Артыкулы: вайна за аўстрыйскую спадчыну 1740—1748
вайна за аўстрыйскую спадчыну 1740—1748.
У сувязі з адсутнасцю ў аўстрыйскага імператара Карла VI і яго памерлага старэйшага брата аўстрыйскага імператара Іосіфа І сыноў, якія маглі быць спадчыннікамі, у 1713 была прынята «Прагматычная санкцыя», згодна з якой у выпадку адсутнасці ў імператара сыноў трон пераходзіў да яго дачок. У выпадку адсутнасці ў Карла VI сыноў трон пераходзіў да дачок Іосіфа І — Марыі Юзефы і Марыі Амаліі і іх мужчынскім і жаночым спадчыннікам па праву першародства. Пасля выдачы Марыі Юзефы і Марыі Амаліі замуж (адпаведна за саксонскага курфюрста Аўгуста ІІІ і баварскага курфюрста Карла Альберта), яны адмовіліся ад аўстрыйскага трона на карысць дачкі Карла VI Марыі Тэрэзіі. «Прагматычная санкцыя» гарантавала непадзельнасць зямель Габсбургаў. У 1720—24 «Прагматычная санкцыя» была ўхвалена ўсімі землямі Аўстрыйскай манархіі. Санкцыя была апублікаваны 6.12.1724 і прызнана ўсімі манархамі Еўропы, за выключэннем Баварыі. 20.10.1740 памёр аўстрыйскі імператар Карл VI. Вайна за яго спадчыну пачалася 16.12.1740 з нападу прускага караля Фрыдрыха ІІ на Сілезію. Прускае войска перамагло аўстрыйскае ў бітве пад Мольвіцам 10.4.1741.Прусія і Францыя 5.6.1741 падпісалі саюз супраць Аўстрыі. Аўгуст ІІІ выношваў планы стаць імператарам ці хоць бы атрымаць частку спадчыны Габсбургаў. Францыя, Прусія і Аўстрыя ціснулі на Саксонію, каб яна заняла іх бок у разгарнуўшайся вайне. Адначасова пры падтрымцы Прусіі і Аўстрыі ў Рэчы Паспалітай рыхтавалася антыкаралеўская канфедэрацыя Патоцкіх, арганізацыі якой ўдала перашкодзіла групоўка «Фамілія». У ВКЛ канфедэрацыі ўвогуле не былі створаны. 19.9.1741 Саксонія далучылася да антыаўстрыйскага саюза (Франкфурцкая ўнія), які прадугледжваў падзел Аўстрыі. 28.10.1741 Аўгуст ІІІ выдаў маніфест, у якім абгрунтаваў свае прэтэнзіі на аўстрыйскую спадчыну і накіраваў саксонскія войскі ў Маравію. Яшчэ адзін прэтэндэнт на імператарскую карону, баварскі курфюрста Карл Альберт пратэставаў супраць «Прагматычнай санкцыі» і заявіў свае правы на спадчыну Габсбургаў. Свае прэтэнзіі на аўстрыйскую спадчыну прад’явіла і Іспанія, якая абгрунтоўвала іх старымі спадчынымі дамовамі паміж аўстрыйскай і іспанскай галінамі Габсбургаў. Удзел у баявых дзеянях прынялі неапалітанскі і сардзінскі каралі, кёльнскі і рэйнскі курфюрсты. У вер. 1741 баварскі курфюрст на чале свайго войска і французскага дапаможнага корпуса маршала Бель-Іля напаў на Верхнюю Аўстрыю, якая прызнала яго эрцгерцагам. Далей разам з саксонскімі і прускімі войскамі Карл Альберт захапіў Чэхію (Прага капітуліравала 27.11.1741). Вял. дапамогу ў захопе Прагі зрабілі саксонскія войскі, але Аўгуст ІІІ не атрымаў ніякіх тэрытарыяльных набыткаў. Было толькі прынята рашэнне, што Аўгуст ІІІ атрымае Маравію пад час новай ваеннай кампаніі ў 1742. На рэйхстазе 24.1.1742 у Франкурце-на-Майне баварскі