Артыкулы: Лавейка Стафан Рыгоравіч

Лавейка Стафан Рыгоравіч (?—каля 1596) — вальнадумец, відаць, арыянін, якога некаторыя сучаснікі лічылі атэістам і матэрыялістам.

З шляхецкага роду ўласнага герба «Котвiца змененая». Мазырскі падсудак з 1576, суддзя земскі з 1581 і да смерці, войскi каля 1588 (праз некаторы час вярнуўся на пасаду суддзі), паборца ў 1577 і 1589, пасол на сойм 1589 (падпісаў Бендзінскую транзакцыю 18.4.1589 як войскі мазырскі). У 1567 ставіў у войска ВКЛ 3 коннікаў і 2 драбаў. Валодаў маёнткамі Барысавічы (Барысаўшчына), Патачышча, Тульгавічы, Зіновішча і Гарбовічы (пацвярджальны прывілей Жыгімонта Аўгуста ў 1580), у 1591 атрымаў ў пажыццёвае ўладанне частку воласці Анікшты (52 валокі і 13 маргоў). У 1591 Стафан Лозка абвінаваціў Л. ў Трыбунале ВКЛ у тым, што ён не можа займаць пасаду мазырскага земскага суддзі, бо не верыць у Св. Тройцу і боскасць Хрыста, адмаўляе бессмяротнасць чалавечай душы. Зыход справы невядомы. У 1592—95 Л. судзіўся з Лозкам аб размежаванні зямельных уладанняў. Каталіцкі палеміст М.Лашч сведчыў: «Нядаўна перад гэтым адбывалася ў Лiтве на мiнулым Вiленскiм Трыбунале наступнае: шляхта заклiкала да адказу аднаго суддзю па iмю Лавейка, суддзю ў лiтоўскiм павеце ў Мазыры, таму што ён не верыў, быццам душы з’яўляюцца жывымi, а лiчыў, што яны дакладна такiя самыя, як i ў жывёл, i не верыў нi ва ўваскрашэнне з памерлых, нi ў судны дзень; да таго ж гаварыў, што свет не створаны, але так стаiць спрадвеку. Маюцца позвы i такiя ж запiсы, распаўсюджаныя па гарадах Лiтвы, зыходячы з якiх кожны можа даведацца, што ўяўляюць з сябе гэтыя адмаўляючыя душу нуркi, яны — гэтыя бязбожныя людзi — горшыя за яўрэяў i туркаў». Паводле каталіцкага ідэолага С.Рэшкі, Л. нібыта «з iудзея пераўтварыўшыся ў хрысцiянiна, з хрысцiянiна ў цвiнглiянца i, нарэшце, у атэiста, у стане гэтай сваёй поўнай бязбожнасці памёр, зусiм не верачы ва ўваскрашэнне з памерлых. Калi быў пахаваны, на працягу пэўнай колькасці дзён зямля з яго целам раскрылася, так што зноў запоўнiць роў былі не ў стане».

У бел. і некаторых замежных выданнях фігуруе як Стафан Лован, што звязана з прыняццем версіі В.М.Бадзянскага, які няправільна прачытаў прозвішча Л. ў архіўным дакуменце. Часам Л. блытаюць з Янам Лавейкам, (памёр да 3.8.1600), мазырскім маршалкам з 1589, што працяглы час судзіўся з Лозкам за сваю пасаду (Лозка, як і Я.Лавейка, атрымаў прывілей на маршалкоўства, але крыху пазней). У 1592 іх справа разглядалася ў гаспадарскім судзе. Лозка быў істцом, але на суд не з’явіўся. У 1594 мазырскім маршалкам прызнаны Я.Лавейка, аднак Лозка і надалей ужываў тытул маршалка.

Літаратура:

Rescius S. [Reszka S.]. De atheismis et phalarismis evangelicorum... Neapoli, 1596. S. 40;

ŁaszczM. Recepta na Plastr Czechowica ministra nowokrzczeńskiego przez Szczęsnego żebrowskiego wydana. Kraków, 1597. S. 51—52;

Бодянский О.М. О поисках моих в Познанской публичной библиотеке // Чтения в Императорском обществе истории и древностей Российских. М., 1846. № 1;

Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99;

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI—начало XVII вв.). Мн., 1970;

Яго ж. Фiласофская думка эпохi Адраджэння ў Беларусi: Ад Францыска Скарыны да Сiмяона Полацкага. Мн., 1990;

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973. С. 100—103.

© Андрэй Радаман, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.