Артыкулы: Сямігадовая вайна 1756—1763

Сямігадовая вайна 1756—1763 (Трэцяя Сілезская вайна) — вайна паміж Аўстрыяй, Францыяй, Расіяй, Іспаніяй, Саксоніяй, Швецыяй з аднаго боку і Прусіяй, Англіяй і Партугаліяй з другога.

Пачалася з анга-французскіх сутыкненняў у Канадзе, якія прывялі да аб’яўлення вайны Англіяй Францыі ў маі 1756. Ваенныя дзеянні ў Еўропе пачаліся з уваходам 17.8.1756 прускіх войск (95 тыс. чал.) у Саксонію, ад якой Фрыдрых ІІ запатрабаваў дазволу на свабодны праход. Саксонская армія (18 тыс. чал.) з Аўгустам ІІІ была акружана пад Пірнай. Гэта выклікала антыпрускія выступленні магнатаў і шляхты ў Рэчы Паспалітай. Усе 3 групоўкі (прыдворная партыя надворнага кароннага маршалка Е.А.Мнішака, прафранцузская партыя кароннага гетмана Я.К.Браніцкага і прарасійская партыя Чартарыйскіх) выказаліся ў абарону саксонскага курфюрста Аўгуста ІІІ як манарха Рэчы Паспалітай з патрабаваннем пачаць узброеную барацьбу з Прусіяй. Спробы аўстрыйскіх войск дапамагчы саксонцам скончыліся беспаспяхова, і ў выніку бітвы пад Лабазіцам 1.10.1756 аўстрыйцы адступілі за р. Эгер. Саксонія 4.10.1756 падпісала капітуляцыю. Аўгуст ІІІ не змог прыбыць на сойм Рэчы Паспалітай 1756, які не адбыўся. Гэта дало магчымасць пазбегнуць адкрытага канфлікту пад час соймавых пасяджэняў паміж Чартарыйскімі і Радзівіламі, але не прыпыніла барацьбу паміж імі.

Запланаванае ўступленне ў вайну Расіі патрабавала праходу рас. войск праз Рэч Паспалітую. 25.9.1756 рас. сакратару ў Варшаве Ржычэўскаму быў дасланы рэскрыпт з патрабаваннем дамагацца афіцыйнага дазволу аб свабодным праходзе. 24.10.1756 ён даслаў такія патрабаванні да магнатаў, якія, аднак, адносілі рашэнне гэтага пытання да кампетэнцыі ўраду, але самі абяцалі не перашкаджаць руху рас. войск. У ліст. 1756 у Мсціслаўскае ваяв. увайшлі першыя рас. атрады. У лют. 1757 уступіла конніца пад камандаваннем М.Лівена, яна спынілася на лініі Вільня—Слуцк. 17.5.1757 у ВКЛ уступілі гал. рас. сілы. Вял. гетман ВКЛ М.К.Радзівіл спачатку нават хацеў далучыць да рас. войска некалькі сотняў жаўнераў, але потым сабраў усе войскі, каб пазбегнуць іх магчымых канфліктаў з рас. войскамі. Ад Лівена ён атрымаў адказ, што рас. войскі ўваходзяць як сябры і з мэтай дапамогі Аўгусту ІІІ. Рас. камандаванне запатрабавала ад кожнага павета патрэбную колькасць падводаў, але толькі чвэрць з іх аплаціла грашыма, а астатнія — распіскамі. Такім жа чынам плацілі за збожжа, якім з-за вайны шляхта ВКЛ не магла гандляваць праз Усх. Прусію.

У 1757 хвароба рас. царыцы Елізаветы І прывяла фельдмаршала С.Апраксіна да рашэння аб адступленні рас. войск з тэатра ваенных дзеянняў (спадчыннік трону Пётр быў прыхільнікам Прусіі). Рас. войскі распалажыліся на Пн ВКЛ і рабілі значныя шкоды мясц. насельніцтву, што выклікала вял. колькасць скаргаў у суды і да ўрада Рэчы Паспалітай. Антырас. агітацыю пачаў нават адзін з лідэраў «Фаміліі» падканцлер ВКЛ М.А.Сапега. Новагародская шляхта паслала сваіх паслоў са скаргамі да караля. У 1757 Радзівілы перамагалі на выбарах у Трыбунал ВКЛ, але не маглі правесці ніякіх рашэнняў супраць прарас. «Фаміліі» з-за прысутнасці рас. войск. Узімку 1757—58 рас. войскі зноў увайшлі ва Усх. Прусію і занялі Каралявец. Далейшыя дзеянні аўстрыйцаў і расіян не мелі поспехаў, і рас. войскі адышлі ў Рэч Паспалітую. У ВКЛ іх паводзіны выклікалі пратэсты шляхты. Прысутнасць замежных войск не спыніла ўнутрыпаліт. барацьбы ў Рэчы Паспалітай. Тут аслаблі пазіцыі «Фаміліі», а новы рас. пасол Ваейкаў наладзіў супрацоўніцтва з каралеўскім дваром. Адначасова ў ВКЛ расла незадаволенасць з-за пастояў рас. войск. 21.5.1758 у Гародні створана сумесная камісія Расіі і Рэчы Паспалітай, якая разглядала скаргі на дзеянні рас. войскаў. Яна ў асноўным кампенсавала страты толькі прыхільнікам Расіі, ужо ў снеж. 1758 хадзілі чуткі аб стварэнні канфедэрацыі супраць рас. войск у Полацкім і Віцебскім ваяв.

