Артыкулы: Сенат

Сенат (лац. senatus ад senex стары) — дзяржаўная рада манарха i вышэйшая палата сойма Рэчы Паспалiтай.

У канцы 15—пач. 16 ст. каралеўская рада Польшчы пераўтварылася ў С. — орган, якi быў пасрэднiкам памiж манархам i прадстаўнiкамi шляхецкага стану. З 1505 для прыняцця соймавых ухвал патрабавалася агульная згода караля, С. i земскiх паслоў сойма (гл. Радамская канстытуцыя 1505). У час пасяджэнняў сойма С. функцыянаваў як адна з яго палат. Каронны С. канчаткова склаўся ў часы праўлення Жыгiмонта I Старога. У яго ўваходзiлi 2 арцыбiскупы, 7 бiскупаў, 15 ваявод, 17 «большых» i 49 «меншых» кашталянаў, 5 вышэйшых мiнiстраў. З 2-й пал. 16 ст. пануючая ў Польскiм каралеўстве, а пазней у Рэчы Паспалiтай канстытуцыйная дактрына прадугледжвала, што сойм складалi 3 «станы саймуючыя»: кароль (вял. князь), С. i Пасольская Iзба. Кароль i С. сталi састаўнымi часткамi шляхецкага парламента. На Люблiнскiм сойме 1569 пасля iнкарпарацыi ўкр. ваяводстваў ВКЛ i Падляшша ў склад Кароны (Польскага каралеўства), заключэння унii памiж ВКЛ i Польшчай i iнтэграцыi парламенцкiх iнстытутаў Каралеўскай Прусii ў склад новаўтворанага С. ўвайшлi: ад Польскага каралеўства — усе ранейшыя сенатары, ад Каралеўскай Прусii — 2 бiскупы, 3 ваяводы, 3 кашталяны, ад iнкарпараваных Каронай абшараў — 2 бiскупы (луцкi, кiеўскi), 4 ваяводы (кiеўскi, валынскi, брацлаўскi, падляшскi) i 4 кашталяны (кiеўскi, луцкi, брацлаўскi, падляшскi). З членаў Рады Вялiкага княства Лiтоўскага сенатарамi Рэчы Паспалiтай сталi 2 бiскупы (вiленскi, жамойцкi), 9 ваявод (вiленскi, троцкi, смаленскi, полацкi, новагародскi, вiцебскi, берасцейскi, мсцiслаўскi, менскi), стараста жамойцкi, 10 кашталянаў (вiленскi, троцкi, жамойцкi, смаленскi, полацкi, новагародскi, вiцебскi, берасцейскi, мсцiслаўскi, менскi), 5 вышэйшых мiнiстраў (маршалак найвышэйшы, канцлер, падканцлер, падскарбi земскi, маршалак надворны). Прадстаўнiкi асобных княжацкiх i панскiх родаў ВКЛ, якiя персанальна запрашалiся на пасяджэннi Рады ВКЛ паводле старадаўняга права, у т.л. князь слуцкi, маршалкi дворскiя (гаспадарскiя), якiя таксама былi раднымi панамi, засталiся па-за С., што выклiкала iх працяглую, але безвынiковую барацьбу за права знаходжання ў вышэйшай палаце супольнага вальнага сойма. На Люблiнскiм сойме ставiлася, але не было вырашана станоўча i пытанне аб павелiчэннi колькасцi сенатараў ад ВКЛ шляхам утварэння Гарадзенскага i Ковенскага ваяводстваў з адпаведнымi пасадамi ваявод i кашталянаў. Вял. i польны гетманы ВКЛ i падскарбi надворны ВКЛ, таксама як i каронныя, не ўвайшлi ў С. па пасадзе, але паколькi яны спалучалi свае пасады з ваяводскiмi цi кашталянскiмi, то былi там прадстаўлены. З 1569 дарадчы голас у С. мелi каронныя рэферэндары — духоўны i свецкi, рэферэндары ВКЛ атрымалi такое права ў 1635. У 1635 пацверджана месца ў С. канцлера i падканцлера ВКЛ. Ухвалены Люблiнскiм соймам «Парадак Рады Кароннай i Лiтоўскай» называе ў складзе С. 140 сенатарскiх годнасцей, з iх 27 прадстаўлялi ВКЛ (19,3%). З далучэннем у канцы 16 ст. да Рэчы Паспалiтай Iнфлянтаў колькасць сенатарскiх годнасцей вырасла да 147. Пасля вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1632—34 месцы ў С. атрымалi ваявода i кашталян чарнiгаўскiя, а з 1638 — бiскуп смаленскi. У вынiку страт тэрыторый у Iнфлянтах на карысць Швецыi колькасць сенатарскiх годнасцей у 2-й пал. 17 ст. паменшылася да 146. У 1768 у склад С. ўвайшлi вял. i польныя гетманы Польшчы i ВКЛ, а ў 1775 — падскарбii надворныя. Канстытуцыйная рэформа Чатырохгадовага сойма 1788—92 прадугледжвала iснаванне С. як вышэйшай палаты сойма ў складзе 102 асоб (ваяводы i кашталяны, без бiскупаў i мiнiстраў) з агульнай колькасцi С. ў 132 асобы. На Гарадзенскiм сойме 1793, каб павялiчыць у С. прадстаўнiцтва ВКЛ, прэрагатывы i тытул кашталянаў нададзены павятовым маршалкам ВКЛ (ашмянскаму, лiдскаму, вiлькамiрскаму, браслаўскаму, гарадзенскаму, ковенскаму, упiцкаму, старадубскаму, слонiмскаму, ваўкавыскаму, аршанскаму, пiнскаму, мазырскаму, рэчыцкаму), аднак захаваўся прынцып iх выбарнасцi на павятовых соймiках. Колькасць кашталянаў ВКЛ вырасла да 24 чал. У канцы 1793 Гарадзейскi сойм зацвердзiў новы адм.-тэр. падзел ВКЛ, якi прадугледжваў iснаванне 8 ваяводстваў: Вiленскага, Троцкага, Жамойцкага, Новагародскага, Мерацкага, Берасцейскага, Браслаўскага i Гарадзенскага, кожнае з якiх мела 2 сенатараў: ваяводу i кашталяна. Адначасова былi скасаваны ўсе кашталянii, створаныя Таргавiцкай канфедэрацыяй. За ваяводамi i кашталянамi скасаваных ваяводстваў, а таксама за павятовымi маршалкамi, якiя раней набылi годнасць кашталянаў, тытулы i месца ў С. былi захаваны да смерцi. Неаднаразова ставiлася пытанне пра ўключэнне ў склад С. унiяцкiх i правасл. iерархаў. Пры заключэннi Берасцейскай унii 1596 абмяркоўвалася прапанова аб уваходжаннi ў С. 8 унiяцкiх епiскапаў i мiтрапалiта. У час паўстання Б.Хмяльнiцкага ставiлася пытанне пра ўваходжанне ў С. правасл. мiтрапалiта, а пры заключэннi Гадзяцкага дагавора 1658 — правасл. епiскапаў i мiтрапалiта. Толькi ў 1790 Чатырохгадовы сойм даў месца ў С. кiеўскаму унiяцкаму мiтрапалiту.

