Артыкулы: Вялікае Княства Літоўскае. Палітычная гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ, поўная афіцыйная назва з 15 ст. Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае) — феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе ў 13—18 ст. Сталіца — г. Вільня (цяпер Вільнюс, Літоўская Рэспубліка). ВКЛ утварылася як шматнацыянальная дзяржава ў выніку інтэграцыі ў 12—13 ст. заходніх княстваў Русі і ўсходнябалцкіх земляў. Усталяванне феадальных адносін на гэтых землях, пагроза знешняй агрэсіі са боку манголаў і крыжакоў выклікалі імкненне да палітычнай кансалідацыі. ВКЛ паўстала пры князю Міндоўгу (сярэдзіна 1230-х г.—1263), які аб’яднаў славянскія і балцкія землі Верхняга і Сярэдняга Панёмання. Па палітычных меркаваннях ён прыняў каталіцтва, а ў 1253 — тытул караля. Значна пашырылася ВКЛ пры наступных вялікіх князях, асабліва пры Гедыміне (1316—1341) і Альгерду (1345—1377). Паступова ў склад ВКЛ увайшлі ўсе беларускія і большасць украінскіх: у 1240-я г. Панямонне, у 2-й палове 13 ст.—пачатку 14 ст. — полацкія, віцебскія, менскія, берасцейскія і тураўскія, у 1340—1352 валынскія землі, у 1350—1360-я г. Падняпроўе, Мазырская і Брагінская воласці, каля 1362 Кіеўскае княства. Палітыку пашырэння ВКЛ працягвалі вялікія князі Ягайла (1377—1392) і Вітаўт (1392—1430). Беларускія землі ўключаліся ў ВКЛ пераважна шляхам дамоў з мясцовымі феадаламі, зацікаўленых у моцнай дзяржаве, здольным абараніць іх ад знешняй агрэсіі, забяспечыць спрыяльныя ўмовы для гаспадаркі, гандлю. На беларускіх і ўкраінскіх землях ВКЛ быў больш высокі ўзровень развіцця феадальных адносін, чым у літоўскіх і жамойцкіх, таму іх уплыў на ўсе сферы жыцця дзяржавы быў пераважным на працягу ўсёй гісторыі ВКЛ. Пасля Крэўскай уніі 1385, якая прадугледжвала ліквідацыю ВКЛ і ўключэнне яе тэрыторыі ў склад Польшчы, і прыняцці літоўскім насельніцтвам каталіцтва праваслаўнае насельніцтва і феадалы беларускіх і ўкраінскіх зямель пачалі губляць сваё дамінуючае значэнне. Вялікія князі пачалі падтрымліваць феадалаў-католікаў, раздаваць ім землі і пасады. Агрэсія з боку Тэўтонскага ордэна, рост апазіцыі на беларускіх і ўкраінскіх землях палітыцы цэнтральнага ўрада сталі глебай для саюза ВКЛ з Польшчай. Аднак умовы Крэўскай уніі не задаволілі шматлікіх феадалаў ВКЛ, якія не жадалі мірыцца з стратай іх дзяржавай суверэнітэту. Іх барацьба прывяла да заключэння Востраўскага пагаднення 1392, якое гарантавала самастойнасць ВКЛ; вялікім князем стаў Вітаўт. Ён умацаваў цэнтральную ўладу, далучыў да ВКЛ Смаленск, Вязьму, вярхоўскія княствы ў басейне Верхняй Акі, Жамойць і інш. Фармальна ВКЛ адроджана Віленска-Радамскай уніяй 1401 (як васал Польшчы). Саюз з Польшчай пацверджаны Гарадзельскай уніяй 1413 і Гродзенска-Троцкай уніяй 1432—1433. Перамога над Тэўтонскім ордэнам у Грунвальдскай бітве 1410 стабілізавала міжнароднае становішча ВКЛ і спрыяла яго эканамічнаму развіццю. Пераемнікі Вітаўта Свідрыгайла (1430—1432) і Жыгімонт Кейстутавіч (1432—1440), абапіраючыся на розныя кругі баярства, вымушаны былі раздаваць феадалам эканамічныя і палітычныя прывілеі. Падобную палітыку працягвалі Казімір IV (1440—1442), Аляксандр (1492—1506), Жыгімонт I Стары (1506—1548), Жыгімонт II Аўгуст (1548—1572). Асабістыя і маёмасныя правы праваслаўных і католікоў ураўнаваны прывілеем 1434. Прывілеі 1447 і 1492 значна абмежавалі ўладу вялікіх князёў на карысць Рады ВКЛ. У выніку войнаў канца 15—1-й паловы 16 ст. да Маскоўскай дзяржавы адышлі Вязьма, Смаленск, Дарагабуж, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Чарнігаў і інш. Палітычнае становішча ВКЛ значна ўскладнілася ў выніку няўдач у Інфлянцкай вайне 1558—1582. Гэта вымусіла ВКЛ пайсці на больш цесны саюз з Польшчай, якога асабліва дамагалася шляхта ВКЛ, каб атрымаць такія ж прывілеі і правы, якімі карысталіся польскія паны. Была заключана Люблінская ўнія 1569, у адпаведнасці з якой створана федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая. ВКЛ захавала абмежаваны суверэнітэт, мела свой урад, скарб, войска, заканадаўства, дзяржаўную мову (беларускую да канца 17 ст.). Афіцыйна ВКЛ была феадальнай манархіяй. Вярхоўная ўлада належала вялікаму князю літоўскаму. З 15 ст. усё больш важную ролю ў кіраванні дзяржавай адыгрывала Радая ВКЛ. У 15 ст. аформіўся прадстаўнічы шляхецкі орган — сойм, які ў 16 ст. набыў значэнне вышэйшага заканадаўчага органа. На месцах з сярэдзіны 16 ст. збіраліся шляхецкія сеймікі. Асабліва вялікую ролю ў кіраванні дзяржавай выконвалі канцлер, гетманы, маршалкі, падскарбіі, ваяводы, кашталяны, старасты і інш. У 14—15 ст. былі скасаваны некаторыя ўдзельныя княствы, на месцы якіх былі створаны ваяводствы, што садзейнічала цэнтралізацыі дзяржавы. