Артыкулы: Ажароўскі Канстанцін Францавіч (Ожаровский Константин Францевич)

Ажароўскі Канстанцін Францавіч (Ожаровский Константин Францевич) [23.7(4.8).1823—9(21).2.1893] — расійскі генеалог, даследчык шляхецкіх і княжацкіх родаў ВКЛ.

З польскага шляхецкага роду гераба «Равіч», які ў 1838 атрымаў графскі тытул у Расійскай імперыі. Бацька — Францішак (Франц Пятровіч) Ажароўскі (1790—1841), упраўляючы Царскім Сялом у 1811—1817, маці — Пелагея Ядвіга з Валовічаў (1799—не пазней 1831), шлюб каля 1820. К.Ф.Ажароўскі атрымаў грамату на тытул ад Герольдыі Царства Польскага 6.2.1848.

К.Ф.Ажароўскі валодаў з 1848 маёнткам Булькова ў Кобрынскім павеце, які атрымаў у спадчыну ад бацькі, таксама маёнткамі Зарэчча, Стрыганец і Антопаль Кобрынскага павета. Пасля паўстання 1863—1864 прадаў Булькова Марыі Ганецкай і яе сыну, кобрынскаму міравому суддзі Івану Міхайлавічу Ганецкаму.

К.Ф.Ажароўскі атрымаў гімназічную адукацыю, вучыўся на юрыдычным факультэце Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта (зышоў з трэцяга курса ў 1844). З 1854 служыў у канцылярыі кабрынскага павятовага маршалка, з 1860—1877 служыў у штаце віленскага генерал-губернатара Назімава, з 1862 чыноўнік па асобых даручэннях. З 1872 ганаровы міравы суддзя Кобрынскага з’езда міравых пасрэднікаў. Камер-юнкер (1861), калежскі асэсар (1864), надворны радца (1869), калежскі радца (1871), сапраўдны стацкі радца (1878), тайны радца (?). У 1860 камандзіраваны ў Белавеж для арганізацыі палявання імператара, у 1862 склаў праект змянення паштовых трактаў, у 1862—1864 старшыня камітэта па ўладкаванні рымска-каталіцкай семінарыі ў Вільні, у 1865 член камісіі па перабудове Віленскага палаца, у 1865—1866 дазорца Віленскага гарадскога тэатра, у 1869 член камісіі па ўладкаванні тэатра ў Вільні, у 1870 член інвентарнай камісіі Вільні ад урада, з 1873 член-супрацоўнік Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. У 1877 камандзіраваны ў Санкт-Пецярбург у камітэт замежнай цэнзуры, далей жыў у Санкт-Пецярбургу, цырымоніймейстар, з 1884 гофмейстар імператарскага двара. У 1880—1883 член капітулы расійскіх ордэнаў. Звольнены са службы ў 1887, з 1889 зноў гофмейстар. У 1892 цэнзар па польскіх выданнях і рукапісах і па замежным друку.

Узнагароды: ордэны св. Станіслава 2-й ступені (1863), св. Ганны 2-й ступені (1865) і Імператарскага карона да яго (1867), св. Уладзіміра 4-й ступені (1869), св. Уладзіміра 3-й ступені (1873), св. Станіслава 1-й ступені (1881).

Генеалогіяй заняўся, як мяркуе С.А.Рыбчонак, у 1840-я гг. У 1878 атрымаў дазвол шукаць звесткі пра княскія роды ВКЛ у Метрыцы ВКЛ, якая ў той час захоўвалася пры Сенаце ў Санкт-Пецярбургу. Падчас заняцця генеалагічнымі штудыямі сабраў вялікую колькасць архіўных выпісак, датычных знакамітых родаў ВКЛ. Гэтыя выпіскі паходзяць з Метрыкі ВКЛ, Віленскага архіва старажытных актаў (сярод іх выпіскі, засведчаныя І.Я.Спрогісам, М.І.Гарбачэўскім), метрычных кніг розных касцёлаў і кансісторый і інш.

Матэрыялы і апрацаванні Ажароўскага надрукаваны ў выданні «Сапегі» («Sapiehowie», т. 1—3, 1890—1894, без пазначэння аўтарства) і ў шматлікіх працах, дзе ў якасці аўтара пазначаны Ю.Вольф («O kniaziach Kobryńskich» (Kraków, 1883); «Pacowie. Materyjały historyczno-genealogiczne» (Petersburg, 1885); «Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795», (Kraków, 1885); «Żyd ministrem króla Zygmunta. Szkic historyczny» (Kraków, 1885); «Ród Gedimina. Dodatki i poprawki do dzieł K.Stadnickiego: «Synowie Gedymina», «Olgierd i Kiejstut» i «Bracia Władysława Jagiełły» (Kraków, 1886); «Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku» (Warszawa, 1895).

