Артыкулы: бровар

бровар (польск. browar ад ст.-ням. broawer), вытворчая пабудова, дзе варылі піва, гналі гарэлку. Назва вядома з пач. 16 ст. Размяшчаліся ў велікакняжацкіх і прыватнаўладальніцкіх замках, дварах феадалаў, пры корчмах. Звычайна будавалі каля вадаёмаў. Складаліся, як правіла, з хаты (цёплага памяшкання), каморы і сенцаў. Часта разам з Б. пад адной страхой будавалі лазню, кухню, пякарню, саладоўню з сушыльняй, варыўню, дзе захоўвалі гародніну і харчовыя прыпасы. У Б. знаходзіліся печы, піваварныя катлы, прыстасаванні для выганкі гарэлкі. Звычайна Б. былі невялікія, на 2—3 катлы. У радзівілаўскім Б. ў Крычаве было 12 катлоў, за суткі ён даваў 110 вёдраў гарэлкі. Як правіла, пры Б. адкормлівалі жывёлу (кормам былі брага і інш. адходы ад вінакурства і піваварства). Звычайна на Б. працаваў майстар-віннік і 3—4 падсобныя работнікі. На больш буйных Б. працавалі віннік, падвіннік, работнікі пры заторы, пры цэбрах, жыгалы пры печах, скотнікі, бондары, вучні. З-за таго, што права прапінацыі належала дзяржаве і феадалам, сяляне не трымалі уласных Б. Яны маглі карыстацц за плату панскім Б. для прыгатавання гарэлкі і піва на святы, багамолле, вяселле і інш.

Літаратура:

Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901. С. 442—446;

Мелешко В.И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII—XVIII в.). Мн., 1975.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.