю. Цар Пётр І не меў войск для барацьбы з атрадамі С., таму яшчэ 28.9.1709 пагадзіўся на амністыю для яго. С. быў вымушаны адмовіцца ад пасады вял. гетмана ВКЛ і пасля імкнуўся вярнуць яе сабе. У канцы 1709 пачаў агітацыю супраць Аўгуста ІІ. У 1711—12 некалькі разоў беспаспяхова намагаўся пачаць збройнае змаганне з прыхільнікамі Аўгуста ІІ. Быў вымушаны пакінуць Рэч Паспалітую і накіраваўся да Карла ХІІ у Бендэры. Там пасварыўся з інш. прыхільнікамі Ляшчынскага, у 1713 атрымаў амністыю ад Аўгуста ІІ і вярнуўся. У 1714 прапанаваў Аўгусту ІІ праект сумеснага выступлення Рэчы Паспалітай, Швецыі і Турцыі супраць Расіі для атрымання Інфлянтаў. Быў у вострым канфлікце з кіраўнікамі Тарнагродскай канфедэрацыі, але, дзякуючы падтрымцы інш. Сапегаў, прыхільна быў прыняты кіраўніком Віленскай канфедэрацыі 1716 К.Сулістроўскім. Быў рэкамендаваны канфедэратамі ВКЛ на пасаду вял. гетмана ВКЛ, і толькі падтрымка Пятром І вял. гетмана Л.Поцея перашкодзіла С. заняць яе. У 1719 устанавіў кантакты з рас. паслом Р.Даўгарукім, накіраваныя супраць Аўгуста ІІ. У 1720-х г. у шэрагах антыкаралеўскай апазіцыі ў ВКЛ. Устанавіў кантакты з А.Д.Меншыкавым. У 1726 паехаў у Пецярбург з мэтай заручын свайго сына Пятра з дачкой Меншыкава Марыяй. У Пецярбургу выступаў ад імя антыкаралеўскай апазіцыі ў ВКЛ, і таму быў прыхільна прыняты рас. ўладамі. Беспаспяхова дапамагаў Меншыкаву стаць курляндскім герцагам. Абяцаў французскаму паслу Кампрэдону падтрымаць кандыдатуру Ляшчынскага ў выпадку бескаралеўя. 23.3.1726 С. атрымаў чын рас. генерал-фельдмаршала, а 24.3.1726 адбыліся заручыны Пятра Сапегі і Марыі Меншыкавай. Пасля, нягледзячы на часовы ад’езд С. і разрыў заручын Пятра Сапегі з Марыяй Меншыкавай, пазіцыі Сапегаў у Пецярбургу ўзмацніліся. Пётр Сапега стаў фаварытам Кацярыны І і быў заручаны з яе крэўнай Соф’яй Скаўронскай. З’явіліся чуткі, што Кацярына І у выпадку смерці Аўгуста ІІ жадае зрабіць С. каралём. Пры Пятры ІІ С. прымаў удзел у пасяджэннях Вышэйшага Тайнага Савета, Сената, Сінода. У 1727 прызначаны генерал-губернатарам Пецярбурга, нягледзячы на немагчымасць заняцця гэтай пасады чужаземцам. У 1728 выехаў у Рэч Паспалітую для пільнавання рас. інтарэсаў. У 1729 рас. ўрад рабіў спробы адклікаць С., бо ў сваёй дзейнасці ён кіраваўся ў першую чаргу інтарэсамі Ляшчынскага, а не Расіі. С. не паслухаўся і паехаў на сойм 1729 у Гародні, дзе навязаў супрацоўніцтва з французскім паслом А.Ф.Манці, якому абяцаў, што Расія падтрымае Ляшчынскага. З узыходжаннем на рас. прастол Ганны Іаанаўны С. зрабіў спробу шляхам подкупу А.Астэрмана вярнуць свой ўплыў на пецярбургскі двор, але неўзабаве памёр.

Літаратура:

Rostworowski E. O polską koronę: Polityka Francji w latach 1725—1733. Wrocław; Kraków, 1958.

Грицкевич В. В летопись Петербурга // Нева. 1983. № 7.

Kriegseisen W. Diariusz petersburskiej podróży Jana i Piotra Sapiehów z 1726 roku // Wiek Oświecenia. 1993. № 9.

Беспятых Ю.Н. Иностранные источники по истории России первой четверти XVIII века. СПб., 1998.

Мацук А. Роль Яна Сапеги в общественно-политических процессах в Речи Посполитой, Великого княжества Литовского и Речи Посполитой в первой половине XVIII века. // VICTORIA. GLORIA. FAMA. СПб., 2003. Т. 3.

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.