курфюрст Карл Альберт быў абраны імператарам і каранаваны пад іменем Карла VII. Адначасова іспанска-неапалітанскае войска напала на аўстрыўскія ўладанні ў Італіі (Ламбардыя, Парма, Пьячэнца і Гуастала). Выратавала Марыю Тэрэзію падтрымка венграў, якія 11.9.1741 на Прэсбургскім сойме за пэўныя гарантыі самакіравання склікалі апалчэнне. Аўстрыйская армія вызваліла Аўстрыю і ў лют. 1742 увайшла ў Баварыю, якую разрабавала, але праз некаторы час была вымушана адступіць. Інш. аўстрыйскае войска не здолела вызваліць Чэхію. Фрыдрых ІІ, скарыстаўшы занятасць аўстрыйскіх войск, напаў на Маравію. Яшчэ да гэтага ён пераканаў Аўгуста ІІІ аддаць пад яго камандаванне і саксонскае войска. Аднак аб’яднаннаму пруска-саксонскаму войску не ўдалося ўзяць сталіцу Маравіі Брно. Уся ваенная кампанія ў Маравіі скончылася няўдачай, а пад час адступлення саксонская арміябыла амаль знішчана. 17.5.1742 прускія войскі атрымалі перамогу ў бітве з аўстрыйскімі пад Хатусіцам.
Рэч Паспалітая захоўвала нейтралітэт у вайне, што адпавядала інтарэсам усіх асноўных ігракоў на міжнар. арэне (Расіі, Францыі, Прусіі). Адзінай краінай, якая зрабіла спробу ўцягнуць Рэч Паспалітую ў вайну, была Аўстрыя. 12.5.1742 Марыя Тэрэзія накіравала станам Рэчы Паспалітай ліст з просьбай аказаць дапамогу супраць Прусіі. Гэты ліст быў прыхільна прыняты магнатамі і шляхтай, але Рэч Паспалітая не магла аказаць рэальнай дапамогі ў сітуацыі адсутнасці сойма і моцнай апазіцыі магнацкай групоўкі Патоцкіх, якая прыхільна ставілася да Прусіі. У 1742 нават выношваліся планы стварэння антыкаралеўскай канфедэрацыі Патоцкіх пры падтрымцы Швецыі і Прусіі. Марыя Тэрэзія пры пасрэдніцтве Англіі вырашыла прымірыцца з Фрыдрыхам ІІ, якому згодна з мірным дагаворам у Брэслаўле (11.6.1742) саступіла Сілезію і Глац. Францыя была вельмі незадаволена сепаратным дагаворам Прусіі з Аўстрыяй. Незадаволена была і Саксонія, войскі якой разам з Прусіяй ваявалі ў Чэхіі, а Аўгуст ІІІ нават збіраўся ў новай кампаніі выставіць супраць Аўстрыі 40-тысячнае войска. Саксонія аказалася перад пагрозай атакі Аўстрыі, а войскі перад магчымым знішчэннем з боку пераўзыходзячых аўстрыйскіх войск у Чэхіі. Саксонскі ўрад разлічваў у новай сітуацыі, што Францыя ў помсту нападзе на Прусію і тады ў Саксоніі будзе шанц заваяваць Сілезію. Саксонія імкнулася атрымаць у Аўстрыі і частку Сілезіі, якая тэрытарыяльна злучала Саксонію і Рэч Паспалітую, але Аўстрыя рашуча адвергла такую магчымасць. У выніку Саксонія 23.7.1742 далучылася да мірнага дагавора з Аўстрыяй. За пэўныя тэрытарыяльныя саступкі і за англійскія субсідыі заключыла мір і Сардзінія. Не жадаўшая ўмацавання Францыі Англія пагадзілася не толькі выплачваць, як раней, грашовыя субсідыі Аўстрыі, але і пачала ваенныя дзеянні ў яе падтрымку. Англійскае войска разам з гановерскімі і гесенскімі атрадамі сабралася ў Бельгіі. Англійскі флот прымусіў неапалітанскага