Артыкулы: Сапега Ян Фрыдэрык

Сапега Ян Фрыдэрык (18.10.1680, в. Дабрацічы Берасцейскага пав.—6.7.1751) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Менскі кашталян у 1711—12, троцкі кашталян з 1716, канцлер ВКЛ з 1735.

З роду Сапегаў. З 1691 вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Берасці, з 1694 у Любліне, з 1695 у Варшаве. У 1697 стаў берасцейскім старастам. У 1700—02 падарожнічаў за мяжой, наведаў Прусію, Саксонію, Аўстрыю, Францыю, Галандыю і Англію. Спачатку быў сярод прыхільнікаў Аўгуста ІІ, але ўжо ў 1706 перайшоў на бок Станіслава Ляшчынскага. Пасля бітвы пад Палтавай 1709 перайшоў на бок Аўгуста ІІ. Не прыняў удзелу ў Віленскай канфедэрацыі 1716. У 1717 актыўна выступаў супраць прысутнасці рас. войск у Рэчы Паспалітай. У 1719—20 выступаў супраць далучэння Рэчы Паспалітай да Венскага саюза. У 1720—пач. 1730-х г. быў у шэрагах антыкаралеўскай апазіцыі. Прэтэндаваў на ўрад падканцлера ВКЛ. У час бескаралеўя 1733 стаяў на баку Станіслава Ляшчынскага. На падвойным перадэлекцыйным сойміку Берасцейскага ваяв. 1733 падтрымаў стражніка ВКЛ А.Пацея супраць надворнага падскарбія ВКЛ Ю.Ф.Сапегі. Перайшоў у 1735 на бок Аўгуста ІІІ за прадастаўлены ўрад канцлера ВКЛ. Клапаціўся аб пасадах для магнацкіх родаў Радзівілаў (з якімі быў звязаны праз сваю жонку Канстанцыю з Радзівілаў) і Сапегаў. Апошнім аказваў дапамогу ў асноўным праз віленскага каад’ютара Ю.С.Сапегу. На соймах выступаў супраць умяшання Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай праз падтрымку праваслаўных і за захаванне Рэччу Паспалітай нейтралітэту на міжнар. арэне. Сабраў вял. бібліятэку ў Кодані, якая ў 1744 складалася з 3500 пазіцый. Рэалізаваў праект па стварэнні галерэі партрэтаў сваіх продкаў (каля 70 карцін). Быў аўтарам шматлікіх публіцыстычных і гіст. твораў.

Літаратура:

Matuszewicz M. Diariusz życia mego. T. 1—2. Warszawa, 1986.

Tłomacki A. Sapiehowie. Warszawa, 1996.

Karkucińska W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa. Warszawa, 2000.

Palkij H. Sejmy 1736 i 1738 roku: U początków nowej sytuacji politycznej w Rzeczypospolitej. Kraków, 2000.

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.