У С. iснавала дакладна вызначаная iерархiя сенатарскiх годнасцей. Ранг першага сенатара меў арцыбiскуп гнезненскi — прымас Рэчы Паспалiтай, другога — арцыбiскуп львоўскi, далей займалi месцы бiскупы, пасля — унiяцкi мiтрапалiт. Першым сярод свецкiх сенатараў быў кашталян кракаўскi, далей займалi месцы ваяводы. Кашталяны вiленскi i троцкi, а таксама стараста жамойцкi займалi высокiя месцы сярод ваявод. Наступную групу складалi кашталяны «большыя», пасля «меншыя». Мiнiстры Кароны i ВКЛ сядзелi асобна, звычайна насупраць караля. Члены С. мелi магчымасць кар’ернага росту да больш высокiх сенатарскiх годнасцей, якiя пажыццёва давалiся каралём. У заканадаўстве Рэчы Паспалiтай адсутнiчала вызначэнне С. як соймавага стану, яго месца ў дачыненні з каралём i Польскай Iзбой. Нешматлiкiя соймавыя канстытуцыi, прысвечаныя С., разглядалi яго найперш як адм. орган, якi дзейнiчае ў сувязi з соймам i яму падпарадкаваны. У час пасяджэнняў сенатары не галасавалi, а выказвалi свае меркаваннi (вотум) па вынесеных на разгляд пытаннях, паводле старшынства месцаў. Пасля абмеркавання кароль цi па яго даручэннi канцлер фармуляваў канклюзiю (агульнае канчатковае меркаванне) па дадзеным пытаннi. Яна не абапiралася на аднадумнасць, але амаль заўжды супадала з меркаваннем большасцi, да якой звычайна далучаўся кароль. Паводле соймавай канстытуцыi 1633 за 5 дзён да заканчэння сойма соймавыя паслы павiнны былi падаць у С. канстытуцыi, якiя атрымалi згоду Пасольскай Iзбы, пасля чаго 3 соймавыя станы iх канчаткова зацвярждалi. С. амаль нiколi не збiраўся ў поўным складзе. У 1-й пал. 17 ст. на соймы прыязджала ад 30 да 43 сенатараў, пад канец панавання Жыгiмонта III Вазы выказвалi меркаванне (ватавалi) ад 3,5 да 13% ад агульнай колькасцi сенатараў. Сенатары ВКЛ звычайна прыязджалi на соймы ў больш поўным складзе i выяўлялi значна большую актыўнасць, чым каронныя. Сенатары як каралеўская рада таксама рэдка збiралiся ў поўным складзе. На спатканнi з каралём па-за соймам звычайна прыязджала толькi вузкае кола дастойнiкаў, вiдных дзярж. дзеячаў i дарадцаў, з думкай якiх манарх лiчыўся. Такiя сустрэчы найчасцей былi абумоўлены неадкладнымi дзярж. праблемамi цi ўрачыстасцямi каралеўскай сям’i. Некаторыя справы манарх вырашаў праз перапiску з мiнiстрамi i вышэйшымi сенатарамi (напр., узгадненне даты i месца правядзення чарговага сойма). Чатырохгадовы сойм даў С. права часовага вета на прыняцце законаў па палiт., цывiльных i крымiнальных пытаннях.