караля да нейтралітэту. Аўстрыйскія ўладанні ў Італіі былі вызвалены. Адначасова французскі маршал Бель-Іль з-за супраціўлення быў вымушаны пакінуць Прагу, а ў снеж. 1742 быў вымушаны адступіць за р. Эгер. Аўстрыйскія войскі зноў увайшлі ў Баварыю, якая ў маі-чэрв. 1743 была вымушана прынесці прысягу Марыі Тэрэзіі. Англійскае войска разбіла французскую армію маршала Ноайля пры Дэцінгене-на-Майне. У выніку французская армія адступіла за Рэйн. Пад уплывам поспехаў Марыі Тэрэзіі і англійскіх субсідый Сардзінія і Саксонія далучылася да саюза з Аўстрыяй (адпаведна 13.9.1743 і 20.12.1743). Прычым перагаворы з Саксоніяй былі найбольш складанымі і цягнуліся з пач. 1743. У выніку Аўстрыя пайшла на заключэнне саюза толькі пасля таго, як Саксонія аказала вял. дапамогу ў прымірэнні з Расіяй. У той жа час Аўстрыя не пагадзілася на саступкі на ніводную з саксонскіх просьб аб тэрытарыяльных набытках. Згодна дагавору Саксоніі і Аўстрыі меркавалася далучыць да яго Расію, Англію і Рэч Паспалітую. Нягледзячы на старанні Прусіі ў 1743 «Фаміліі» ў Рэчы Паспалітай удалося перашкодзіць стварэнню антыкаралеўскіх канфедэрацыя Патоцкіх як у Кароне, так і ў ВКЛ. 4.2.1744 Саксоніі ўдалося атрымаць яшчэ адну значную дыпламатычную перамогу і заключаць саюз з Расіяй. Згодна яму, абедзьве дзяржавы абяцалі ў выпадку нападзення даслаць на вайсковую дапамогу: Расія — 4 тыс. кавалерыі і 8 тыс. пяхоты, а Саксонія — 3 тыс. кавалеры і 5 тыс. пяхоты. Акрамя таго, планавалася далучыць да саюза і Рэч Паспалітую. Англійскі флот паспяхова атакаваў французскі ўвесну 1744, а аўстрыйская армія перайшла Рэйн і напала на Эльзас. Аўстрыйскаму наступленню перашкодзіла Прусія, якая парушыла мірны дагавор і 5.6.1744 далучылася да Франкфурцкай уніі з Баварыяй, Рэйнам, Гесэн-Касэлем і Францыяй. Прусія ўмацавала свае пазіцыі і саюзным дагаворам з Расіяй. Перагаворы паміж Расіяй і Прусіяй пачаліся яшчэ ў жн. 1742 і скончыліся толькі ў канцы 1742. Гал. мэтай Фрыдрыха ІІ было ўключэнне ў дагавор пункта, які зацвярджаў бы Сілезію і Глац за Прусіяй. Рас. імператрыца Лізавета Пятроўна заключэннем дагавора пазбягала магчымай дапамогі Прусіі прадстаўнікам звергнутай Брауншвейгскай дынастыі. У выніку 27.3.1743 быў падпісаны саюзны дагавор паміж Расіяй і Прусіяй. Расія прама не прызнавала за Фрыдрыхам ІІ Сілезію і Глац, але ў тытулатуры называла яго ўладаром Сілезіі, Глаца, Юліха і Берга. Адначасова рас. ўрад даў згоду далучыцца да Брэслаўскага дагавора, што і было зроблена 12.11.1743. Згодна дагавору Расіі і Прусіі абедзьве дзяржавы ў выпадку вайны абяцалі ўзаемную ваенную дапамогу ў 3 тыс. пяхоты і 2 тыс. кавалерыі. Саксонскі двор зразумеў, што яго галоўным супернікам стала захапіўшая Сілезію Прусія, а не Аўстрыя. У выніку Саксонія 13.5.1744 заключыла саюзны дагавор з Аўстрыяй. У сваю чаргу, Фрыдрых II запатрабаваў у Аўгуста ІІІ права вольнага праходу прускіх войск, бо яны ідуць у Чэхію на дапамогу імператару. Фрыдрых ІІ не дачакаўся адказу Аўгуста ІІІ і 11.8.1744 увайшоў у Саксонію. Амаль адначасова з’явіліся планы стварэння антыкаралеўскіх канфедэрацый у Рэчы Паспалітай пры падтрымцы Францыі і Прусіі. 