Артыкулы: Салагуб Ян Міхал

Салагуб Ян Міхал (?—8.5.1748) — дзяржаўны дзеяч. Чашнік жамойцкі (1713), падкаморы гастынскі (1722 г.), лоўчы ВКЛ (1724), падскарбі ВКЛ (1731), ваявода берасцейскі (1746).

З роду Салагубаў, сын Гераніма Салагуба і Кацярыны Ганны з Гротузаў. Удзельнічаў у Паўночнай вайне 1700—21. Спачатку далучыўся да «рэспубліканцаў» і прыхільнікаў Аўгуста ІІ, але з 1708 у лагеры Станіслава Ляшчынскага. У 1709 вярнуўся ў шэрагі прыхільнікаў Аўгуста ІІ. У час дзейнасці Тарнагродскай канфедэрацыі спрабаваў пазбегнуць стварэнню канфедэрацыі ў сваім рэгіменце драгун, але пад націскам канфедэратаў быў вымушаны саступіць. З пач. 1720-х г. супрацоўнічаў з каралеўскім фаварытам Станіславам Панятоўскім і зрабіў імклівую кар’еру. Пасол на соймы 1724, 1726, 1729. На сойме 1726 удзельнічаў у працы камісіі па перагаворах з рас. дыпламатамі. У канцы 1720-х г. прыняў удзел у барацьбе магнацкіх родаў за «Нойбургскія маёнткі». У 1730 пры падтрымцы Пацеяў абраны дэпутатам і маршалкам Трыбунала ВКЛ. 9.12.1731 купіў у Станіслава Панятоўскага за 400 тыс. злотых урад падскарбія ВКЛ. У 1732 услед за Чартарыйскімі падтрымаў Радзівілаў пад час дэпутацкай кампаніі ў спрэчцы за «Нойбургскія маёнткі». У час бескаралеўя ў 1733 падтрымаў кандыдата на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. Пасля ўваходу рас. войск у ВКЛ эмігрыраваў ва Усх. Прусію. Адмовіўся прызнаць каралём Аўгуста ІІІ нават пасля захопу рас. войскамі Гданьска і публічнага звароту да яго Станіслава Панятоўскага. Уладу Аўгуста ІІІ прызнаў толькі ў пач. 1736. У 2-й пал. 1730-х г. супрацоўнічаў з Сапегамі. Разам з імі ў 1737 удала супрацьдзейнічаў пры выбарах віленскага земскага пісара. Разам з Сапегамі супрацьстаяў Радзівілам і ў камісіі па павелічэнні войска ВКЛ у 1737—38. У 1738 заключыў саюз з Сапегамі, Чартарыйскімі і Міхалам Масальскім супраць Радзівілаў. Адначасова С. аказаўся ўцягнуты ў канфлікт з Агінскімі, якія не хацелі прызнаваць апеку С. над віленскай ваевадзянкай Тэрэзай, якая абрала апекуном яго насуперак бліжэйшаму родзічу, віцебскаму ваяводзе Марціну Агінскаму. Пры значных высілках С. маршалкам Трыбунала ВКЛ 1739 абраны кандыдат антырадзівілаўскай кааліцыі інфлянцкі кашталяніч Антоній Пшаздзецкі. С. выступіў ініцыятарам прымірэння Сапегаў з новагародскім ваяводам Мікалаем Фаўстынам Радзівілам. С. хацеў ажаніцца з удавой мсціслаўскага ваяводы Ежы Сапегі Тэадорай і такім чынам стаць прэтэндэнтам на значную частку ўладанняў Сапегаў. Пасля адмовы Тэадоры спрабаваў ажаніцца з удавой троцкага кашталяна Антонія Казіміра Сапегі. Гэта пасварыла яго з Сапегамі, і С. перайшоў на бок Радзівілаў, ажаніўся з віленскай ваевадзянкай Тэрэзай. Гэта ўцягнула С. ў справу аб вяртанні ўладанняў жонкі, дастаўшыхся ёй у спадчыну, на якія прэтэндавалі яе сёстры Марыяна і Алена і тыя ўжо былі заняты шваграмі С. — Станіславам і Ігнацым Агінскімі. Натуральнымі саюзнікамі С. сталі Сапегі. Пры падтрымцы С. трыбунальскім пісарам рус. кадэнцыі стаў сапегаўскі прыхільнік Мікалай Тадэвуш Лапацінскі. С. перашкодзіў Радзівілам правесці выбар новагародскага земскага пісара, які заняў бы ўрад пісара рус. кадэнцыі Трыбунала ВКЛ. Пад час трыбунальскай кампаніі 1741 дапамог сапегаўскаму кандыдату Міхалу Масальскаму стаць трыбунальскім маршалкам. У кастр. 1741 дапамог Сапегам у іх канфлікце з Радзівіламі пад час рус. кадэнцыі Трыбунала ВКЛ. Потым перайшоў на бок Радзівілаў і дапамагаў ім пад час трыбунальскіх кампаній 1742 і 1743. У 1744 абараніў ад рас. прэтэнзій Дубровенскае графства, якое раней належала А.Д.Меншыкаву. У справе спадчыны па Вішнявецкіх С. патрымаў Агінскіх супраць кааліцыі Сапегаў, нясвіжскіх Радзівілаў і Чартарыйскіх. Па яго ініцыятыве ў 1746 сарвана шмат дэпутацкіх соймікаў, але адначасова стаў ініцыятарам прымірэння магнацкіх кааліцый у справе спадчыны Вішянвецкіх. У падзяку за пасрэдніцтва магнаты садзейнічалі яго абранню дэпутатам і маршалкам Трыбунала ВКЛ 1747. Пры яго падтрымцы Радзівілы парушылі ранейшыя дамоўленасці з Сапегамі і Чартарыйскімі і правялі выбар пісарам рус. кадэнцыі свайго прыхільніка Станіслава Лопата. З-за хваробы не прымаў удзелу ў паліт. барацьбе пад час трыбунальскай кампаніі 1748.

Літаратура:

Skibiński M. Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką. Т. 1—2. Kraków, 1912.

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Palkij H. Praca komisji aukcji wojska w latach 1736—1738 // Kwartalnik Historyczny. 1999. Z. 1.

Яго ж. Sejmy 1736 i 1738 roku: U początków nowej sytuacji politycznej w Rzeczypospolitej. Kraków, 2000.

Мацук А.У. Унутрыпалітычная сітуацыя ў Вялікім княстве Літоўскім у 1739 г. // Памяць стагоддзяў на карце Айчыны. Мн., 2007.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.