Артыкулы: вайна за польскую спадчыну 1733—1738

вайна за польскую спадчыну 1733—1738 —міжнародны ўзброены канфлікт за дамінаванне ў Рэчы Паспалітай пасля смерці караля Аўгуста ІІ.

Праблема польскай спадчыны ўзнікла ў 1725, калі французскі кароль Людовік XV ажаніўся на дачцы былога караля польскага і вял. князя літоўскага Станіслава Ляшчынскага Марыі. Гэта дало новы імпульс памкненням Ляшчынскага пры падтрымцы французскай дыпламатыі вярнуцца на трон Рэчы Паспалітай. Вял. падтрымку кандыдатура Ляшчынскага атрымала ў ВКЛ. Тут у апошнія гады панавання Аўгуста ІІ перавагу ва ўнутрыпаліт. жыцці атрымала антыкаралеўская апазіцыя на чале з магнацкімі родамі Пацеяў, Сапегаў, Агінскіх. Ян Казімір Сапега і Крыштаф Урбановіч нават імкнуліся дамагчыся ад рас. ўрада згоды на кандыдатуру Ляшчынскага. Спадзяванні, што наступным каралём будзе Ляшчынскі, узмацнялі апазіцыйную дзейнасць, і апазіцыянеры разам з магнацкім родам Патоцкіх былі ініцыятарамі зрыву апошніх соймаў у час панавання Аўгуста ІІ (1729, 1730, 1732). Смерць Аўгуста ІІ 2.2.1733 паклала пачатак бескаралеўю. Кіраўніком краіны стаў адзін з гал. прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага прымас Рэчы Паспалітай Тэадор Патоцкі. Смерць Аўгуста ІІ нечакана да непазнавальнасці змяніла раўнавагу сілаў у Рэчы Паспалітай. Пасля пэўных развагаў былая дворская партыя Чартарыйскіх пайшла на супрацоўніцтва з апазіцыйнай двару групоўкай Патоцкіх у справе выбару каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. Катэгарычна супраць кандыдатуры Ляшчынскага выступалі суседзі Рэчы Паспалітай: Расія і Аўстрыя. Венскі двор прапаноўваў партугальскага інфанта Эмануіла, але прыхільна ставіўся і да кандыдатуры саксонскага курфюрста Фрыдэрыка Аўгуста. Пецярбургскі двор выступаў за выбар на трон якога-небудзь прыхільнага Расіі «пяста» (сярод магчымых кандыдатаў былі Януш і Міхал Вішнявецкія, Павал Сангушка, Тэадор Любамірскі, Мікалай Фаўстын і Міхал Казімір Радзівілы). Асн. спадзяванні Пецярбург ускладаў на магнатаў ВКЛ. Спецыяльна да трох з іх (Міхала Вішнявецкага, Антонія Казіміра Сапегі і Паўла Сангушкі) былі пасланы расійскія прадстаўнікі Францішак Дарэўскі і Юры Лівен з лістамі ад імператрыцы Ганны Іаанаўны. Вішнявецкаму і Сангуку яны павінны былі нават прапанаваць рас. падтрымку ў выпадку іх жадання прэтэндаваць на трон Рэчы Паспалітай. Рас. пасол Фрыдэрык Казімір Левенвольдэ намагаўся стварыць канфедэрацыю з былых апазіцыянераў Аўгусту ІІ у ВКЛ (у асноўным прадстаўнікоў магнацкіх родаў Сапегаў і Агінскіх), але, не атрымаўшы ад іх ніякіх гарантыяў, адмовіўся ад гэтай ідэі. Сапегі і Агінскія даволі хутка выказаліся за Станіслава Ляшчынскага, бо ўжо даўно адначасова ўтрымлівалі кантакты і з Расіяй і Францыяй і дзейнічалі ў апошнія гады ў інтарэсах Ляшчынскага. Пры грашовай падтрымцы французскага пасла Антонія Фелікса Манці на канвакацыйным сойме 1733 была створана канфедэрацыі і прынята пастанова аб тым, што будучым каралём павінен быць толькі «пяст» і католік. Фактычна гэтай пастановай з магчымых кандыдатаў выключаўся саксонскі курфюрст — сын Аўгуста ІІ. Элекцыйны сойм пад кіраўніцтвам прымаса Тэадора Патоцка, нягледзячы на супраціў некаторых магнатаў і шляхціцаў, абраў 13.9.1733 каралём польскім і вял. князем літоўскім Станіслава Ляшчынскага. Яшчэ да элекцыйнага сойма, у жн. 1733 у ВКЛ увайшлі рас. войскі. Расія аспрэчвала легітымнасць выбару Ляшчынскага, бо пастановамі сойма 1717 ён быў пазбаўлены права прэтэндаваць на карону Рэчы Паспалітай.