4 прускія арміі хутка прайшлі праз Саксонію, якая была не ў стане перашкодзіць ім. 23.8.1744 прускія войскі напалі на Чэхію і 16.9.1744 захапілі Прагу. Гэта прымусіла аўстрыйскія войскі не толькі адступіць з французскай мяжы, але і з Баварыі. Большасць магнатаў і шляхты Рэчы Паспалітай падтрымлівала Аўгуста ІІІ і яго саюзніцу Аўстрыю, але выступала за захаванне Рэччу Паспалітай нейтралітэту. На сойме Рэчы паспалітай 1744 каралеўскі двор і «Фамілія» спрабавалі правесці рэформы, якія б прывялі да павелічэння войска. Аднак з-за прускага і французскага супрацьдзеяння, а таксама адсутнасці рас. падтрымкі сойм скончыўся безвынікова. У пач. 1745 аўстрыйцы перамаглі баварцаў і французаў пры Амберзе, 15.4.1745 — гесенцаў пры Пфафенгофене. 20.1.1745 памёр Карл VII, а яго сын Маскіміліян 22.4.1745 у Фюсэне заключыў з Аўстрыяй мір, па якому адмовіўся ад прэтэнзій на імператарскую карону. Францыя бачыла новым кандыдатам на імператарскі трон Аўгуста ІІІ, але той разумеў, што супраць гэтага будуць Аўстрыя, Расія і Прусія. Таму Аўгуст ІІІ адмовіўся ад сваіх прэтэнзій на выбар імператарам. 18.5.1745 Аўстрыя заключыла новы дагавор з Саксоніяй. За голас Аўгуста ІІІ на карысць мужа Марыі Тэрэзіі Францыска Стафана Аўстрыя абяцала Саксоніі вузкі карыдор з сілезскіх зямель, якім злучаліся Рэч Паспалітая і Саксонія, а Марыя Тэрэзія абяцала трон Рэчы Паспалітай сыну Аўгуста ІІІ Ксаверыю. У сваю чаргу, Аўгуст ІІІ абяцаў аказаць ваенную дапамогу супраць Прусіі і дамагчыся такой дапамогі ад Рэчы Паспалітай. У выніку 13.9.1745 новым імператарам быў абраны муж Марыі Тэрэзіі Францыск Стафан пад імём Франца І. 18.1.1745 у Варшаве Саксонія падпісала антыпрускі саюз з Аўстрыяй, Англіяй і Галандыяй. Аўгуст ІІІ абяцаў сабраць 50-тысячнае войска на дапамогу абароны Чэхіі ад Прусіі за субсідыі Англіі і Галандыі. За гэта ў выпадку перамогі Саксоніі абяцалі пэўныя тэрытарыяльныя набыткі. У выніку аўстрыйскім войскам разам з 20-тысячным сасконскім корпусам удалося вызваліць ад прускіх войск Чэхію. Паражэнне Прусіі прывяло Аўгуста ІІІ да ідэі атакі ў Сілезіі. Аўстрыйскія і саксонскія войскі накіраваліся на захоп Сілезіі. 4.6.1745 прускія войскі пад камандаваннем Фрыдрыха ІІ атрымалі перамогу пад Штрыгаў над аб’яднанным аўстрыйска-саксонскім войскам Карла Латарынгскага і Іагана Адольфа Саксен-Вейсенфельса. 23.7.1745 прускія войскі напалі на Саксонію. 30 вер. пад Соор прускаму войску Фрыдрыха ІІ удалося перамагчы аўстрыйскае войска Карла Латарынгскага. Рас. ўрад на працягу 1745 разглядаў магчымасць аказаць ваенную дапамогу Саксоніі супраць Прусіі. Фрыдрых ІІ, у сваю чаргу, імкнуўся атрымаць рас. войскі на падставе таго, што саксонскія войскі напалі на Сілезію, якая належала Прусіі. Рас. ўрад сцвярджаў, што не прызнаваў прыналежсці Сілезіі Прусіі і таму лічыць нападзенне апошняй на Саксонію нічым не абгрунтаваным. Толькі 3.10.1745 было прынята канчатковае рашэнне аб адпраўцы рас. войск на дапамогу Саксоніі. Рас.