Артыкулы: Пацей Аляксандр

Пацей Аляксандр (?—сак. 1770) — дзяржаўны дзеяч. Падчашы ВКЛ з 1724, ковенскі гродскі стараста з 1736, віцебскі кашталян з 1739, троцкі кашіалян з 1740, троцкі ваявода з 1742. Пасол на соймы 1718 і 1722.

З роду Пацеяў, сын Казіміра Аляксандра Пацея і Ганны Тэрэзы з Летаў-Форбекаў, брат Антонія Пацея. Пад час бескаралеўя 1733—36 падтрымаў кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага на трон Рэчы Паспалітайі ваяваў у шэрагах яго прыхільнікаў у ВКЛ. Пасля таго, як ў ліп. 1734 яго брат, генеральны рэгіментар Антоні Пацей на чале кавалерыі рушыў да пруская мяжы, узначаліў войскі канфедэратаў Ляшчынскага. Перад набліжэннем рас. войск і атрадаў прыхільнікаў Аўгуста ІІІ адступіў да Сяльца і перадаў камандаванне над войскамі чашніку ВКЛ Юзафу Шчыту. У выніку Сялецкай бітвы 1734 войска прыхільнікаў Ляшчынскага было цалкам разгромлена. П. прызнаў Аўгуста ІІІ каралём у 1735. У барацьбе кааліцыі Сапегаў, Чартарыйскіх, Масальскіх і Салагубаў супраць Радзівілаў у 1741—43 падтрымаў апошніх. Клапаціўся аб выбарах прыхільных Радзівілам дэпутатаў на троцкіх грамнічных сойміках 1742 і 1743. У 1742 пры яго падтрымцы дэпутатам Трыбунала ВКЛ у Троках быў абраны радзівілаўскі кандыдат на ўрад маршалка Трыбунала полацкі кашталян Валер’ян Жаба. У 1745, пасля настойлівых просьб Аўгуста ІІІ, пагадзіўся быць абраным троцкім дэпутатам Трыбунала ВКЛ і стаць трыбунальскім маршалкам за каралеўскае абяцанне ўрадаў для яго сыноў. У 1746 у інтарэсах кааліцыі Радзівілаў, Сапегаў і Чартарыйскіх пільнаваў Троцкі соймік ад дзеянняў Агінскіх і Салагубаў. У 1755 разглядаўся лідэрам прыдворнай партыі, надворным каронным маршалкам Ежы Мнішакам як адзін з магчымых лідэраў прыдворнай партыі ў ВКЛ, незалежнай ад Радзівілаў і Чартарыйскіх. Пад час барацьбы паміж Чартарыйскімі і Радзівіламі ў 1755—57 дапамагаў апошнім. У 1757 разам з сваім сынам Людвікам разглядаўся як магчымы кандыдат каралеўскага двара на ўрад маршалка Трыбунала ВКЛ, што павінна было сцішыць барацьбу Радзівілаў і Чартарыйскіх. У 1760 зноў разглядаўся як магчымы кандыдат на ўрад трыбунальскага маршалка. У 1762 быў адным з кандыдатаў на ўрад віленскага ваяводы. Меў вял. шанцы атрымаць яго як нейтральная асоба ў барацьбе Радзівілаў і Чартарыйскіх, але сам мала клапаціўся аб яго. У бескаралеўе 1763—64і першыя гады панавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага быў малаактыўны ў паліт.

Літаратура:

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Мацук А. Роль М.Чорторийського під час розподілу повітових урядів у ВКЛ в 40-х рр. XVIII ст. // Український історичний збірник. Київ, 2007. Вип. 10.

Яго ж. Войска як інструмент усталявання ўлады Аўгуста ІІІ у ВКЛ у 1733—1735 г. // Бел. гіст. агляд. 2008. Т. 15. Сш. 1—2.

Яго ж. Барацьба магнацкіх груповак вакол Трыбунала ВКЛ 1743 г. // Украінскі історычні огляд. Київ, 2009. Вип. 12.

Яго ж. Размеркаванне трыбунальскіх урадаў у межах магнацкай кааліцыі ў 1745 г. // Веці НАН Беларусі. Сер. гуман. навук. 2009. № 3.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.