Францыя выступіла ў абарону выбару Станіслава Ляшчынскага і аб’вясціла вайну Аўстрыі. Гэта фактычна распачало агульнаеўрапейскі канфлікт. Супраць Ляшчынскага выказалася значная частка магнатаў ВКЛ на чале з канцлерам ВКЛ і рэгіментаром войск ВКЛ Міхалам Вішнявецкім. Другая частка праціўнікаў Ляшчынскага пры фінансавай падтрымцы рас. прадстаўніка Лівена яшчэ ў час перадэлекцыйнага сойміка (14—16.7.1733) стварыла ў Новагародскім ваяв. канфедэрацыю. У выніка шляхта Новагародскага ваяв. не прыняла ўдзел у элекцыйным сойме і стала ініцыятарам стварэння канфедэрацыі праціўнікаў Ляшчынскага і выбара каралём пад імём Аўгуста ІІІ саксонскага курфюрста Фрыдэрыка Аўгуста (5.10.1733). Напярэдадні выбараў 4.10.1733 да яе далучылася і частка магнатаў і шляхты ВКЛ пад кіраўніцтвам Міхала Вішнявецкага, якія пасля адмовы прэтэндаваць на трон кракаўскага кашталяна Януша Вішнявецкага пагадзіліся абраць каралём саксонскага курфюрста. Прыхільнікі Ляшчынскага былі вымушаны адступіць перад пераўзыходзячымі рас. войскамі. Сам Станіслаў Ляшчынскі з большасцю сваіх прыхільнікаў накіраваўся ў Гданьск, дзе спадзяваўся хутчэй атрымаць вайсковую дапамогу Францыі. 23.2.1734 пачалася аблога Гданьска рас. войскамі. 5.3.1734 іх узначаліў фельдмаршал Бурхард Мініх. На дапамогу Гданьску прыбыла толькі каля 2 тыс. французскіх войск і некалькі сотняў шведаў. Такой дапамогі ад Францыі было недастаткова. 7.7.1734 Гданьск капітуліраваў. Пад час аблогі Гданьска па ўсёй Рэчы Паспалітай ствараліся канфедэрацыі ў абарону Станіслава Ляшчынскага. У ВКЛ першая такая канфедэрацыя была створана шляхтай Ашмянскага пав. Далей канфедэрацкі рух перакінуўся на бліжэйшыя паветы і ваяводствы (11.2.1733 створана канфедэрацыя Лідскага пав.). 5.4.1734 у Вільні створана Генеральная канфедэрацыя ВКЛ у абарону вольнага выбара Станіслава Ляшчынскага. Яе маршалкам быў абраны віцебскі ваявода Марцін Агінскі. Асн. сілы канфедэратаў тым часам рушылі з Ашмянскага пав. ў Новагародскае ваяв. і спыніліся пад Карэлічамі. Туды прыбывалі атрады з інш. паветаў. Далучыліся да канфедэратаў і некаторыя часці войска ВКЛ, якія не паслухаліся загада рэгіментара ВКЛ Міхала Вішнявецкага і падтрымалі Ляшчынскага. У выніку пад Карэлічамі сабраліся значныя сілы канфедэратаў, якія Марцін Матушэвіч ацэньваў у 8 тыс. чал. Баявыя дзеянні вяліся сіламі нязначных атрадаў. Канфедэраты выйгралі некалькі баёў з войскамі ВКЛ і рас. атрадамі — пад Новым Местам, Кадышам, Луннай, Вільняй (гл. Віленская бітва 1734), Слонімам і інш. Гэта не магло паўплываць на агульную сітуацыю ў ВКЛ, і канфедэраты былі вымушаны ўвесь час адступаць ад пераўзыходзячых рас. войск і аддзелаў войск ВКЛ пад камандаваннем Міхала Вішневецкага, Міхала Казіміра Радзівіла, Мікалая Фаўстына Радзівіла, Багуслава Незабытоўскага. У ліст. 1734 рэгіментар ВКЛ Антоні Пацей (прызначаны Ляшчынскім замест Міхала Вішнявецкага) пад Пружанамі падзяліў гал. сілы канфедэратаў. Сам з конніцай рушыў пад Йохансбург, а пяхота пайшла ў бок Берасця. Ёю камандаваў чашнік ВКЛ Юзаф Шчыт, які, зразумеўшы, што не ўдасца адарвацца ад 2-тысячнага войска Міхала Казіміра Радзівіла, што яго праследавала (надворныя харугвы, войска ВКЛ і 300 рас. драгун), вырашыў прыняць бой, акапаўшыся на забалочаным беразе р. Ясельда пад мястэчкам Сялец у Берасцейскім ваяв. Сялецкая бітва 1734 скончылася поўным разгромам канфедэратаў. Гал. сілы канфедэратаў пад камандаваннем Пацея, праследуемыя рас. войскамі, прайшлі па маршруту: Берасцейскае ваяв.—Пінскі пав.—Новагародскае ваяв.—Менскае ваяв.—Ашмянскі пав.—Віленскае ваяв. У Віленскім ваяв. пазбеглі бітвы з пераўзыходзячымі рас. войскамі толькі паспеўшы перайсці на іншы бераг замёршай р. Вілія. Пад Прэнамі прымусілі да ўцёкаў рас. атрад і рушылі на З. Там да іх у сак. 1735. далучыліся канфедэрацкія войскі з Валыні. Аб’яднаныя сілы канфедэратаў пасля ўпартай бітвы пад Бортнікамі і пад ціскам пераўзыходзячых войск праціўніка рушылі ў Польшчу. Адсутнасць асн. сіл канфедэратаў не змяніла пазіцыі шляхты ВКЛ і менавіта тут назіраліся найбольшыя выступленні супраць прымірыцельнага сойма Рэчы Паспалітай 1735. Пасля падзення Гданьска і заключэннем Францыяй перамір’я колькасць прыхільнікаў Ляшчынскага паменшылася і да наступнага прымірыцельнага сойма 1736 шляхта і вядучыя магнацкія роды ВКЛ прызналі каралём Аўгуста ІІІ.