Увесну 1759 рас. армія пачала новае наступленне за р. Одэр. Нягледзячы на паражэнні, Прусія знайшла сілы наносіць удары ў адказ, і ў 1759 прускія войскі ўпершыню ўвайшлі ў Вял. Польшчу. Падканцлер ВКЛ М.Сапега лічыў неабходным каралю прыехаць у Рэч Паспалітую і стварыць канфедэрацыю супраць прусакоў. Прусія заявіла, што ўводзіць войскі ў Вял. Польшчу для разбурэння рас. магазінаў (складоў). Урад Рэчы Паспалітай зрабіў выгляд, што задаволены прускімі тлумачэннямі, і Рэч Паспалітая зноў захавала нейтралітэт. Чартарыйскія, незадаволеныя супрацоўніцтвам Расіі з каралеўскім дворам, у 1760 зблізіліся з Францыяй і прафранцузскай партыяй Браніцкага. У выніку каралеўскі двор імкнуўся з дапамогай зрыву пасольскіх соймікаў перашкодзіць Браніцкаму і Чартарыйскім атрымаць перавагу на сойме. У ВКЛ па загаду М.К.Радзівіла была сарвана значная колькасць соймікаў (віленскі, вількамірскі, троцкі, упіцкі, новагародскі, берасцейскі, мсціслаўскі, рэчыцкі і інш.). На большасці соймікаў, аднак, «Фаміліі» і Браніцкаму ўдалося правесці выбар сваіх прыхільнікаў пасламі на сойм. У выніку напружанай сітуацыі сойм 1760 быў сарваны. У час выбараў на Трыбунал ВКЛ 1761 каралеўскі двор усімі сіламі імкнуўся дамагчыся аслаблення «Фаміліі». У выніку на выбарах перамаглі Радзівілы. У 1762 умацаваліся Чартарыйскія і аслаблі пазіцыі каралеўскага двара. У ВКЛ смерць М.К.Радзівіла дапамагла Чартарыйскім перамагчы на Трыбунале ВКЛ 1762. Радзівілы, аднак, хутка аднавілі сваю моц. Ужо ў час выбараў на сойм 1762 у ВКЛ былі абраны ў асноўным радзівілаўскія прыхільнікі. К.С.Радзівіл дапамагаў, але ў выніку процідзеяння Чартарыйскіх сойм быў сарваны. Найб. аслабілі пазіцыі каралеўскага двара перамены на міжнар. арэне. Пасля ўступлення на рас. трон у канцы 1761 прусафіл Пётр ІІІ спыніў баявыя дзеянні і вярнуў Прусіі ўсе занятыя тэрыторыі, а 24.4.1762 заключыў з ёю саюзны дагавор. Аб выхадзе з вайны аб’явіла Швецыя. Фрыдрых ІІ з дапамогай рас. войск выціснуў аўстрыйскія войскі з Сілезіі і Саксоніі. З уступленнем на рас. трон у ліп. 1762 Кацярыны ІІ Расія разарвала саюз з Прусіяй і прыпыніла ваеныя дзеянні. Усе рас. войскі былі выведзены з тэатра ваенных дзеянняў і праз Рэч Паспалітую ў кастр. 1762 вярнуліся ў Расію. С.в. скончылася Губертусбургскім мірам, заключаным 4.2.1763 з аднаго боку Прусіяй, а з другога Аўстрыяй і Саксоніяй. Згодна з ім Сілезія і графства Глац канчаткова прызнаны ўладаннямі Прусіі. Для Рэчы Паспалітай С.в. прынесла зруйнаванне маёнткаў у Вял. Польшчы і ВКЛ, абясцэньванне грошай, знішчэнне гандлю ВКЛ праз Каралявец, дэмаграфічныя страты, аслабленне суверэнітэту з-за уваходжанне рас. і прускіх войскаў.

Літаратура:

Konopczyński W. Polska w dobie wojny siedmioletniej. Cz. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11.

Яго ж. Od Sobieskiego do Kościuszki. Kraków, 1921.

Яго ж. Fryderyk Wielki a Polska. Poznań, 1981.

Czeppe M. Kamaryla pana z Dukli: Kształtowanie się obozu politycznego Jerzego Augusta Mniszcha, 1750—1763. Warszawa, 1998.

Носов Б.В. Установление российского господства в Речи Посполитой 1756—1768 гг. М., 2004.

© Андрэй Мацук, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.