войскі ў колькасці 50 тыс. салдат павінны былі сабрацца ў Курляндыі і пачаць наступленне вясной 1746. Перашкодзілі гэтым планам мірныя перагаворы Прусіі з Аўстрыяй і Саксоніяй. Пры пасрэдніцтве Англіі Аўстрыя і Саксонія заключылі 25.12.1745 новы мір з Прусіяй, згодна якому Вена зноў прызнала правы Прусіі на Сілезію і Глац. Саксонія была вымушана пайсці на гэтыя перагаворы, бо прускія войскі, каб не даць злучыцца аўстрыйскім і саксонскім вайскам, увайшлі ў Лужыцы і 23.11.1745 пры Грос-Генерсдорфе перамаглі саксонцаў. Асноўныя саксонскія сілы не прынялі ўдзел у гэтай бітве і знаходзіліся непадалёку ад Дрэздэна. Фрыдрых ІІ прыняў рашэнне разграміць саксонскую армію і паслаў супраць яе прускае войска пад камандаваннем прынца Леапольда Ангальт-Дэсаў. 15.12.1745 прускія войскі разграмілі саксонскую армію. Аўстрыйскія войскі былі вымушаны адступаць у Чэхію, а прускія войскі занялі ўсю Саксонію. Гэта прывяло да амаль поўнага яе эканамічнага вынішчэння.
Вайна мела вял. значэнне для палітыкі каралеўскага двара ў Рэчы Паспалітай. У выніку разрабавання прускімі войскамі Саксоніі Аўгуст ІІІ страціў магчымасць выкарыстоўваць значныя фінансавыя сродкі з Саксоніі ў фарміраванні прыдворнай партыі ў Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, Аўгусту ІІІ прыйшлося больш увагі ўдзяляць справам Саксоніі, каб правесці там неабходныя рэформы дзярж. ладу і атрымаць перавагу ў барацьбе з апазіцыяй яго палітыкі цэнтралізацыі. Са снеж. 1745 Расія і Аўстрыя праводзілі перагаворы аб саюзе, які быў заключаны 2.6.1746у Пецярбургу. Згодна дагавору, абедзьве краіны абавязаліся ў выпадку нападзення выслаць у дапамогу корпус войск, які павінен складацца з 20 тыс. пяхоты і 10 тыс. кавалерыі. Праўда, дагавор не распаўсюджваўся на тэрыторыі Італіі і Персіі і не датычыў Аўстрыі з Францыяй. Згодна дагавору, у выпадку нападзення Прусіі на Аўстрыю ці Расію ці нават Рэч Паспалітую Вена і Пецярбург абавязаліся выставіць па 60 тыс. жаўнераў. Абедзьве дзяржавы абавязаліся дзейнічаць у Рэчы Паспалітай ў згодзе. Садзейнічала збліжэнню Аўстрыі і Расіі імкненне Прусіі заключыць саюз са Швецыяй, што ацэньвалася ў Пецярбургу як умяшальніцтва ў рас. сферу інтарэсаў. 29.5.1747 Швецыя і Прусія заключылі саюзны дагавор, да якога ў снеж. 1747 далучылася Францыя. Нягледзячы на саюз з Аўстрыяй і Расіяй, 21.4.1746 Саксонія падпісала субсідны трактат з Францыяй. Парыж выплаціў 1,5 млн. франкаў за захаванне Саксоніяй нейтралітэту ў вайне. Фактычна Аўгуст ІІІ замест актыўнай знешняй палітыкі выбраў фінансавыя сродкі, якія былі неабходны для выплаты кантрыбуцыі Прусіі і аднаўлення Саксоніі.