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 ВКЛ было падзелена на 12 ваяводстваў: Брацлаўскае, Брэсцкае, Валынскае, Віленскае, Віцебскае, Кіеўскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Падляшскае, Полацкае, Троцкае; статут ваяводства мела Жамойць. Існавалі суды: велікакняжацкі, замкавыя, земскія, гродские, подкоморские, копныя і інш. Агульнадзяржаўныя юрыдычныя нормы ўстанаўліваліся спачатку абласнымі і агульназемскімі прывілеямі, якія выдаваліся вялікімі князямі. Першым зборам законаў ВКЛ быў Судзебнік 1468, у 16 ст. прыняты Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. У выніку Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 створана уніяцкая царква, улады ізноў сталі падтрымліваць пераважна католікоў і уніятаў. Каралямі польскімі і вялікімі князямі літоўскімі з гэтага часу былі: Генрык Валезы (1574), Стафан Баторый (1576—1586), Жыгімонт III Ваза (1587—1632), Уладзіслаў IV Ваза (1632—1648), Ян ІІ Казімір Ваза (1648—1668), Міхал Вішнявецкі (1669—1673), Ян III Сабескі (1674—1696), Аўгуст ІІ Моцны (1697—1706, 1709—1733), Станіслаў Ляшчынскі (1704—1709, 1733—1763), Аўгуст III (1733—1763), Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1764—1795). Працяглыя і разбуральныя войны 17 ст. (асабліва казацкая вайна 1648—1651 і вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667), народныя выступленні, магнацкія міжусобіцы і шляхецкая самаўпраўнасць сталі прычынай аслаблення і заняпаду дзяржавы. Новы ўдар нанесла Паўночная вайна 1700—1721, якая была выкарыстана Расіяй для ўстанаўлення пратэктарату над ВКЛ і Рэччу Паспалітай у цэлым. З сярэдзіны 18 ст. адбываўся эканамічны пад’ём. Шляхта і магнаты, зацікаўленыя ў развіцці гаспадаркі, згаджаліся на рэформы дзяржаўнага ладу. Супраць пратэктарату Расіі ўзброеную барацьбу разгарнула Барская канфедэрацыя, яе паражэнне прывяло да першага падзелу Рэчы Паспалітай. Чатырохгадовы сойм 1788—1792 прыняў Канстытуцыю 3 мая 1791, накіраваную на ліквідацыю феадальнай анархіі і стварэнні ўмоў для буржуазнага развіцця. У адказ Расія стварыла Таргавіцкую канфедэрацыю шляхты і ў 1792 пачала вайну. Рэформы былі скасаваны, і адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. Паражэнне паўстання 1794 прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. ВКЛ і Рэч Паспалітая спынілі дзяржаўнае існаванне.

Літаратура:

Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Падзеі і асобы. Мінск: Полымя, 1993;

Краўцэвіч Аляксандар. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Беласток: Вышэйшая Школа Публічнай Адміністрацыі імя Станіслава Сташыца, 2008;

Краўцэвіч А.К. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага: ад пачатку гаспадарства да каралеўства Літвы і Русі (1248—1341 г.). Гародня; Уроцлаў: Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego we Wrocławiu, 2013;

Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. Мінск: Энцыклапедыкс, 2001;

Довнар-Запольский М.В. История Белоруссии. Минск: Беларусь, 2005;

Гісторыя Беларусі: У шасці тамах. Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага. Мінск: Современная школа; Экоперспектива, 2008;

Гісторыя Беларусі: У шасці тамах. Т. 3. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (XVII—XVIII стст.). Мінск: Современная школа; Экоперспектива, 2007;

Вялікае княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 1—3. Мінск: БелЭн, 2005—2010;

Гудавичюс Э. История Литвы. Т. 1. С древнейших времен до 1569 года. М.: Фонд имени И.Д.Сытина; Baltrus, 2005.

© Валерый Пазднякоў, 2014

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.