Артыкулы: «вайна фрака і кунтуша»
«вайна фрака і кунтуша» — вобразная назва барацьбы ў культуры і грамадскай думцы ў Рэчы Паспалітай у 18 ст. прыхільнікаў старога, феадальнага ладу жыцця з новым, буржуазным. Знешне барацьба праяўлялася як клопат за захаванне старой шляхецкай моды з жупанамі і кунтушамі, якая выцеснялася новай парыжскай модай з нашэннем фрака і парыка. Прыхільнікі старога ладу жыцця з шляхецкага асяроддзя выступалі за захванне ідэалогіі сарматызму, патрыярхальных парадкаў у вёсцы і шляхецкім маёнтку, супраць рэформаў палітычнага і грамадскага ладу Рэчы Паспалітай, за захаванне шляхецкіх вольнасцей. Ім супрацьстаялі рэфарматары, якія гуртаваліся вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У ходзе барацьбы з замежнай модай у 1776 у Рэчы Паспалітай былі ўведзены шляхецкія ваяводскія і павятовыя мундзіры на аснове жупана і кунтуша. Сутыкненне строй і новай моды адзначана ў эпічнай паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», прычым прыхільнасць паэта — на баку традыцыйнай вопраткі. Аднак у пачатку 19 ст. стары кунтушовы строй насілі хіба дзівакі.
© Валерый Пазднякоў, 2016
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