Шмат у чым няўдача прыхільнікаў Ляшчынскага была звязана з тым, што Францыя вяла асн. баявыя дзеянні ў Італіі і Германіі. Для Францыі і яе саюзнікаў удала адбываліся баявыя дзеянні ў Італіі. 25.5.1734 пад Бітонта іспанскія войскі нанеслі паражэнне аўстрыйскім войскам і фактычна ўсталявалі панаванне Іспаніі ў Паўд. Італіі. 29.6.1734 французскія войскі разбілі аўстрыйскія пад Пармай. Аўстрыйцы атрымалі перамогі над французамі ў ліп. 1734 пад Куістэла і 14 вер. пад Сек’яй. У Германіі французскім войскам, нягледзячы на супраціўленне аўтрыйцаў пад камандаваннем Яўгенія Савойскага, удалося ўзяць стратэгічна важную крэпасць Філіпсбург. 5.10.1735 у Вене падпісана перамір’е паміж Францыяй і Аўстрыяй. Канчатковы мір падпісаны ў Вене толькі ў 1738. Францыя прызнала каралём польскім і вял. князем літоўскім Аўгуста ІІІ, за Станіславам Ляшчынскім пажыццёва захоўваўся каралеўскі тытул. Ляшчынскаму перадаваліся ў пажыццёвае ўладанне Латарынгія і графства Бар, якія пасля яго смерці далучаліся да Францыі. Аўстрыя адмовілася ад часткі Міланскага герцагства (дасталося Сардзініі) і Каралеўства Абедзвюх Сіцылій (дасталося малодшай галіне іспанскіх Бурбонаў). У Рэчы Паспалітай вайна прывяла да ўзмацнення рас. уплыву.

Літаратура:

Герье В. Борьба за польский престол в 1733 году. М., 1862.

Kantecki K. Po zgonie Augusta II // Przewodnik naukowy i literacki. 1877.

Яго ж. Stronnictwo saskie w Polsce roku 1733: kilka rysów do charakterystyki ludzi i czasu // Niwa. 1877. T. 11.

Яго ж. Stanisław Poniatowski kasztelan krakowski, ojciec Stanisława Augusta. T. 1—2. Poznań, 1880.

Pamiętnik Tadeusza Ogińskiego // Przegląd Historyczny. 1914. Z. 1.

Dygdała J. Dylematy austriackiej polityki wobec Rzeczypospolitej podczas bezkrólewia 1733 roku // Acta Universitatis Nicolai Copernici. Historia. 1993. № 28.

Яго ж. Postawa «familii» Czartoryskich w bezkrólewiu 1733 roku z perspektywy Wiednia // Między wielką polityką a szlacheckim partykularzem. Toruń, 1993.

Яго ж. Kwestia dysydencka w Rzeczypospolitej doby bezkrólewia 1733 roku // Zapiski Historyczne. 1997. № 1.

Яго ж. Saskie próby infiltracji środowisk szlacheckich podczas bezkrólewia 1733 roku // Kwartalnik Historyczny. 2003. Z. 4.

Lisek A. Litwini na sejmie elekcyjnym w 1733 roku // Z dziejów XVII i XVIII wieku: Księga jubileszowa ofiarowana Profesorowi Michałowi Komaszyńskiemu. Katowice, 1997.

Яго ж. Postawa Radziwiłłów w okresie przedostatniego bezkrólewia i w pіerwszych miesiącach wojny domowej (1733—1734) // Radziwiłłowie: Obrazy literackie. Biografie. Świadectwa historyczne. Lublin, 2003.

Sliesoriūnas F. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė 1733—1736 metų tarpuvaldžiu // Lietuvos valstybė XII—XVIII a. Vilnius, 1997.

Niedziela R. Pisma polityczne w okresie bezkrólewia i wojny o tron polski po śmierci Augusta II Mocnego (1733—1736). Kraków, 2005.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.