Артыкулы: Сялецкая бітва 1734

Сялецкая бітва 1734.

Адбылася 19 жн. каля мястэчка Сялец у Берасцейскім пав. (цяпер вёска ў Бярозаўскім р-не) паміж войскамі прыхільнікаў адначасова абраных на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага і Аўгуста ІІІ. Генеральны рэгіментар войск Станіслава Ляшчынскага Антоні Пацей на чале сваёй кавалерыі рушыў да прускай мяжы на аснове памылковых звестак ад падскарбія ВКЛ Яна Салагуба, што Станіслаў Ляшчынскі мяркуе з Караляўца прыбыць у Рэч Паспалітую і таму патрабуюцца войскі для яго абароны. Камандаванне застаўшыміся войскамі (каля 4 тыс. жаўнераў) Антоні Пацей перадаў свайму брату, падчашаму ВКЛ Аляксандру Пацею. Той рушыў са Слоніма ў бок Берасця, дзе аб’яднаўся з атрадамі мясцовых прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага. Недалёка ад Пружан ён даведаўся аб набліжэнні корпуса рас. войск пад камандаваннем генерал-маёра Льва Ізмайлава і войск ВКЛ пад камандаваннем Міхала Вішнявецкага. Паводле падлікаў Міхала Казіміра Радзівіла, аб’яднанны корпус войск Вішнявецкага і Ізмайлава складаў 15 тыс. жаўнераў, а паводле больш рэальных падлікаў польскага даследчыка Т.Цясельскага, каля 4,5—5 тыс. пехоты і драгун, а таксама літ., татарскай конніцы і 400 казакоў. У любым выпадку войскі Вішнявецкага і Ізмайлава мелі значную перавагу, бо супрацьстаялі ім у сваёй большасці нерэгулярныя атрады павятовых выпраў. У такой складанай сітуацыі войска прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага пакінуў Аляксандр Пацей, які перадаў камандаванне над войскам чашніку ВКЛ Юзафу Шчыту. Прыхільнікі Станіслава Ляшчынскага не мелі шанцаў пазбегнуць бітвы. Прыхільнікі Аўгуста ІІІ не хацелі бітвы з прыхільнікамі Ляшчынскага, але апошнія не пагаджаліся капітуляваць. Шчыт вырашыў абараняцца пад Сяльцом ва ўмацаваным абозе, які з 3 бакоў акружалі натуральныя перашкоды: балота і р. Ясельда. У час бітвы рас. войскі з дапамогай артылерыі і атакі пехоты з флангу, якой удалося пераправіцца цераз Ясельду, уварваліся ва ўмацаваны абоз. Прыхільнікі Станіслава Ляшчынскага кінуліся на ўцёкі. Рас. войскі захапілі шмат палонных, артылерыю і абоз.

Літаратура:

Бутурлин Д. Военная история походов россиян в XVIII столетии. С.-Петербург, 1823. Ч. 3.

Truchim S. Konfederacja dzikowska. Poznań, 1921.

Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла Ваяводы Віленскага, Гетмана Вялікага В. К. Літ. // Спадчына. 1995. № 2.

Matuszewicz M. Diariusz życia mego. T. 1. Warszawa, 1996.

Slesoriūnas F. The General Confederation of the Grand Duchy of Lithuania (1734—1736) // Lithuanian Historical Studies. 2003. Vol. 8.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.