Ва Усх. і Цэнтр. Еўропе пасля Дрэздэнскага дагавора ўсталяваўся мір. У Італіі і Бельгіі ваенныя дзеянні працягваліся. У 1745 Францыя акупіравала амаль усе аўстрыйскія ўладанні ў Італіі. Генуя разарвала супрацоўніцтва з Аўстрыяй і перайшла на бок Францыі. Саюзнік Аўстрыі Сардзінія ледзьве ўтрымалася толькі ў Пьемонце і Савое. Заключэнне Дрэздэнскага міра дало магчымасць Аўстрыі перакінуць свае войскі ў Італію. 16.6.1746 аўстрыйская армія перамагла французска-іспанскае войска пад П’янчэнцай. 6.9.1746 была захоплена Генуя, праўда, ужо 5 снеж. паўстаўшыя гаражане вызвалілі горад. Аўстрыйцы і сардзінцы адваявалі ўсе ўладанні ў Італіі і нават увайшлі на кароткі час у Паўд. Францыю. Акрамя таго, удалося адбіць французскае наступленне на Пьемонт, але французам удалося вызваліць акружаную Геную (крас.—чэрв. 1747). Французам удалося ўзяць рэванш у Бельгіі, дзе незаконнанароджаны сын Аўгуста ІІ Морыц Саксонскі захапіў фактычна ўсю Бельгію і галандскія крэпасці Берген-ап-Зоам і Маастрыхт. Морыц Саксонскі атрымаў перамогі над войскамі саюзнікаў пад Фантэнуа (12.5.1745), пад Року (11.10.1746), пры Лафельдзе (2.7.1747). Гэта вымусіла Аўстрыю шукаць міра, нягледзячы на тое, што на яе баку 2.6.1747 стала Расія і выслала сваё войска пад камандаваннем фельдмаршала Ласі да Рэйна. У крас. 1748 пачаўся мірны кангрэс у Аахене, на якім 18.10.1748 заключаны мір. Згодна яму, Аўстрыя саступіла дону Філіпу Іспанскаму герцагствы Парма, П’янчэнца і Гуастала. Рэч Паспалітая не прымала ўдзелу ў вайне, але яе вынікі аказалі значны ўплыў на ўнутрыпаліт. сітуацыю ў дзяржаве. Захоп Прусіяй Сілезіі прывёў да поўнага фіяска планаў каралеўскага двара аб тэрытарыяльным злучэнні Саксоніі з Рэччу Паспалітай («сілезскім калідорам»). Узмацненне Прусіі ў выніку вайны прывяло да павелічэння колькасці прускіх прыхільнікаў сярод антыкаралеўскай апазіцыі ў Рэчы Паспалітай. Занятасць Аўстрыі змаганнем з прэтэндэнтамі на аўстрыйскую спадчыну прывяло да змяншэння яе цікавасці адносінамі з Рэчу Паспалітай. У той жа час вайна аказала малы ўплыў на дамініраванне Расіі ў Рэчы Паспалітай.
Літаратура:
Skibiński M. Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką. Т. 1—2. Kraków, 1912.
Horn D. Saxony in the War of the Austrian Succession // English Historical Review. 1929. T. 44.
Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.
Соловьев С. Сочинения. Кн. 11. М., 1993.
Browning R. The War of the Austrian Succession. New York, 1993.
Anderson M. The War of the Austrian Succession 1740—1748. London; New York, 1995.
Hanke R. Brühl und das Renversement des alliances: Die antipreussusche Aussenpolitik des Dresdener Hofes 1744—1756. Berlin, 2006.
© Андрэй Мацук, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне