Артыкулы: Стравінскі Казімір

Стравінскі Казімір (?—паміж 6 і 15.10.1656) — дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ.

З шляхецкага роду герба «Суліма». Бацька: Крыштаф (?—1624), троцкі земскі падсудак у 1617—1623, суддзя ў 1623—1624. Маці: Ева з Раецкіх. Браты: Караль (?—1648), падкаморы старадубскі; Збігнеў, суддзя земскі старадубскі ў 1648—1655; Максімілян, стольнік старадубскі ў 1648—1671; Траян, суддзя гродскі ашмянскі ў 1649—1651, падсудак у 1651—1667; Аляксандр.

Канюшы троцкі ў 1637—1651, падваявода віцебскі ў 1650, падкаморы старадубскі з 1651; дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1637 і 1645.

У маладосці ў 1625—1629 удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629, у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—1634. Удзельнічаў у элекцыі Яна ІІ Казіміра ў 1648. З пачаткам вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 віцебская шляхта абрала яго адным з рэгіментараў. Быў адным з камандзіраў абароны Віцебска ў час аблогі 24.8.—2.12.1654. Пасля падзення Віцебска сасланы ў Яраслаўль, потым у Казань, Свіяжск.

Пахаваны ў Свіяжску.

Маёнткі: Якаўлевічы, Шаховічы (Старадубскі павет); Мошкава (Віцебскае ваяводства); у Троцкім ваяводстве.

Атрымаў 24.4.1636 кансенс караля на перадачу в. Шаховічы ў Старадубскім уездзе Яну Солтану, суддзі земскаму рэчыцкаму і старасце прапойскаму.

1-я жонка: Лукрэцыя з Канарскіх.

2-я жонка: Аляксандра з Прыбароўскіх (?—1655 або 1656), памерла ў выгнанні.

3-я жонка: Феліцыяна з Горскіх (?—1656?; 1-ы муж: Крыштаф Асіпоўскі, ротмістр віцебскі).

Падрабязнасці:

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom IV. Ziemia smoleńska i województwo smoleńskie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk. Warszawa: DiG, 2003. 412 s.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.

Haratym Andrzej. Strawiński Kazimierz // Polski Słownik Biograficzny. 2007. Zeszyt 181 (T. 44/2).S. 284—285.

© Валерый Пазднякоў, 2019

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.