Сталым соймавым органам, утвораным для ўзаемнай працы з каралём па кiраваннi дзяржавай, былi сенатары-рэзiдэнты (senatus consulta). Гэты iнстытут быў прадугледжаны Генрыкавымi артыкуламi 1574, аднак на практыцы ён узнiк пасля Зэбжыдоўскага рокашу 1606—09. 16 сенатараў-рэзiдэнтаў выбiралiся соймам з сенатараў на 2 гады, 4 з iх павiнны былi стала знаходзiцца побач з каралём на працягу паўгода да змены, выконваючы функцыi сумеснай польска-літвiнскай прыбочнай рады пры каралю для парад i кантролю за яго дзейнасцю. Сенатары-рэзiдэнты былi абавязаны даваць справаздачу сойму аб сваёй дзейнасцi. З 1641 колькасць сенатараў-рэзiдэнтаў павялiчана да 28. У 1717 соймавая канстытуцыя абавязала караля выконваць указаннi сенатараў-рэзiдэнтаў. На практыцы гэтая пастанова не мела вял. значэння, бо праз некаторы час iнстытут сенатараў-рэзiдэнтаў быў адсунуты на другi план шырэйшым прадстаўнiцтвам сенатараў — радамi С. (senatus consilia, senatus consilium).

Рада С. складалася з прысутных пры двары сенатараў-мiнiстраў, сенатараў-рэзiдэнтаў, а таксама з блiзкiх да караля сенатараў, якiх ён спецыяльна запрашаў. Склад радаў С. не быў сталы, таму манарх меў на iх значны ўплыў. Абавязкам рады С. была распрацоўка ўказанняў каралю па найважнейшых дзярж. справах памiж соймамi. Яе ўказаннi мелi характар ухвал, прымалiся большасцю галасоў, з 1641 запiсвалiся, падпiсвалiся i абвяшчалiся на пачатку працы сойма пасля выбараў маршалка Пасольскай Iзбы. Пасля заканчэння соймавых пасяджэнняў маглi быць склiканы пленарныя рады С. Чым радзей соймы канчалiся ўхваленнем канстытуцый, тым часцей збiралiся рады С. У 1697—1733 iх было 74, у т.л. 20 у 1697—99. У часы Аўгуста II у Гароднi адбылося 4,7% рад С. Збiралiся i асобныя лiтвiнскiя рады С., на якiх прысутнiчалi толькi сенатары ад ВКЛ. На думку заканадаўцаў, рады С. павiнны былi абмяжоўваць iмкненне манарха да самаўладных рашэнняў, але на практыцы яны часта прымалi пажаданыя для караля ўхвалы. Сенатары ўдзельнiчалi ў пасяджэннях соймавага суда.

Літаратура:

Czapliński W. Senat za Władysława IV // Studia historyczne ku czci Stanisława Kutrzeby. Kraków, 1938. T. 1;

Czapliński W., Filipczak-Kocur A. Udział senatorów w pracach sejmowych za Zygmunta III i Władysława IV // Przegląd Historyczny. 1978. № 4;

Filipczak-Kocur A. Senatorowie i posłowie na sejmie «pacyfikacyjnym» w 1589 roku // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1982. Z. 2;

Kaczorowski W. Senatorowie na sejmie konwokacyjnym i elekcyjnym 1632 roku // Там жа. 1983. Z. 1;

Zakrzewski A.B. Paradoksy unifikacji prawa i ustroju Wielkiego Księstwa Litewskiego i Korony XVI—XVIII w. // Там жа. 1999. Z. 1—2;

Wasilewski T. Litewskie rady senatu w XVII w. // Acta Universitatis Wratislaviensis. Historia. Wrocław, 1988. T. 66;

Historia Sejmu polskiego. T. 1. Warszawa, 1984; Markiewicz M. Rady senatorskie Augusta II (1697—1733). Wrocław etc., 1988;

Senat w Polsce: Dzieje i teraźniejszość. Sesja naukowa. Warszawa, 1993;

Dzieje Sejmu polskiego. 2 wyd. Warszawa, 1997; Góralski Z. Urzędy i godności w dawnej Polsce. 2 wyd. Warszawa, 1998;

Bardach J., Leśnodorski B., Pietrzak M. Historia ustroju i prawa polskiego. 4 wyd. Warszawa, 1998.

© Андрэй Радаман, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.