Вядомы расійскі генеалог В.В.Румель у 1897 у энцыклапедычным артыкуле адзначыў, што аўтарства кніг «Пацы», «Род Гедыміна» і «Князі літоўска-рускія» належыць К.Ф.Ажароўскаму, які таксама выдаў ананімна даследаванне «Сапегі». Гэты артыкул перадрукоўваўся ў іншых энцыклапедыях. Умовы, на якіх супрацоўнічалі Ажароўскі і Вольф, застаюцца невядомымі.

Памёр Ажароўскі ў Санкт-Пецярбургу, 13.2.1893 пахаваны ў касцёле Адсячэння Главы Іаана Папярэдніка ў Царскім Сяле.

Жонка — Валерыя, дачка Войцеха Тшаскоўскага, шлюб пасля 1887. Звестак пра дзяцей няма.

У 1894 г. калекцыю генеалагічных дакументаў Ажароўскага набылі ў яго ўдавы за 400 рублёў князі Радзівілы для свайго архіва ў Нясвіжы. Частка гэтых матэрыялаў захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (Мінск) (фонд 694, вопіс 1, справы 1—50; вопіс 7, справа 969).

Падрабязнасці:

Dunin Borkowski JerzySewerhrRocznik szlachty polskiej. Lwów, 1881. S. 303.

Иверсен Ю.Б. Медали в честь русских государственных деятелей и частных лиц. Том второй. СПб., 1883. С. 396.

Пташицкий С.Л. Описание книг и актов литовской метрики. СПб., 1887. С. 73.

Dunin-Borkowski Jerzy Sewer hr. Genealogie żyjących utytułowanych rodów polskich. Lwów: Nakładem księgarni Seyfartha i Czajkowskiego, 1895. S. 441.

Руммель В.В. Ожаровские // Энциклопедический словарь / Изд. Ф.А.Брокгауз, И.А.Ефрон. СПб., 1897. Т. 21а. С. 758.

Николай Михайлович, в.кн. Петербургский некрополь. Том третий. (М—Р). СПб., 1912. С. 297.

Либрович С.Ф. На книжном посту. Воспоминания. Записки. Документы. Пг.; М.: Издание Т-ва М.О.Вольф, 1916. С. 405—408. (Другое выданне: Либрович С.Ф. На книжном посту. Воспоминания. Записки. Документы. М.: ГПИБР, 2005. С. 329—331)

Бычкова М.Е. Юзеф Вольф в Петербурге. (Из истории генеалогических исследований в последней четверти XIX века) // История и историки: Историографический ежегодник, 1978. М.: Наука, 1981. С. 252—262 (перадрукавана: Бычкова М.Е. Юзеф Вольф в Петербурге. (Из истории генеалогических исследований в последней четверти XIX века) // Бычкова М.Е. Русско-литовская знать XV—XVII вв. Источниковедение, генеалогия, геральдика. М.: Квадрига, 2012. С. 21—32; польскі пераклад: Byczkowa M. Polskie źródłoznawstwo w Petersburgu w końcu XIX w. // Polsko-rosyjskie związki społeczno-kulturalne na przełomie XIX i XX wieku. Warszawa: Książka i Wiedza, 1980. S. 155—173).

Kijas A. Polacy w Rosji od XVII wieku do 1917 roku. Słownik biograficzny. Warszawa, Poznań: Pax, Wydawnictwo Poznańskie, 2000. S. 380—381.

Несцярчук Л.М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х—ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). Выданне другое, дапоўненае. Мінск: БЕЛТА, 2005. С. 121.

Михеенок Т.С. Несвижский архив в 1880—1890-х гг. // Мінулае і сучаснасць: архівы ў сістэме гуманітарных ведаў. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 100 годдзю Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (Мінск, 20 мая 2009 года). Мінск: БелНДІДАС, 2010. С. 62—69.

Рыбчонак Сяргей. Граф Канстанцін Ажароўскі (1823—1893), знаўца генеалогіі ВКЛ, у святле архіўных фактаў // Беларусь, Расія, Украіна: дыялог народаў і культур. Гродна: ЮрСаПрынт, 2013. С. 78—87.

Рыбчонак С.А. Рукапісныя матэрыялы графа Канстанціна Ажароўскага па генеалогіі вядомых родаў Вялікага Княства Літоўскага ў фондзе «Князі Радзівілы» Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі // Историческое наследие Беларуси: выявление, сохранение и изучение. Материалы Международной научной конференции, посвященной 90-летию Государственной архивной службы Республики Беларусь, 85-летию Национального архива Республики Беларусь и 20-летию кафедры источниковедения БГУ (г. Минск, 17—18 мая 2012 г.). Мінск: БелНИИДАД, 2013. Часть 2. С. 127—138.

Unus pro omnibus. Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV—XVIII стст. Мінск: Медысонт, 2014. 506 с., іл.

© Валерый Пазднякоў, 2016

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.